Што прымушае юную дзяўчыну гарбець над талмудамі, якія выйшлі з-пад пяра прымудроных старцаў, і марыць пра шырокі распаўсюд энерганезалежных тэхналогій? Перспектыўная студэнтка фізічнага факультэта Соф’я КАВАЛЕНКА прыадкрыла заслону будняў маладога навукоўца.
— Чаму ты вырашыла займацца навукай?
— Уся сям’я звязана з прыродазнаўчымі навукамі, таму з дзяцінства мне падсоўвалі “правільныя” кнігі. Сюды я адношу фантастыку, біяграфіі цікавых людзей: асабліва мне падабаўся Роберт Вільямс Вуда (збольшага, таму пайшла ў оптыку). Канчатковы ж выбар зрабіла, пакуль вучылася ў ліцэі.
— Якія дасягненні з’яўляюцца найбольш значнымі для цябе?
— Напэўна, найбольш значным для мяне з’яўляецца тое, што апошнія тры гады мае навуковыя працы атрымлівалі першую катэгорыю на рэспубліканскім конкурсе студэнцкіх прац. Не так даўно ў Санкт-Пецярбургу я выйграла грант на публікацыю ў часопісе Journal of Phisic. У мяне мноства дыпломаў за найлепшыя даклады на розных міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях, але найбольш значны – гэта атрыманы на Міжнародным з’ездзе біяфізікаў адразу пасля заканчэння першага курса. Сёлета я стану выпускніцай кафедры лазернай фізікі і спектраскапіі фізічнага факультэта, з чым непасрэдна звязана сфера маіх навуковых інтарэсаў.
— На чым канкрэтна ты спецыялізуешся?
— Галоўным чынам, мае навуковыя працы звязаны са стварэннем аптычнага абсталявання, яго праектаваннем і наступнай працай на ім.
За час вучобы ў БДУ маімі тэмамі былі: стварэнне шматканальнага нефелометра (прыбор, які па сігнале рассейвання рэгіструе кінетыкі фізічных характарыстак клетак); стварэнне комплексу імітацыйных мер (гэта праца ў галіне фотадынамічнай тэрапіі: мы стваралі з дапамогай фарбавальнікаў на падкладках аптычныя аналагі тканак пацука для эканоміі лабараторных жывёл); стварэнне малагабарытнага спектрометра (памерам з далонь) і шматлікае іншае. Дарэчы, нефелометр укаранёны ў навучальны практыкум, спектрометр атрымаў вельмі высокія водгукі на некалькіх міжнародных канферэнцыях (асабліва з боку маскоўскіх і піцерскіх калегаў).
— Ці сутыкалася ты з прафесійнай дыскрымінацыяй?
— З дыскрымінацыяй не сутыкалася ніколі. У беларускай навуцы шмат жанчын-навукоўцаў. Хутчэй не дыскрымінацыя, а здзіўленне часам сустракалася. Бывала, жартавалі: “А паяльнік з плойкай не блытаеш?” і г. д.
— Якое сёння становішча беларускай навукі, на твой погляд?
— Беларуская навука трымаецца на ўзроўні. Нас ведаюць, і з намі супрацоўнічаюць за мяжой, праектамі цікавяцца. Хоць трымаецца яна, думаю, на нашых прафесарах і іх напрацоўках. На новыя праекты, якія могуць прыцягнуць фундатараў, патрэбныя гранты, якія так проста не дастаць. З іншага боку, ёсць тэарэтычныя даследаванні, дзе не патрэбныя грошы на абсталяванне, але атрымаць фінансаванне на праект, у канцы якога не атрымаеш рэальны прадукт, таксама нялёгка. Наша навука знаходзіцца на годным узроўні, і, спадзяюся, будзе жыць, нягледзячы на штогадовае скарачэнне рэсурсаў АН і ўцечку маладых спецыялістаў за мяжу.
— Ці ёсць у цябе досвед міжнароднага супрацоўніцтва?
— Шмат разоў удзельнічала ў міжнародных школах (гэта доўжыцца тыдзень-два), больш за ўсё спадабалася школа фізікі цвёрдага цела ў г. Дубна ў Расіі. Пра стажыроўкі думала шмат разоў, але і БДУ можа даць адукацыю на ўзроўні вядучых ВНУ свету. На стажыроўкі, думаю, варта ездзіць, калі для тэмы навуковай працы трэба некаторае абсталяванне, якога ў нас няма (а такое бывае часта). Бывае, што група ў іншай краіне працуе па той жа тэме і запрашае кагосьці як спецыяліста. У нас мноства ўнікальных цікавых і неверагодна кваліфікаваных выкладчыкаў на факультэце. Не раз было, калі на канферэнцыях я размаўляла з замежнымі навукоўцамі і пасля яны дзівіліся, што я яшчэ студэнтка (гэта было на 2-3 курсе). Не, я не выглядаю дарослай :) На адной з канферэнцый у мяне нават прамоклі ўсе рэчы, і я рабіла даклад у байцы з малюнкам жывёл трусоў. Усё было звычайна, нават атрымала дыплом за найлепшы даклад.
— Чым ты яшчэ захапляешся апроч навукі?
— Я займалася разнастайнымі відамі танцаў ад усходніх да ірландскіх. Мне вельмі падабаюцца водныя байдарачныя паходы (займаюся з 2 гадоў), вучу замежныя мовы для адпачынку галавы. Вось цяпер штудзірую французскую.
— Ці перспектыўна, на твой погляд, быць навукоўцам у нашай краіне?
— Думаю быць навукоўцам усюды складана, трэба вучыцца ўсё жыццё, хапацца за свае выпадковыя ідэі і адэкватна ацэньваць, ці можна з іх што-небудзь атрымаць. Трэба сачыць за сусветнымі дасягненнямі і рашэннямі, каб не адставаць, і, вядома, думаць, як перадаць і захаваць свае веды і працы, ці будуць яны карысныя грамадству. У кожнай краіне свае цяжкасці. Я не лічу, што мяне можна ўжо назваць беларускім навукоўцам, я магу меркаваць толькі як студэнтка, якая яшчэ не ведае амаль нічога. Калі чалавеку цікава і па першым часе ён згодны грэцца аб сваю цікавасць, а не аб батарэю, то найлепшай прафесіі не прыдумаеш. А далей, я думаю, усё будзе справядліва ацэнена.
Алёна ЯКАВЕНКА