Заснавальнік школы метадалогіі гісторыі

16 Nov, 2015.

Сидорцов Владимир БГУ

Прафесару кафедры крыніцазнаўства доктару гістарычных навук УЛАДЗІМІРУ СІДАРЦОВУ споўнілася 80 гадоў.

За без малога паўстагоддзя працы Уладзімір Нікіфаравіч пакінуў вялікі след у развіцці гістарычнага факультэта БДУ. У. Н. Сідарцоў з’яўляецца буйным спецыялістам у галіне тэорыі і метадалогіі пазнання і ўсеагульнай гісторыі. Менавіта яму належала ідэя стварэння кафедры крыніцазнаўства і музея­знаўства. Прафесар У. Н. Сідарцоў стаў першым загадчыкам кафедры (1992). Пад яго кіраўніцтвам была арганізавана першая на постсавецкай прасторы спецыялі­зацыя студэнтаў па гістарычнай інфарма­тыцы. Дзякуючы высілкам У. Н. Сідарцова створана навуковая школа па метадалогіі гісторыі.
У. Н. Сідарцоў – заслужаны работнік аду­кацыі Беларусі, аўтар каля 350 навукова-метадычных публікацый і навучальных дапа­можнікаў, у тым ліку каля 20 кніг. У 2013 г. выйшла яго манаграфія «Навуковы дыскурс гісто­рыка: сацыяльная абумоўленасць і ме­та­да­логія даследавання». Сидорцов Владимир БГУ
Уладзімір Нікіфаравіч нарадзіўся ў вёсцы Клімаўка Гомельскага раёна ў сям’і дырэктара няпоўнай сярэдняй школы і сакратара мясцовай партыйнай арганізацыі. З пачаткам вайны яго бацьку заклікалі ў войска, а маці з Уладзімірам і малодшым сынам Ва­лерыем прыйшлося перажыць акупацыю. Па ўспамінах У. Н. Сідарцова, яны не раз зна­­хо­дзіліся «на валаску ад смерці» і былі змушаны пераехаць да бабулі ў Навабеліцу.
З 1942 г. У. Н. Сідарцоў вучыўся ў школе на акупаванай тэрыторыі «па савецкіх падруч­ніках, але з выразанымі партрэтамі нашых правадыроў і забруджанымі чорнай фарбай іх прозвішчамі…». Яго бацька скончыў вайну ў Кёнігсбергу намеснікам каман­дзіра асобнага батальёна сувязі. Затым дывізію  пера­ды­сла­кавалі ў Кіраў на р. Вятку, куды прыехала і маці з двума сынамі.
Пасля школы У. Н. Сідарцоў у 1953 г. паступіў на гістарычны факультэт БДУ. Падчас вучобы найбольш моцны ўплыў на яго светапогляд аказаў спецыяліст па сусветнай гісторыі прафесар Л. М. Шнеерсон. Пасля заканчэння гістфака У. Н. Сідарцоў працаваў настаўнікам гісторыі, завучам і дырэктарам у сярэдняй школе. У 1962 г. ён паступіў у аспірантуру Ленін­градскага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе пад кіраўніцтвам  прафесара М. А. Карнатоўскага абараніў у 1968 г. кандыдацкую дысертацыю.
Затым працаваў выкладчыкам, старшым выкладчыкам і дацэнтам гістарычнага факультэта БДУ.
У 1988 г. У. Н. Сідарцоў абараніў доктарскую дысертацыю на тэму: «Працоўны клас Беларускай ССР у кіраванні дзяржавай (1921–1941 гг.)», пасля чаго ў 1991 г. стано­віцца прафесарам, а ў 1992 г. стварае ка­федру крыніцазнаўства і музеязнаўства. Дзевяць гадоў У. Н. Сідарцоў кіраваў кафед­рай, прыцягваючы новыя навуковыя сілы для чытання курсаў будучым архівістам і музея­знаўцам.
У 1990-я гг. Уладзімір Нікіфаравіч глыбока цікавіцца праблемамі метадалогіі гісторыі, гістарычнай інфарматыкі, псіхагісторыі. З 1993 г. У. Н. Сідарцоў узначаліў Беларускае аддзяленне Расійскай асацыяцыі «Гісторыя і камп’ютар», а з 1997 г. Беларускую псіха­гіста­рычную асацыяцыю.
Пасля рэарганізацыі кафедры крыніца­знаўства ў 2001 г. ён працягвае працаваць на ёй у якасці прафесара, шчодра дзеліцца сваімі ведамі і досведам з новымі пака­леннямі даследчыкаў. У. Н. Сідарцоў пад­рыхтаваў двух дактароў і 11 кандыдатаў гіс­тарычных навук.
Ад імя ўсіх вучняў і калегаў з гістарычнага факультэта жадаем Уладзіміру Нікіфаравічу дужага здароўя, бадзёрасці, поспехаў у педагагічнай працы і навуковай дзейнасці, новых творчых дасягненняў.
Старшы выкладчык Сяргей КАЎН

Сидорцов Владимир БГУ

print

Вам таксама можа спадабацца: