Гала-канцэрт ХII адкрытага моладзевага музычнага фэсту БДУ “Такія пернікі” стаў значнай падзеяй у культурным жыцці нашага ўніверсітэта
27 лістапада на ўваходзе ў клуб “Тытан” сабралася шмат моладзі, якая прагнула паслухаць добрую музыку і падтрымаць таленавітых выканаўцаў.
Вікторыя і Кацярына, студэнткі першага курса факультэта міжнародных адносін БДУ, на такім мерапрыемстве ўпершыню. Яны з нецярпеннем чакаюць сваёй чаргі на ўваход, сціскаючы ў руках запрашальныя квіткі.
– Мне падабацца класная музыка, асабліва рок, – распавядае Вікторыя. – Звычайна слухаю групы Nirvana, Linkin Park, а з нашага падабацца група “Дай Дарогу”! Убачыла аб’яву ў метро і вырашыла схадзіць, думаю, будзе крута.
Адмысловым госцем у святочным шоу выступіла група “Чып і Дэйл” – леташні лаўрэат дадзенага конкурсу, а таксама калектыў Rili Dope.
У фэсце бралі ўдзел шэсць музычных калектываў, якія прайшлі ў фінал і сталі ўдзельнікамі гала-канцэрта – “Т-U.BUS”, “Бульвар”, Мindalevidnoe telo, U.g.oslavia, Stand by і ForAboutFrom. Менавіта яны стваралі атмасферу сапраўднага шоу. Музыкі адыгрывалі на ўра, “рвалі” залу і зрывалі апладысменты і захопленыя крыкі гледачоў.
Рэпертуар каманд быў разнастайным: канкурсанты выконвалі кампазіцыі ў стылях рок, фолк-рок, электра-індастрыэл, рэп, хіп-хоп і іншых.
Сёлета меркаванне журы цалкам супала з меркаваннем гледачоў, якія аддалі свае сімпатыі рок-групе Mindalevidnoe Telo. Тым самым, яна стала пераможцам у намінацыі «Лепшая група», а таксама уладальнікам Гран-пры. Гэты калектыў існуе з 2012 і выконвае альтэрнатыўны метал. У студзені 2015 група выпусціла дэбютны поўнафарматны альбом — ADEVA.
Акрамя таго, выявілася яшчэ адна выніковая асаблівасць сёлетніх “Пернікаў”: група U.G.OSLAVIA стала лідарам трох намінацый – “Найлепшае выкананне”, “Найлепшы бас-гітарыст” і “Найлепшая песня”.
Таксама быў адзначаны “Найлепшы барабаншчык” – ён іграе ў камандзе ForAboutFrom, а “найлепшы вакал” гучыць у групе Stand.by. Намінацыя “Найлепшы гітарыст” заслужана дасталася калектыву “Бульвар”.
Прызёраў узнагародзілі памятнымі сувенірамі ў форме нотнага знака і дыпломамі, а пераможцы атрымалі правы папрацаваць у адной з прафесійных студый музычнай кампаніі BOOM.
Фэст з кожным годам набірае абароты, напрыклад, у гэтым годзе ў адборачным туры музычнага конкурсу прынялі ўдзел 42 музычныя калектывы. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне па справах культуры БДУ і адміністрацыя Маскоўскага раёна Мінска. Музычная падзея праходзіла ў рамках Сусветнай кампаніі супраць СНІДу.
Паслухаць усіх удзельнікаў гала-канцэрта можна на старонцы
Юрый ПРАКАРЫМ