20 снежня Пасол Вялікабрытаніі Брус Бакнел выступіў перад студэнтамі на фізічным факультэце БДУ. Сустрэчу арганізаваў Student English Club.
Лекцыя была прысвечана Балонскаму працэсу на прыкладзе Вялікабрытаніі..
Брус Бакнел адзначыў, што ўдзел у Балонскім працэсе – гэта істотны крок насустрач глабалізацыі і пазнаванні Беларусі на сусветнай пляцоўцы.
Адукацыя ў Злучаным Каралеўстве
Англійская, уэльская і ірландская адукацыя ўяўляюць сабой 13 гадоў школьнага жыцця. Усе дзяржаўныя і прыватныя школы вучаць дзяцей з 11 да 16 гадоў і рыхтуюць іх да атрымання GCSE (General Certificate of Secondary Education) – агульнага пасведчання аб сярэдняй адукацыі, або GNVQ (General National Vocational Qualification) – нацыянальнага пасведчання аб прафесійнай кваліфікацыі. Пасля сярэдняй школы 16-гадовыя англічане здаюць фінальныя школьныя экзамены на А-ўзровень, якія ўключаюць у сябе 3–4 прадметы па спецыяльнасці. Вышэйшая адукацыя ўяўляе сабой тры гады праграмы па атрыманні ступені бакалаўра, паслядыпломныя праграмы (магістратура, доктарская ступень) і MBA. Тэрмін «вышэйшая адукацыя» абазначае навучанне ва ўніверсітэтах, каледжах і інстытутах, якія прапануюць атрыманне вучонай або доктарскай ступені.
Адукацыя ў Шатландыі мае некалькі адрозненняў ад брытанскай.
Напрыклад, гэта 12 гадоў абавязковай адукацыі. Фінальныя іспыты ў школе складаюцца з 4–5 абавязковых прадметаў. А таксама трэба вучыцца 4 гады, каб атрымаць першую ступень вышэйшай адукацыі.
Гульня ў рэйтынгі
Кожны еўрапейскі універсітэт, які сябе паважае, хоча апынуцца ў “топе” табліц і спісаў найлепшых вышэйшых навучальных устаноў. У прыклад Брус Бакнел прыводзіць групу «Расэл» (Russell Group).
Гэта элітная група з 24 прэстыжных універсітэтаў Вялікабрытаніі. У сукупнасці на дадзеную групу прыпадае 2/3 усіх даследчых грантаў і фінансавання даследчых кантрактаў у Вялікабрытаніі, 56 % усіх прысуджаных у Вялікабрытаніі доктарскіх ступеняў.
Найбольш уплывовыя ўніверсітэтык Оксфард і Кембрыдж. У складзе Оксбрыджа вучацца адны з самых паспяховых студэнтаў больш чым з 20 краін свету.
Таксама папулярнымі рэсурсамі, па якіх можна ўбачыць найлепшыя універсітэты з’яўляюцца спісы газеты «Таймс», «Гардыян» і «Поўнага універсітэцкага гіда» (The Complete University Guide).
Крочым у Еўропу
Пачатак адліку Балонскага працэсу вядомы. 18 верасня 1988 г. была створана Вялікая хартыя ўніверсітэтаў. Ва ўніверсітэце горада Балонні яе падпісалі 755 універсітэтаў з 80 краін.
Вось некалькі характарыстык, якія робяць Балонскі працэс адметным.
Па-першае, акадэмічныя свабоды. Наяўнасць акадэмічнага братэрства і студэнцкай асамблеі.
Па-другое, інстытуцыянальная аўтаномія. Гэта значыць, што кожны ўніверсітэт можа валодаць сваім статутам, наборам правоў і свабод, а таксама вядзе ўласнае развіццё.
Па-трэцяе, дзейнічае правіла: «Вучоба, выкладанне і даследчая дзейнасць». Гэта значыць, што кожная з гэтых трох частак прымяняецца да ўсіх удзельнікаў працэсу: студэнтаў, выкладчыкаў і г. д.
Па-чацвёртае, эфект спаборніцтва. Балонскі працэс уяўляе сабой адкрытае навучанне для людзей з усіх краін, таму і спецыялістаў, якія прэтэндуюць на пэўную працу, становіцца з кожным годам больш.
Па-пятае, акадэмічная мабільнасць. Усе ўдзельнікі Балонскага працэсу могуць навучацца і абменьвацца вопытам ва ўніверсітэтах ва ўсім свеце.
Другім этапам развіцця Балонскага працэсу варта лічыць Лісабонскую канвенцыю. У 1997 г. ЮНЕСКА прызнала кваліфікацыі студэнтаў, якія вучацца ў Балонскім працэсе.
Праз год у Парыжы ў Сарбоне 25 мая 1998 г. паміж Францыяй, Германіяй, Італіяй і Злучаным Каралеўствам была падпісана дэкларацыя аб гарманізацыі еўрапейскай сістэмы вышэйшай адукацыі.
У пошуках “Адкрытай зоны еўрапейскай вышэйшай адукацыі” падпісанты выказалі жаданне заахвочваць змены ў іх сістэмах вышэйшай адукацыі, каб “павысіць мабільнасць” і прывесці да “яшчэ больш цеснага супрацоўніцтва».
Пасля гэтага асновай Балонскага адукацыі сталі тры цыклы: бакалаўрыят, магістратура, дактарантура. Іншым важным складнікам з’яўляецца наяўнасць крэдытаў, якія выкарыстоўваюцца як універсальная сістэма ацэнкі ведаў.
Плюсы Балонскай сістэмы паводле Бруса Бакнела:
- Атрымліваючы ступень, ты таксама можаш выкладаць і займацца даследаваннямі;
- Дзякуючы акадэмічнай мабільнасці можна вучыць, вучыцца і ўбачыць Еўропу;
- Адукацыя каціруецца не толькі ў краінах Балонскага працэсу, але і ва ўсім свеце.
Каб не страціць такія магчымасці, спадар пасол рэкамендуе ўсім беларускім студэнтам:
- Не губляць час марна, а вучыцца;
- Пашыраць свой акадэмічны вопыт, удзельнічаючы ў адукацыйным працэсе;
- Навыкі, навыкі, навыкі – гэта значыць, важная не толькі тэарэтычная падрыхтаванасць, але і практыка;
- Трэба ўмела падзяляць навучанне і даследаванне.
Напрыклад, Брус Бакнел распавёў, што адзін акадэмічны год для яго сыноў роўны 60 крэдытам, або 1500–1800 гадзінам навучання.
Пра арганізатара: Student English Club – гэта некамерцыйны праект, які зладзілі студэнты. На сайце суполкі “УКантакце” арганізацыя пазіцыянуе сабе як месца для тых, хто шукае сяброў і цікавыя сустрэчы на англійскай мове.
Фаіна НАКАНЕЧНАЯ