Памятаю, як у дзяцінстве сцягваў прасціну з ложка, завязваў яе сабе на шыю і бегаў па кватэры, трымаючы ў руках «меч» — маміну качалку для цеста. Мне здавалася, што я супергерой, які ўмее лётаць і абараняць людзей ад небяспекі.
Узімку разам з хлопцамі з двара будавалі велізарныя снежныя крэпасці. У тыя імгненні мы станавіліся непераможнымі ваярамі, і кожны абараняў свой замак ад «іншаземцаў».
Час прайшоў, але мы не перасталі прымяраць выдуманыя вобразы ў сваім паўсядзённым жыцці. Толькі гэта ўжо не дзіцячыя жарты, а неад’емная частка нашага існавання.
Сацыяльныя сеткі даюць магчымасць быць не тым, хто ты ёсць на самой справе, а тым, кім хацелася б.
З аднаго боку, гэта і добра. Сціплы, нерашучы ў жыцці, «УКантакце» ці «Аднакласніках» ты можаш стварыць удалы вобраз цікавага, камунікабельнага маладога чалавека, які з лёгкасцю пазнаёміцца з любой прыгожай дзяўчынай, і падтрымліваць з ёй прыемную гутарку.
Калі ты не можаш рэалізаваць свае мары ў рэальным жыцці, Інтэрнэт — гэта тое месца, дзе можна, здаецца, здейсніць усё.
Асноўнымі карыстальнікамі сацыяльнай сеткі з’яўляюцца падлеткі. Гэта і так усім вядома. Нашы бацькі не вельмі рады таму, што большую частку вольнага часу мы праводзім за камп’ютарам у віртуальнай прасторы. Але яны і самі — тыя яшчэ хітруны. Напрыклад, матулі старанна выбіраюць фотаздымкі, дзе на іх твары няма ні адной маршчынкі, яны, адзетыя ў прыгожыя сукенкі, стаяць на фоне мора ці дарагой машыны. Для дарослых сацыяльная сетка — гэта у першую чаргу, не зносіны, а магчымасць паказаць сябе з выгоднага боку. На іх віртуальнай пляцоўцы ідзе няспыннае спаборніцтва — хто чаго дасягнуў у жыцці.
Сучасны чалавек, на жаль, хавае свой сапраўдны твар пад маскай, нават пад шматлікімі маскамі. На кожны выпадак у яго падрыхтавана новае аблічча. Часам мы самі забываемся, хто мы ёсць на самой справе. Чалавек настолькі зліваецца з выдуманым вобразам, што вельмі часта губляе сябе ў велізарным свеце фальшывых пачуццяў.
На паверхні — глянцавая вокладка: добрае месца працы, прыгожая вопратка, дарагая парфума… А што ўнутры? Унутры — пустата, адзінота, абыякавасць, няўпэўненасць, непаразуменне, адсутнасць перажыванняў і канкрэтных жыццёвых мэтаў.
Пад уплывам сацыяльных сетак мы нярэдка забываемся пра свой уласны стыль маўлення, пра свае індывідуальныя, непаўторныя якасці. Знайшоўшы прыгожы шаблон, мы выкарыстоўваем яго як свой. А куды падзелася наша індывідуальнасць? Чаму мы не шукаем цікавае для сябе ў кніжках, у пазнавальных гуртках, у спорце? Чаму не рэалізуем сябе? Усё проста. За нас гэта можа зрабіць іншы чалавек, навошта сябе напружваць працай?! Узяў гатовае — і карыстайся.
А ці спрабаваў ты быць абстрагаваным ад сацыяльных сетак і чужога меркавання? Думаю, не. Але выйсце ёсць… Каб ізаляваць нас ад сацыяльных сетак і Інтэрнэта, трэба не проста адключыць камп’ютар, трэба паляцець на іншую планету, каб не было ніякіх сродкаў сувязі. Вось тады будзе зразумела, як мы на самой справе залежым ад віртуальнага свету.
Для мяне гэта ўжо менавіта залежнасць. Не было дня, каб я не зайшоў прагледзець сваю пошту і навіны сяброў. І кожны раз лаўлю сябе на думцы: чаму нельга патэлефанаваць сябру проста так, без усялякай на тое прычыны. Гэта ж так прыемна! Яшчэ лепш было б сустрэцца дзе-небудзь за кубачкам гарачай гарбаты.
Сучасная моладзь не жыве поўным жыццём. Здаецца, што мы нікому не патрэбныя. А чаму? Тэма адзіноты пастаянна фігуруе ў сацыяльных сетках. Начытаешся — і ўвесь час песімістычны настрой.
Майму пакаленню яшчэ крыху пашанцавала. Я яшчэ памятаю, як гуляў у вайнушку, тузаў дзяўчат за косы, збіраў для матулі букеты з палявых кветак. Гэта назаўсёды застанецца для мяне добрым успамінам пра дзяцінства. Я разумею, што засцерагчы дзяцей і падлеткаў ад уздзеяння Інтэрнэта і сацыяльных сетак немагчыма, бо куды ні глянь — усюды ёсць доступ да камп’ютараў і іншых электронных «дэвайсаў».
На мой погляд, станоўчых рысаў сацыяльных сетак няшмат, але ўсё ж такі яны ёсць. Дзякуючы ім можна з лёгкасцю падтрымліваць сувязь з тымі, хто далёка ад нас жыве, выкарыстоўваць іх для дзелавых камунікацый. Мы залежым ад сацыяльных сетак, але разам з тым можам скараціць гэту залежнасць да мінімуму.
Ніколі не забудуся, як бегаў па кватэры, прыкідваючыся супергероем, які абараняў людзей ад небяспекі. Я не змяніўся. Зараз я таксама ратнік, неабыякавы да людзей. Хачу, каб кожны меў права на самавызначэнне і змагаўся за сваё ўласнае меркаванне, быў актыўным, зацікаўленым, са сваім поглядам на жыццё, а не з штампаванымі меркаваннямі і ідэаламі.
Арцём БАСАЛЫГА