Вядомы сацыёлаг член-карэспандэнт РАН Жан Тошчанка выступіў 26 лістапада на факультэце філасофіі і сацыяльных навук з лекцыяй па тэме «Актуальныя праблемы грамадства ў свеце сацыяльных трансфармацый».
Жан Тошчанка з’яўляецца доктарам філасофскіх навук, загадчыкам кафедры тэорыі і гісторыі сацыялогіі, дэканам сацыялагічнага факультэта РДГУ. Акрамя гэтага, ён вось ужо 20 гадоў галоўны рэдактар часопіса «Сацыялагічныя даследаванні».
На лекцыі абмяркоўвалі ролю і месца, новыя аб’екты даследавання, выдаткі развіцця і многае іншае ў сучаснай сацыялогіі. Прафесар адзначыў для студэнтаў галоўную ролю грамадазнаўца – аператыўна адгукацца на якасныя змены працэсаў, якія адбываюцца ў свеце. А таксама даў сваё азначэнне паняццю «сацыёлаг».
Часта пытаюцца, які б я выбраў тэрмін для абазначэння дадзенай прафесіі. Для мяне гэта сацыяльны лекар, які робіць дыягностыку сучаснасці. Той, хто даследуе штодзённасць: чым чалавек жыве і што яго хвалюе, якія мае планы. Такім чынам, мы можам адказаць і на патрэбы навукі, і на патрэбы практыкі.
Жан Цярэнцьевіч прапанаваў сваю трактоўку прадмета сацыялогіі. Справа ў тым, што многія даследчыкі лічаць вывучэнне грамадства сутнасцю навукі.
Але яго вывучаюць філосафы, палітолагі, культуролагі, псіхолагі… На мой погляд, прадметам павінна з’яўляцца грамадская свядомасць. Што чалавек ведае, яго інтарэсы і матывы, як ён гэта рэалізуе і ў якім асяродку, – разважае навуковец.
Горача абмяркоўвалася змена месца сацыялогіі ў жыцці грамадства. Так, сёння амаль усе кіраўнічыя органы маюць свае сацыялагічныя службы, СМІ даволі актыўна выкарыстоўваюць сацыялагічныя дакументы, а сама інфармацыя часам становіцца зброяй палітычнай альбо іншай барацьбы.
Падчас лекцыі таксама абдумвалі тэндэнцыі ў галіне метадалогіі і методыкі, спрэчныя праблемы сённяшняй сацыялогіі, новыя тэорыі і канцэпцыі. Асаблівую ўвагу Жан Тошчанка надаў гістарызацыі.
Падтрытрымліваю ўсе думкі, што патрэбна заўсёды ведаць гісторыю і яе папярэднікаў. Мінулае дапамагае растлумачыць і ўдакладніць некаторыя сучасныя пытанні самой сацыялогіі. І, вядома, гэта дае больш магчымасцяў сацыёлагам у працы.
Аўдыторыя ахвотна разбіралася ў крытычных функцыях сацыялогіі, разглядала крытыку талерантнасці, глабалізацыі. Не абмінулі ўвагай новыя аб’екты даследавання ў эканамічнай і палітычнай сацыялогіі, у сацыяльным і духоўным жыцці.
Падводзячы вынікі, выкладчык падкрэсліў, што першасная задача сацыёлага – звярнуць увагу на праблему і знайсці новую ідэю. Пры гэтым зацікавіць тых, хто зможа вырашыць справу.
Таццяна МОРАВА
Фота Аляксандра ЗАПОЛЬСКАГА
Глядзіце відэа: