Савет зямляцтваў БДУ адсвяткаваў пяцігоддзе. У гонар гэтай падзеі прайшоў святочны вечар «З Днём нараджэння, Cавет зямляцтваў!». Кожны ахвотны мог прыйсці і паглядзець на нацыянальныя танцы, паслухаць народныя песні, пабачыць незвычайныя музычныя інструменты.
Савет зямляцтваў – гэта такая студэнцкая арганізацыя, дзе замежным навучэнцам дапамагаюць адаптавацца. Дзейнасць савета накіравана на ажыццяўленне ўзаемадзеяння замежных студэнтаў БДУ з кіраўніцтвам па пытаннях, часцей за ўсё, навучання і пражывання, некай кансультацыі.
У склад савета ўваходзяць прадстаўнікі самых розных краін. Кітай, Расія, Украіна, Туркменістан, Азербайджан, Казахстан, Таджыкістан, Арменія – гэта далёка не ўвесь спіс.
Студэнтаў з розных куточкаў свету, з рознай культурай і поглядамі на жыццё аб’ядноўваюць агульначалавечыя каштоўнасці: сяброўства, узаемапавага, паразуменне. А яшчэ — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Гузеля Хаджаніязава ў савеце зямляцтваў ужо 4 гады. А з 2014 года студэнтка 5 курса ФМА з’яўляецца старшынёй.
– Я проста люблю гэтую справу. Мне падабаецца арганізоўваць святы, дапамагаць вырашаць пытанні. Насамрэч, сам савет зямляцтваў для мяне больш зрабіў, чым я для яго, – лічыць дзяўчына. – Я змагла тут праявіць свае лідарскія якасці.
Якім жа бачаць савет яго ўдзельнікі?
– Варта пачаць з таго, што савет зямляцтваў БДУ – гэта не толькі студэнцкая арганізацыя, якая аб’ядноўвае ўсіх замежных студэнтаў. Гэта вялікая сям’я. Тут кожны можа праявіць і рэалізаваць сябе як асоба. Існуюць такія мерапрыемствы, якія ўжо сталі візітнай карткай. Напрыклад, Наўруз-байрам (мусульманскі новы год), конкурсы Mister International BSU, International BSU-Cup, Miss International BSU… Такія вечарыны дапамагаюць распавесці пра культуру розных краін, дзе не толькі беларускія, а таксама і самі замежныя студэнты могуць пазнаёміцца з іншай культурай, –адзначае Гузеля.
Афіцыйна ў склад савета зямляцтваў уваходзіць каля 150-200 студэнтаў. У асноўным гэта госці з краін Усходу. Бясспрэчна лідзіруе Туркменістан, Таджыкістан, Азербайджан, Кітай і Турцыя. Ёсць студэнты нават з Грэцыі і Нігерыі. Але сапраўды прыхільнікаў савета велізарная колькасць, хоць хлопцы і дзяўчаты могуць не ўваходзіць у саюз.
Канешне, арганізацыя займаецца не толькі святамі. Кожны ўдзельнік можа звярнуцца па дапамогу.
— У асноўным гэта пытанні, якія тычацца інтэрната, – расказвае Гузеля. – Напрыклад, дамагчыся месца. Савету зямляцтваў вылучаецца 20 месцаў. Канешне, каб атрымаць пакой, трэба добра вучыцца. Але самым лепшым дзеячам, нават пры нізкай паспяховасці, даецца ад нас інтэрнат. Бываюць выпадкі, калі студэнт парушае з нейкай прычыны правілы пражывання. Пры такім інцыдэнце, калі навучэнец актыўны і добра вучыцца, мы стараемся таксама дапамачы.
Радзіма Гузелі – Туркменістан. Сама яна выдатна валодае рускай мовай, бо вучылася на рускім аддзяленні туркменскай школы. А вось што рабіць, напрыклад, кітайцам?
– Калі нехта адчувае недахопы ў ведах і хоча дадаткова папрацаваць, то можна прыйсці ва ўпраўленне міжнародных сувязяў і напісаць заяву. Збіраецца група ахвотных, запрашаецца выкладчык, і праводзяцца заняткі, – каментуе старшыня.
Павіншаваць арганізацыю прыйшлі намеснік начальніка ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Рыгор Пасрэднік, мастацкі кіраўнік упраўлення па справах культуры БДУ Марына Дзенісевіч, старшыня студэнцкай асамблеі БДУ і сакратар БРСМ БДУ Яўген Харук.
У планах на будучыню – праводзіць максімальна маштабныя мерапрыемствы, заклікаць усё больш і больш моладзі. Тварыць новае і захаваць ужо існуючыя ідэі і праекты, расці і развівацца. А самае галоўнае – ісці толькі наперад.
Таццяна МОРАВА
Вiдэа: