З прыходам зімы ўсе мы – дарослыя і дзеці – знаходзімся ў чаканні цуду. Сапраўдную зімовую казку падарыў усім БДУ 16 снежня падчас дабрачыннага канцэрта «Дух Каляд» для 150 дзяцей рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра «Ждановічы».
Нягледзячы на тое, што зіма сёлета не спяшаецца пацешыць нас марозам і снегам, у Ліцэі БДУ лунаў дух каляд. Казачныя персанажы, у якіх пераўвасобілася тэатральная група «Мімы БДУ», забаўлялі дзяцей. Дзеці гулялі і танчылі, а пасля паклікалі на свята Дзеда Мароза. Разам з дзецьмі ён вадзіў карагоды і дарыў падарункі. Сярод ахвотнікаў распавесці Дзядулю Марозу верш знайшліся не толькі дзеці, але і іх бацькі. А пасля пачаўся навагодні канцэрт.
Канцэрт адкрыў дзіцячы ансамбль «Лiтарынка», які падарыў тым, хто сабраўся, танец чароўных сняжынак і снегавічкоў. А затым з віншаваннем выступіў рэктар БДУ Сяргей Абламейка. Ён павітаў дзяцей і супрацоўнікаў ДРАЦ «Ждановічы», з якімі ўніверсітэт сябруе ўжо даўно, а таксама выказаў спадзяванне, што студэнты і кіраўніцтва БДУ будуць часцей сустракацца з дзецьмі на падобных святах. Рэктар запрасіў дзяцей паступаць у БДУ, дзе вучыцца самая таленавітая і творчая моладзь краіны.
Павіншавалі дзяцей з надыходзячымі святамі і зоркі беларускай эстрады. На сцэне выступілі гурты «Лэйла» і Napoli, запальны танец выканаў калектыў Pops Foundation, а праспявалі для дзяцей Alen Hit, Вольга Сацюк, Ян Маерс, Аляксей Gross, Улад Чыжыкаў і Самара Хасун. Далучыліся да віншаванняў і творчыя калектывы БДУ: ансамблі танца «Крыжачок» і «Глорыя», фолк-медыя-група «Неруш», фальклорны ансамбль «Тутэйшая шляхта», танцавальны калектыў Freaks, студэнты і выкладчыкі БДУ – Дзмітрый Нікановіч і Антон Мартынаў праспявалі для дзяцей, а Ягор Касякоў у пары з Анастасіяй Бельмач падарылі ім пачуццёвы танец.
Дзеці радасна сустракалі кожнага выступоўцу, танчылі і падпявалі артыстам, а таксама распавялі вядучым пра свае планы на навагоднюю ноч.
Упершыню ў рамках канцэрта прайшла акцыя «Падары радасць дзецям», праз якую ўсе ахвотнікі змаглі прынесці навагоднія падарункі. Дзякуючы мінчанам выхаванцы рэабілітацыйнага цэнтра атрымалі салодкія пачастункі, школьныя прылады і навагоднія цацкі.
З намі падзяліўся сваімі ўражаннямі адзін з вядучых імпрэзы Жан Cянкевіч: «Такія мерапрыемствы адназначна вельмі важныя. Напярэдадні навагодніх святаў выступіць на сцэне – гэта самае меншае, што кожны з удзельнікаў канцэрта мог зрабіць для дзяцей, якія ў гэты дзень былі ў зале. Дзякуй універсітэту, што даў магчымасць стаць адным з удзельнікаў святочнай праграмы «Дух Каляд»».
Дар’я КОЎЗА
Відэа: