22 снежня радыёстанцыі Unistar споўнілася 15 гадоў. У гэты дзень у 2000 годзе з радыёпрыёмнікаў краіны ўпершыню прагучалі пазыўныя 99,5 FM.
У гонар юбілею на радыё прайшоў марафон “15 сяброў Unistar”. Ён стартаваў у сем раніцы і завяршыўся ў дзевяць вечара. У госці ў студыю, размешчаную ў галоўным корпусе БДУ, зайшлі самыя папулярныя беларускія выканаўцы: група J:Морс, «Без білета», Atlantica, а таксама спявачка Аня Шаркунова, якія выканалі свае песні ў прамым эфіры.
Вiдэа:
Кожную гадзіну вядучыя Unistar звязваліся са сваімі былымі і цяперашнімі калегамі з галоўных беларускіх радыёстанцый. У праграме «Офіс дня» са слухачом пазмагалася беларуская біятланістка, трохразовая алімпійская чэмпіёнка, Герой Беларусі Дар’я Домрачава. Дар’я атрымала перамогу, але свой падарунак аддала суперніку. Таксама радыёстанцыю па тэлефоне павіншаваў сябар Unistar Дзмітрый Калдун, які прысвяціў ёй песню, і былы супрацоўнік, папулярны тэлевядучы «Першага канала» Дзмітрый Шэпелеў.
Нагадаем, што сёлета Радыё Unistar 99,5 FM у чацвёрты раз атрымала перамогу на міжнародным конкурсе «Выбар года–2015» і атрымала званне «Радыёстанцыя № 1 2015 года ў Беларусі». Сузаснавальнік радыё Unistar – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Аляксей БАГДАСАР’ЯН