Клубны сезон у Беларусі завяршыўся фінальным матчам Кубка Беларусі, у якім наша “Зорка-БДУ” ў шосты раз за год мералася сіламі з “Мінскам”. Выйграўшы ў паядынку, адна з каманд у чацвёрты раз у сваёй гісторыі заваявала б ганаровы трафей. На жаль, нашы спартсменкі не змаглі папоўніць калекцыю ўзнагарод, але падарылі і сабе і гледачам захапляльную дзею.
Мінск – Зорка-БДУ – 2:1
Паядынак актыўней пачалі падапечныя Дзмітрыя Шаўчука. Аднак рэалізаваць тэрытарыяльную перавагу нашай камандзе не атрымалася. Самым небяспечным момантам у першай палове сустрэчы ў “Зоркі” стаў удар у перакладзіну пасля падачы вуглавога ў выкананні Дыяны Тропнікавай. “Гараджанкі” ў сваю чаргу свае моманты рэалізаваць здолелі. Дублем адзначылася Юлія Дубень.
Спачатку футбалістка дакладным ударам завяршылася хуткі напад “Мінска”, а праз шэсць хвілін скарысталася няўзгодненасцю брамніка і абаронцаў “Зоркі-БДУ” і адправіла мяч у пустыя вароты “студэнтак”.
Перапынак пайшоў на карысць камандзе Дзмітрыя Шаўчука. Другі тайм “Зорка” пачала яшчэ актыўней, чым першы. Неўзабаве ціск на вароты “Мінска” прынёс плады. Таццяна Шрамок, прадраўшыся па левым флангу, стукнула па варотах. Мяч, адскочыўшы ад Ганны Казюпы, шмыгнуў у сетку. Неўзабаве Таццяна магла зраўняць лік, аднак ёй не ўдалося рэалізаваць выхад адзін на адзін з брамнікам “гараджанак”.
Такім чынам, наша каманда завяршае сезон на мінорнай ноце, саступіўшы ў вырашальным матчы Кубка Беларусі. Дзякуем футбалісткам і трэнерскаму штабу “Зоркі-БДУ” за насычаны і ўражлівы год!
ФІНАЛ КУБКА БЕЛАРУСІ
Мінск – Зорка-БДУ (Мінск) – 2:1
14 лістапада. Стадыён ФК “Мінск”. 200 гледачоў.
Суддзя: В. Кузьмін (Мінск).
Мінск: Міклашэвіч, Лынько, Эбі, Казюпа, Кенда (Юлія Барысенка, 63), Гіфт (к), Дубень (Ганчарова, 86), Э. Сандзей, Піліпенка, Мірашнічэнка (Бузунава, 58), Нго (Белая, 90+1).
Зорка-БДУ: Васкабовіч, Луцкевіч, Карачун, Слясарчык, Бешцень, Уразаева, Тропнікава (Папова, 89), Ліннік, Шрамок (Маркушэўская, 70), Асташава (к), Шаўчук.
Галы: 1:0 – Дубень (38). 2:0 – Дубень (44). 2:1 – Казюпа (55-с/в).
Папярэджанні: Лынько (79), Тропнікава (88).
Дзмітрый Шаўчук: “Прайгралі праз уласныя памылкі”
На пасляматчавай прэс-канферэнцыі фінальнай сустрэчы Кубка Беларусі галоўны трэнер “Зоркі-БДУ” Дзмітрый Шаўчук распавёў пра прычыны паражэння ў вырашальнай гульні і растлумачыў, чаму ў яго няма прэтэнзій па гульні каманды.
— Атрымалася добрая гульня, годная фіналу. Часта бываюць у такіх сітуацыях нецікавыя цягучыя матчы з мінімумам забітых мячоў. Думаю, гэты фінал стаў выключэннем з правілаў. Была вялікая колькасць небяспечных момантаў. Гледачы ўбачылі тры забітыя мячы, што для фінальнага матчу кубка такі нядрэнна. Гулялі два годныя супернікі, але перамагчы павінен быў адзін. Сёння “Мінск” апынуўся мацнейшым. На жаль – для нас, на радасць – для суперніка.
— Чаго не хапіла “Зорцы”, каб атрымаць перамогу?
— Напэўна, стрыманасці, поспеху і шанцавання. Бо ў нас было прынамсі два стоадсоткавыя моманты за гульню, якія павінны рэалізоўваць. У першым выпадку “Мінск” выратавала перакладзіна, у другім – наша футбалістка не здолела сысці пераможцам пасля выхаду адзін на адзін. Не кожны можа справіцца з хваляваннем, нават адыграўшы на высокім узроўні ўвесь матч. У большай ступені мы прайгралі праз уласныя памылкі. Неаднаразова казаў дзяўчатам, што наш галоўны вораг – гэта мы самі. Дапускаем промахі, якія дазваляюць суперніку абгульваць нас. Футбалісткі “Мінска” гэтак жа памыляліся, але мы не змаглі скарыстацца гэтым. Не будзем спісваць паражэнне на ўмовы надвор’я, форму мяча ці памеры поля. Увогуле, па гульні мы глядзеліся не горш за суперніка.
— Як пракаментуеце момант з другім прапушчаным галом?
— Блытаніна. Меркаваць цяпер складана, бо трэба вывучыць відэазапіс моманту. Калі ўспамінаць па ўражаннях з броўкі, была доўгая перадача, і трое гульцоў не разабраліся, хто павінен быць першым на мячы. Як кажуць, зе нянек многа, там дзіця бязнога. Паспадзяваліся адзін на аднаго. Вось і ўзнікла памылка, якая прывяла да прапушчанага гала.
— Што сказалі камандзе пасля матчу?
— Думаю, варта пачаць адказ з таго, што было сказана перад фіналам. Казаў, незалежна ад таго, як мы згуляем, у памяці павінны захавацца адчуванні самага матчу. Не рэгаліі, ні тытулы. А менавіта адчуванні. Самае дрэннае – гэта прайграць фінал пры дрэннай гульні. Таму вельмі хацеў бачыць у выкананні дзяўчат добры футбол, каб нельга было кагосьці папракнуць. Зайшоўшы ў распранальню ўжо пасля фінальнага свістка, сказаў, што хай мы сёння і прайгралі, але ўпікнуць за якасць гульні я нікога не магу. Вядома, можна папракаць за памылкі, але сёння мы прадэманстравалі якасны футбол у сваім выкананні. Па самааддачы ў мяне прэтэнзій няма. Спадзяюся, заўзятары запомняць гэты фінал.
Паводле інфармацыі прэс-службы “Зоркі БДУ”