Старт для будучай кар’еры (+відэа)

13 Nov, 2015.

День карьеры БГУ

Знайсці працоўнае месца маладому спецыялісту, ды яшчэ і без досведу, часам досыць складана. Але, хто веды даў, той і працаўладкавацца дапаможа. 5 лістапада БДУ правёў чарговы «Дзень кар’еры», на які ў галоўным корпусе ВНУ сабраліся сотні студэнтаў розных спецыяльнасцяў.

– Мерапрыемствы такога тыпу, як сёння, праводзяцца для таго, каб дапамагчы выпускнікам знай­сці першае месца працы, гэта робяць усе ўніверсітэты ў свеце. Задача нашага ўніверсітэта не проста навучыць, а, як кажуць, выпусціць у свет, зрабіць усё, каб у нашых выпускнікоў працоўнае жыццё склалася добра, – адзначыў рэктар БДУ Сяргей Абламейка.
Дзень кар’еры пра­водзіцца ўжо трэці год. І з кожным разам збірае ўсё больш пра­цадаўцаў. На во­сеньскі кірмаш вакансій знайсці будучых супра­цоўнікаў прыйшлі каля 20 айчынных і замежных арганізацый у сферы IT, лагістыкі, банкаўскай справы і бізнесу.

День карьеры БГУ
– Мы запрашаем паўдзель­нічаць, безумоўна, усіх. Але ад­кліка­юцца найбольш прад­стаўнікі бізнесу. У нас ёсць ужо пастаянныя партнёры-кампаніі, а ёсць пачаткоўцы, якіх з кожным годам дадаецца, – тлумачыць Наталля Няпеўная, начальнік уп­раў­­лення кадраў БДУ.
Дарэчы, Дзень кар’еры традыцыйна праводзіцца двойчы ў год: увесну і ўвосень. І калі першы кір­маш вакансій больш накіраваны на выпускнікоў ВНУ, якія вось-вось атрымаюць дыплом, то другі хутчэй разлічаны на студэнтаў, якія шукаюць месца стажыроўкі ці варыянт падзаробку.
– Наша кампанія займаецца распрацоўкай і тэсціраваннем праграмнага забеспячэння. Сёння мы можам прапанаваць студэнтам не толькі працу, але і стажыроўку, калі яны паклапоцяцца загадзя. Штогод да нас прыходзіць шмат студэнтаў на практыку. Бо гэта выдатны шанц выявіць сябе, атрымаць досвед і замацавацца ў кампаніі, а для кагосьці і праверыць, ці падыходзіць яму дадзены род дзейнасці, – распавядае Таццяна Давыдава, HR-спецыяліст Qulix systems, і дадае: – Патрапіць да нас маладому спе­цы­ялісту без досведу працы ў прын­цыпе магчыма, галоўнае – жаданне вучыцца і працаваць.

День карьеры БГУ
Кампаніі разумеюць, што, супра­­цоўнічаючы са студэнтамі, неабходна падладжвацца пад іх навучальны працэс, таму ахвотна прапануюць працу з гнуткім гра­фікам.
– Сёння ў нас адкрыты вакансіі ў кантакт-цэнтры для студэнтаў усіх курсаў. Да нас ёсць магчымасць уладкавацца, – распавядае началь­нік аддзела рэкрутынгу МТБанка Кацярына Літвінка. – Для гэтага неабходна прайсці сумоўе са спе­цыялістам аддзела рэкрутынгу, а таксама папярэдняе навучанне. Пры гэтым графік працы будзе гнуткі. Студэнтаў мы не перагру­жаем, таму ў іх ёсць магчымасць сумяшчаць працу і вучобу.
Вядома, уладкавацца на працу за адзін дзень, хутчэй за ўсё, не атрымаецца. А вось ацаніць рынак прапаноў, зарэкамендаваць сябе і завязаць кантакты з магчымым працадаўцам – цалкам рэальна. Да таго ж не ўсе кампаніі на Дні кар’еры маглі прапанаваць месца працы, як той казаў, «тут і цяпер».

День карьеры БГУНапрыклад, у вытворцы чыпсаў «Анега» на дадзены момант адкрытых вакансій няма, але анкеты побач з іх стэндам студэнты ўсё адно запаўнялі з запалам.
– У нас на дадзены момант плануецца адкрыццё новай пляцоўкі завода, адпаведна, будзем пашыраць штат, і ў першую чаргу мяркуем браць маладых спецыялістаў, – каментуе Кацярына Савіч, мене­джар па персанале кампаніі «Анега». – Таму ўжо сёння прапаноўваем зацікаўленым студэнтам запоўніць анкету, з іх мы сфарміруем базу кандыдатаў, якіх па меры адкрыцця вакансій будзем запрашаць на сумоўе.
На працягу мерапрыемства кампаніі не толькі прэзентавалі сябе, але і тэсціравалі патэнцыйных супрацоўнікаў, праводзячы адразу на месцы міні-сумоўі. А таксама спецыялісты правялі шэраг май­стар-класаў, дзе распавялі студэнтам, як, напрыклад, пісьменна скласці рэзюмэ, каб яго сапраўды заўважылі.
Не абышлося на восеньскім кірмашы вакансій і без нова­ўвя­дзенняў. Так, сярод студэнтаў прай­шла дзелавая гульня «Турнір будучых кіраванцаў», у якой яны змаглі прадэманстраваць свае веды і навыкі ў галіне кіраўніцтва і вядзення паспяховых перамоў.

День карьеры БГУСпаборніцтва дазволіла не толькі студэнтам паказаць сябе ў справе, але і працадаўцам ацаніць прафе­сійныя якасці кандыдатаў. Таксама ў рамках мерапрыемства прайшоў «Прадуктыўны нэтворкінг для старту паспяховай кар’еры», дзе студэнты сустрэліся з бізнесменамі і рэктарам БДУ і абмеркавалі з імі актуальныя пытанні, якія тычацца працаўладкавання.
Валерыя БАНДАРЧЫК

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: