На базе Інстытута журналістыкі БДУ з 26 па 29 кастрычніка прайшоў «Тыдзень беларускага PR: Трэнды. Выклікі. Перспектывы». Cерыя мерапрыемстваў была прысвечана Дню PR-спецыяліста, што адзначаецца першага лістапада.
Кожны дзень урокі праходзілі пад пэўнымі тэмамі. За “Тыдзень беларускага PR” абмеркавалі наступнае: “Роля камунікацый у геабрэндынгу”, “Сацыяльныя камунікацыі: асоба, грамадства, дзяржава”, “Арганізацыя мерапрыемстваў/ унутраныя камунікацыі” і “Прафесійныя стандарты камунікацыйнай дзейнасці”. За чатыры дні госці змаглі пабываць на 13 мерапрыемствах. Прафесійнымі навыкамі, думкамі са студэнтамі і гасцямі падзяліліся 40 экспертаў PR-галіны.
Было арганізавана восем майстар-класаў, якія правялі PR-спецыялісты з розных кампаній і арганізацый.
Наталля Грамадскіх, кансалтынгавая кампанія IPR, Belarus, распавяла пра тое, як вывесці прадукт на міжнародную пляцоўку. Тэму “Чалавек як брэнд” раскрываў рэстаратар Вадзім Пракоп’еў. Ігар Горскі, ААТ “Газпрам Трансгаз Беларусь”, расказаў пра арганізацыю працы службы PR у буйных кампаніях. Марыя Бадзіч і Вадзім Девятоўскі з Беларускай федырацыі лёгкай атлетыкі, а таксама Ігар Кольчанка з PR-студыі Sette правялі майстар-клас “Падзейныя праекты як платформа для камунікацый. Кейс POLO марафона ў Мінску”. Вячаслаў Смірноў, кіраўнік PR-аддзела Velcom, і Таццяна Курбат, кіраўнік PR-групы МТС, сустрэліся на ток-шоў “Асабісты брэнд PR-спецыяліста”. Яны растлумачылі слухачам тое, як асабісты брэнд можа станоўча паўплываць на ўладкаванне і працу маладога спецыяліста.
Чатыры круглыя сталы былі прысвечаны найбольш актуальным прафесійным тэмам: “Камунікацыі і дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў прасоўванні пазітыўнага іміджу Рэспублікі Беларусь”, “Карпаратыўная сацыяльная адказнасць: тэхналогіі ці частка камунікацыйнай стратэгіі кампаніі”, “Унутраныя культура і камунікацыя ў арганізацыях ва ўмовах эканамічнага крызісу” і “Прафесійныя стандарты камунікацыйнай дзейнасці”. Па выніках працы круглых сталоў, прынялі рэзалюцыі, якія стануць платформай для дзейнасці айчынных камунікатараў.
Арганізатарамі мерапрыемства выступіла кафедра тэхналогій камунікацыі Інстытута журналістыкі БДУ і Асацыяцыя кампаній камунікацыйных кансультантаў пры падтрымцы кансалтынгавай кампаніі IPR, Belarus і Медыяцэнтра БДУ. Тут таксама значную ролю згулялі студэнты чацвёртага курса спецыяльнасці “Інфармацыя і камунікацыя” ІЖ БДУ. Вось што аб падрыхтоўцы і правядзенні “Тыдня” кажа студэнтка Наталля Станкевіч:
– Мы падзяліліся на групы, якія складаліся з некалькіх чалавек, усе групы атрымалі сваю «зону адказнасці». На кожны дзень была вылучана агульная тэма. Зыходзячы з тэм, мы шукалі спікераў. Куратарам нашай працы была Альшэўская Святлана Алегаўна, дзякуючы якой у нас амаль не было праблем.
Думаю, і арганізатарам, і слухачам было карысна азнаёміцца з кейсамі, з якімі прыходзілі спікеры. Табе па палічках раскладваюць, як ішла арганізацыя таго ці іншага праекта, а пасля ты можаш задаць пытанні, якія цябе цікавяць. Хіба гэта не выдатна? Добры тэарэтычны досвед з практыкі іншых спецыялістаў.
Арганізацыя гэтага мерпрыемства дала мне магчымасць убачыць на справе на каго са сваіх аднагрупнікаў можна пакласціся, а гэтак жа праверыла сваю нервовую сістэму, вытрымку і такую якасць як адказнасць.
Наведванне заняткаў было вольным, але патрабавалася спачатку прайсці рэгістрацыю. Так зарэгістравалася больше чым 350 слухачоў, у лік якіх увайшлі студэнты, выкладчыкі, кіраўнікі малога і сярэдняга бізнесу, спецыялісты ў галіне маркетынгавых і рэкламных камунікацый. Высокі ўзровень цікавасці да «Тыдня беларускага PR» пацвердзіў важнасць і актуальнасць развіцця карпаратыўных стратэгічных камунікацый у нашай краіне.
Алена ЛЯЎШЭНЯ