Ад нашага стала…ідзём да вашага

14 Dec, 2015.

 «Вкусные путешествия" БГУ

«Экс­пер­ты» да дэ­гус­та­цыі га­то­вы!

У нямецкім горадзе Грайфсвальдзе ёсць традыцыя: два разы ў год яго жыхары аб’ядноўваюцца ў каманды і наведваюцца ў госці адно да аднаго. Яны знаёмяцца, частуюцца, а потым ідуць у іншае месца. Студэнткі пятага курса факультэта міжнародных адносін БДУ вырашылі арганізаваць такое ж мерапрыемства ў Мінску. І ў іх гэта атрымалася!

…Нядаўна прайшлі ўжо трэція «Смачныя вандроўкі». Мы сабралі каманду з трох чалавек. Назвалі сябе «Экспертамі» і адправілі заяўку арганізатарам.

Змест вандровак кожны раз мяняецца. Тэмай першых было студэнцкае жыццё, другіх — французска-італьянская кухня, а гэтых — «руская рулетка». Арганізатары выбіралі тры абавязковыя інгрэдыенты і страву, якую будуць гатаваць каманды. Нам дасталіся чыпсы, кукуруза і смятана. З усяго гэтага мы павінны былі зрабіць закуску. Таксама нам далі два адрасы, дзе нас чакалі з асноўным блюдам і дэсертам.

Мы прыгатавалі салату і накрылі на стол. Да нас прыйшлі каманды «Смачных хімікаў» з хімфака і «Неўскі праспект» з філфака БДУ. Даведаліся, што амаль усе дзяўчаты таксама ўдзельнічаюць у мерапрыемстве ўпершыню. Толькі Аня Рэўт з «хімікаў», студэнтка другога курса, ужо выступала ў ролі вандроўніцы. Яна распавяла нам пра японцаў, якія ў мінулы раз запрашалі гасцей: «Мы трапілі на трэцюю страву да каманды «Гейша». У ёй быў хлопец, які прафесійна гатаваў дэсерты. Звалі яго Ю. Ён зрабіў тры віды цірамісу: класічнае, з клубніц і з зялёнай гарбаты «матча», якая спецыяльна была прывезена з Японіі. А ўпрыгожыў іх надпісамі на беларускай і японскай мовах. Было вельмі смачна. Дарэчы, іх страва стала найлепшым дэсертам».

 «Вкусные путешествия" БГУ

Дэ­серт ад «Баль­бі­ны»

Потым усе мы выправіліся да каманды «Лобстэры» ў Рошчу, у інтэрнат БДУ. Там нас чакала не толькі смачная страва, але і святочная атмасфера. Дзяўчаты ўпрыгожылі пакой навагоднімі ліхтарыкамі і гірляндамі, уключылі музыку. Таня Грыдзюшка, пяцікурсніца факультэта міжнародных адносін БДУ, расказала нам пра тое, як іх каманда ў мінулы раз забаўляла гасцей: «На тых вандроўках арганізатары вырашылі арганізаваць яшчэ і конкурс на найлепшую забаву. Таму мы прыдумалі дзве гульні: «Багет знаёмства» і «Угадай-ка». У першай патрэбна было адкусваць ад багета і перадаваць яго суседу. Пры гэтым кожны раз трэба было адказаць на пытанне. Мы задумалі гэтую гульню для знаёмства, таму цікавіліся, з якіх гарадоў нашы госці, які ў іх любімы фільм ці якое хобі. А пераможцу другой гульні прысуджалі ганаровае званне «Сапраўдны француз», таму што гэта была віктарына на веданне гісторыі і культуры Францыі».

Павячэраўшы ў дзяўчат, мы паехалі на дэсерт у завулак Мініна. Цемра. Ідзём туды, невядома куды. У нас ёсць карта, але яна не дапамагае — трапілі ўжо на нейкую будоўлю… Вырашылі патэлефанаваць, і дзяўчынка з каманды «Бальбіна» выйшла насустрач.

 «Вкусные путешествия" БГУ

Сваю стра­ву і гас­цін­насць прэ­зен­туе ка­ман­да «Лобс­тэ­ры»

На дэсерт частавалі тортам. І зноў нам пашчасціла на гаспадароў: у іх камандзе была адна з арганізатараў «Смачных вандровак» Каця Міхайлоўская. Яна падрабязна расказала, адкуль з’явілася такая ідэя: «Зараз мы арганізуем вандроўкі ўдзвюх: я і Анжаліка Дрозд. Дагэтуль з намі была яшчэ і Юля Кірэева, якая і з’яўляецца нашым ідэйным натхняльнікам. Яна была ў Грайфсвальдзе на студэнцкім фэсце і там упершыню ўдзельнічала ў аналагічным мерапрыемстве. Гэта невялікі гарадок, жыццё якога сканцэнтравана вакол вядомага ў Германіі ўніверсітэта. Там кожны семестр арганізоўваюцца такія «вандроўкі», каб пазнаёміць жыхароў і студэнтаў. У мінскіх вандроўках удзельнічаюць каля 30–40 чалавек за раз, амаль усе — студэнты. Ёсць прыкладна пяць каманд, якія гуляюць з намі ўвесь час. Але чым больш людзей — тым больш ідэй!»

На знаёмства з кожным відам стравы ёсць ліміт часу, але на дэсерце мы затрымаліся. Пілі гарбату, елі торт, гулялі і размаўлялі. За дзень наша каманда пазнаёмілася з 18 новымі людзьмі. Пераважна гэта былі студэнты БДУ, але на «дэсерт» трапілі і архітэктары з БНТУ. А пакуль мы вандравалі, неаднойчы чулі пра цудоўную каманду хлопцаў з медуніверсітэта. Кажуць, што ў іх вельмі смачныя стравы і адны з найбольш вясёлых забаў. На жаль, гэтым разам мы да іх не трапілі. Затое ёсць нагода зноў сабраць каманду і выправіцца ў госці!

Надзея АНІСОВІЧ

zviazda.by

print

Вам таксама можа спадабацца: