Базон Хігса ў аснове Сусвету (+відэа)

29 Jan, 2016.

Хуан Гильермо Суарес БГУ исследование бозона ХиггсаЗагадчык лабараторыі фундаментальных узаемадзеянняў НДІ ядзерных праблем Хуан Гільерма СУАРЭС вось ужо 26 гадоў пражывае ў нашай краіне, абзавёўся вялікай сям’ёй і дамогся значных поспехаў у навуковай дзейнасці. На сёння Хуан Суарэс з’яўляецца адным з вядучых навукоўцаў БДУ, а яго рэйтынг цытавання складае больш за 28 тысяч (індэкс Хірша роўны 48). Нядаўна прэзідыум НАН Беларусі высока ацаніў унёсак навукоўцаў БДУ ў даследаванні базона Хігса, сярод іх адзначаны і наш суразмоўца.

– Хуан, распавядзіце, як Вы апынуліся ў нашай краіне.
– Медэльін – сталіца дэпартамента Ант’ёкія, адкуль я родам, з’яўляецца прамысловай сталіцай Калумбіі. Мая сям’я была небагатай, бацька і маці выхавалі дзесяць дзяцей. Бацька быў з працоўнага асяроддзя. На маю вучобу ў замежнай ВНУ паўплываў выпадак. Аднойчы ў 1969 г. майго бацьку па прафсаюзнай лініі прэміявалі аз­наямленчай паездкай у Маскву. Безумоўна, бацька быў уражаны: універсітэты і студэнцкая моладзь, масквічы, лад жыцця савецкіх лю­дзей… У той час да краін так званага трэцяга свету была прыкавана ўвага дзвюх наймацнейшых краін – СССР і ЗША. У прыватнасці, да Калумбіі. Нам здавалася, што на побытавым узроўні людзі ў гэтых розных краінах жывуць аднолькава добра. Тады ў Савецкі Саюз, і ў прыватнасці ў Беларускую ССР, прыязджалі студэнты з розных краін свету. Калі я прыбыў у Мінск, то таксама мог абраць універсітэты Масквы і Ленінграда. Але сталіца Беларусі мне вельмі спадабалася! І я застаўся тут, у БДУ.
– Каго Вы называеце сваім настаўнікам у прафесіі?
– Доктара фіз.-мат. навук Мікалая Шумейку. Ён з’яўляецца каардынатарам працы па некалькіх сумесных праектах у Аб’яднаным інстытуце ядзерных даследаванняў (Расія) і Еўрапейскай арганізацыі ядзерных даследаванняў (CERN, Швейцарыя). Таксама ён беларускі прадстаўнік у міжнародным эксперыменце CMS на звышмагутным еўрапейскім паскаральніку LHC. Шумейка – фізік з сусветным імем.
– Даўно хацела даведацца ў фізікаў: што дасць свету даследаванне базона Хігса? Бяс­платную энергію? Неўміру­часць?

new-research-casts-doubt-on-discovery-of-the-god-particle

Базон Хігса

– Ні тое і ні другое. На Вялікім адронным калайдары навукоўцы ўзнавілі ўмовы, якія былі ў раннім Сусвеце. Важна было зразумець, як разгортваліся працэсы эва­люцыі Сусвету, па сутнасці, яго ўзнікненне за долі секунды пасля Вялікага выбуху. Праз адзін планкаўскі час (10-44 секунды) пасля гэтай падзеі, паводле сучаснай тэарэтычнай фізікі, граві­тацый­ныя сілы адлучаюцца ад астатніх сіл. Базон Хігса, адказны за ме­ханізм з’яўлення мас у элементарных часціц, выяўлены падчас выпраба­ванняў у Вялікім адронным калайдэры на адзнацы 10-12 секунды.
Адкрыццё ў 2012 г. базона Хігса ў ЦЕРН, якое пацвердзіла тэорыю Браўта-Энглер-Хігса, стала кульмі­на­цый­ным момантам у шматгадовай гісторыі даследаванняў, у якіх удзельнічала мноства навукоўцаў з усяго свету. Аднак яно не з’яў­ляецца апошняй кропкай у развіцці даследаванняў па фізіцы элементарных часціц.
Дарэчы, акрамя беларускіх наву­коўцаў, якія ўдзельнічалі ў дасле­даваннях ЦЕРН, міжнарод­нае прызнанне атрымалі і айчынныя вытворцы. Так, завод імя Каст­рыч­ніцкай рэвалюцыі быў узнагаро­джаны 4 дыпломамі ЦЕРН за стварэнне дэтэктараў для ВАК. Дзя­куючы гэтаму нашы спецыя­лісты запрошаны да далейшага супра­цоўніцтва ў рамках праекта LHC.
– Чым займаліся нашы на­вукоўцы ў межах калабарацый ATLAS і CMS?
– Навукоўцы БДУ зрабілі істотны ўнёсак у стварэнне вузлоў і дэталяў дэтэктара ATLAS. Напярэдадні яго запуску інжынеры НЦ ФЧВЭ ажыц­цявілі манціраванне і тэсціраванне нізкавольтных крыніц сілкавання датчыкаў гэтай устаноўкі. Важкі ўнёсак зроблены ў распрацоўку, стварэнне, наладку, запуск і бесперабойнае функцыянаванне паглы­нальнікаў і сістэм падвескі кантавых адронных каларыметраў дэтэктара CMS, а таксама ў цыкл прац па электроніцы счытвання сігналаў пярэдняй мюоннай стан­цыі CMS. Нашы навукоўцы бралі ўдзел у раз­ліках, мадэ­ляванні і апрацоўцы дадзеных па ідэнты­фікацыі фонавых працэсаў для выяўлення базона Хігса. Сумесна з калегамі з іншых краін была распрацавана тэхналогія стварэння крышталяў для датчыкаў дэтэк­тараў часціц высокіх энергій…2933_2007s
 – Давайце адарвёмся ад невядомых большасці чытачоў высокіх энергій і звернемся да старога «знаёмага» – штучнага інтэлекту. Цяпер столькі спрэчак вядзецца вакол нашай будучыні.
– Бадай, найбольш важным у сучаснай гісторыі чалавецтва было б стварэнне квантавага камп’ютара, аднак на гэты конт меркаванні навукоўцаў падзяліліся. Вядомы фізік Стывен Хокінг год назад выказаў асцярогу наконт штучнага інтэлекту (Artificial intelligence – AI – заўв. аўтара). Сэнс зводзіўся да таго, што AI здольны знішчыць чалавецтва. Тады яго падтрымалі вельмі многія вядомыя людзі, у тым ліку і Біл Гейтс. Калі выказаць здагадку, што мы, людзі, здольныя ў будучыні паскорыць эвалюцыю з дапамогай геннай інжынерыі, то AI ўсё адно нас пераможа. Закон Мура кажа, што камп’ютары падвойваюць хуткасць свайго «мыслення» і аб’ём памяці хутчэй за чалавека, кожныя 18 месяцаў. І з нагоды шту­чнага інтэлекту спрачацца мо­жна бясконца!
– Хуан, у Вас калумбійскі паш­­парт. Вы знаёмыя з досведам даследчай працы ў ЗША, Германіі, Расіі. Пад сцягам якой краі­ны выступаеце на сімпо­зіумах?
– Пад беларускім. Я – фізік Беларускага дзяржаўнага ўніверсі­тэта.Хуан Гильермо Суарес БГУ исследование бозона Хиггса

– Тады што бясспрэчна Вам падабаецца ў беларусах?

– Працавітасць! Мабыць, гэта агульная рыса, якая аб’ядноўвае нашы краіны. І яшчэ адна характэрная рыса, якую я хачу адзначыць: эмацыйная вытрыманасць ці, дакладней, стрыманасць беларусаў.

– Я ведаю, што Ваша вялікая і дружная сям’я абжылася ў сельскай мясцовасці, за 30 кіламетраў ад Мінска. Як Вы там асвоіліся? Снежныя зімы не выклікаюць настальгію?

– Як ні дзіўна, снегу я рады. А вось пэўны час таму назад на мяне вельмі ўплываў кароткі светлавы зімовы дзень. Але цяпер я да гэтай з’явы прыроды прыстасаваўся.

— Напэўна, Вам дапамагаюць пераадолець наш клімат стравы калумбійскай кухні?
— Не толькі. Хоць я рыхтую свае фірмовыя стравы з фасоллю, мясам і рысам. Але і дранікі любім. Дарэчы, на сваім агародзе мы вырошчваем бульбу, кабачкі, моркву … А вось кабачкі ў Калумбіі не культывуюцца.

– Дзякую за гутарку. Поспехі ва ўсіх распачынаннях!

P.S.

Безумоўна, шматлікія пытанні так і засталіся неагучанымі. Мне вельмі хацелася спытаць пра праблемы з сістэмай GRID, пра момант нараджэння Сусвету, пра эпоху нараджэння класічнай прасторы-часу і тэорыі Вялікага Выбуху! Але акрамя свецкай гутаркі, на жаль, Хуана Гільерма Суарэса займалі і сямейныя справы. Чалавек ён заняты. Пры гэтым, як добры бацька, ведае, чым займаюцца яго сямёра дзяцей на працягу дня. І я ўпэўнена, ён –муж, які кахае. Вось толькі, гэтулькі гадоў пражыўшы ў асяроддзі беларусаў, Хуан таксама навучыўся стрымліваць свае лацінаамерыканскія эмоцыі! Але мы яшчэ сустрэнемся і пагаворым пра сям’ю!

Гутарыла
Жанна ВАСАНСКАЯ

Вiдэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: