Упершыню кафэ “Gaudeamus БДУ” прымала самых незвычайных наведнікаў. Ахвотнікаў усяго жудаснага і загадкавага, аматараў жахаў чакалі менавіта тут. Вечар пятніцы быў прысвечаны таямнічаму святу Хэлоўін. Як гэта было, мы зараз паглядзім.
Сталовая змянілася: кажаны, прывіды, гарбузы ўпрыгожвалі памяшканне, а на сталах гарэлі свечкі. Вельмі цікавыя (і страшныя!) конкурсы, варажба на будучыню, прыколы і проста добры настрой вабілі кожнага, хто прыйшоў на свята.
Гасцей віталі музычнымі нумарамі. Сваё вакальнае майстэрства дэманстравалі Вікторыя Талан, Вольга Шыбека, Валерыя Казлова, Антаніна Хаценка.
Хлопец з сякерай палохаў гледачоў, непрыкметна з’яўляючыся перад самым тварам.
Ну а больш за ўсё прыцягвалі ўвагу столікі, дзе сядзелі ведзьмачкі, вядзьмакі і гадалкі.
Так званыя «Мясціны страху” мог наведаць кожны. Менавіта тут, прайшоўшы іспыт (а некаторыя конкурсы сапраўды патрабавалі мужнасці), атрымлівалі карткі з чарапкамі. Назбіраўшы больш за дзесяць вось такіх лісткоў, пераможца атрымліваў піцу.
У самым “смачным” спаборніцтве перамагла я.
Патрабаваліся тры ўдзельнікі. Прага салодкага даводзіць хуткасць і канцэнтрацыю ўвагі да такой ступені, што я паспела выкінуць арлом 3 манеткі, апрануць капялюш, шалік і мантыю, вытрыбушыць упакоўку і з’есці палову шакаладкі! З дапамогай… нажа і відэльца. А двое маіх супернікаў ўсё яшчэ спрабавалі кінуць манеткі…
Вялікую папулярнасць мела варажба. Што будзе з кар’ерай, каму належыць тваё сэрца, наколькі вялікай будзе сям’я –усё гэта маглі прадказаць дзяўчаты-варажбіткі.
Мне нагадалі доўгае жыццё і моцнае здароўе, траіх дзетак і шчаслівы шлюб. А вось з кар’ерай, па меркаванні чараўніц, у мяне не зусім атрымаецца. Паглядзім, што будзе праз колькі гадоў :)
Ну а па-сапраўднаму спалохаў конкурс з куфрам. Патрэбна было дастаць пярцёнак, не гледзячы. Вось туды засунуць руку я адважылася сапраўды не адразу. Нават зазірнула пад стол (можа, там сядзіць студэнт і хапае за пальцы?). Заплюшчыўшы вочы, я рынулася на пошукі.
Бр-р-р… У скрынцы яўна было нешта слізкае. Пахла зеллем. Рука дакранулася да плоці. Мой карацель ветліва распавёў пра разарваных пакутнікаў, чые кавалкі якраз-такі я і мацаю. Мой віск, напэўна, пачулі на вуліцы.
У выніку я яшчэ доўга пераводзіла дух і мыла рукі. Скрынка была напоўнена ўсяго толькі пловам з курыцай.
Вечар завяршаўся. Госці лічылі свае чарапкі і атрымлівалі смачныя прызы. Фатаграфаваліся і танчылі. А галоўная мэта – напужаць і напужацца, зрабіць Хэлоўін у гэтым годзе незабыўным – была дасягнута.
Марыя Петрашка, Інстытут журналістыкі, 3 курс
– Увогуле, ССЯА журфака з’яўляецца галоўным арганізатарам. У красавіку нам споўніўся год. І хоць мы паспелі зрабіць нямала, але я, як старшыня, лічу, што заўсёды трэба рухацца наперад, пакараць новыя вяршыні і шмат працаваць.
Кафэ “Gaudeamus БДУ” – выдатная пляцоўка для розных мерапрыемстваў студэнцкіх арганізацый, адкрытая для ўсіх. Я шчаслівая, Хэлоўін удаўся, мне прыемна чытаць радасныя каментарыі задаволеных гасцей. І, вядома, дзякую кафэ за смачныя прызы па выніках нашых конкурсаў і такую файную пляцоўку для мерапрыемства!
Вікторыя Талан, фізічны факультэт, 5 курс
– Насамрэч было вельмі атмасферна і цёпла. Спатрэбіўся час, каб усе разагрэліся і перасталі сядзець на сваіх месцах. Але потым хлопцы і дзяўчаты дружна пачалі ўдзельнічаць у конкурсах і атрымліваць задавальненне ад Хэлоўіна. Студэнты не баяліся здацца смешнымі або пацешнымі. Арганізатарам асобнае дзякуй, яны вельмі адказна падышлі да святкавання. Касцюмы, сама праграма – усё заслугоўвае самай высокай адзнакі.
Я лічу, што такое мерапрыемства можа стать традыцыяй, толькі патрэбна яго рабіць яшчэ маштабней. Каб прыходзілі ў асноўным не толькі студэнты Інстытута журналістыкі, але з іншых факультэтаў. І, канешне, мне было вельмі прыемна ўдзельнічаць самой у канцэрце. Дзякую, што запрасілі!
Забылася на спакойны сон
Таццяна МОРАВА
Яшчэ больш фота тут