Залежнасць ад камп’ютарных гульняў існуе, і гэта можна лёгка даказаць. Першае, на што хацелася б звярнуць увагу, гэта адмаўленне самога гэтага факту. Спытайце ў любога гульца, ці залежны ён. У 90% выпадкаў адказ будзе відавочны: “Вядома, не, калі я захачу – я перастану гуляць”. Нічога не нагадвае?
Насамрэч, задумайцеся. Што гулец шукае ў віртуальным свеце? Як чалавек, які сам не супраць пагуляць у камп’ютарныя гульні, магу сказаць: задавальненне, прызнанне, можа, нават славу. Гэту залежнасць можна прыраўняць да наркатычнай. Калі дамагаешся пэўных вынікаў у чарговай стратэгіі ці шутары, на дасягнутым спыняцца не хочацца. Жаданне працягваць нарастае і нарастае. Асновай любой гульні з’яўляецца пераадоленне якіх-небудзь перашкод, рашэнне задач, уменне хутка знайсці выйсце з сітуацыі. Самае цікавае пачынаецца ў той момант, калі ўсё атрымліваецца. Як толькі поспех ап’яніў цябе і даў адчуць сябе значным хоць у чымсьці – ты ў пастцы. Стваральнік гульні атрымлівае “лаўры” ў якасці яшчэ аднаго адданага фаната яго тварэння.
Такія маленькія перамогі ў віртуальным свеце прымушаюць цябе зноў і зноў садзіцца за манітор і пачувацца вялікім. Усё проста – прыйшоў дахаты, уключыў камп’ютар. Пстрычка. Забываеш пра ўсе праблемы, якія цябе пераследуюць, няхай гэта будзе сварка з каханым чалавекам ці непрыемнасці ў школе (універсітэце). Якія могуць быць цяжкасці, калі ты эльф 80-га ўзроўню?
Калі ты паважаны і далёка не апошні грамадзянін альтэрнатыўнай рэальнасці? Абсалютна любыя непрыемнасці ў рэальным жыцці здадуцца пылам на фоне тваіх дасягненняў ва ўлюбёнай гульні.
“Час – грошы”, казаў Бенджамін Франклін. Каб гуляць добра, трэба вельмі шмат часу, якога нам так бракуе. Думаю, што кожны, хто хоць аднойчы гуляў, пагодзіцца са мной, што час у гульні адчуваецца па-іншаму. Раніцай за камп’ютар сеў – і панеслася. Вокам міргнуць не паспееш, а ўжо вечар, і нічога з таго, што запланаваў, не зрабіў. Такая сітуацыя паўтараецца дзень пры дні. Выкарыстоўвайце свой час з розумам!
Нервовы, запальчывы, раздражняльны. Усе гэтыя прыметнікі дастасоўныя да гульца, так скажам, высокага ўзроўню з “мільёнам” гадзін анлайн і характэрным целаскладам.
Што да раздражняльнасці, з упэўненасцю магу сказаць: яна ўласцівая абсалютна кожнаму гульцу. Усякае бывае ў жыцці, але калі раптам не склалася ў гульні – канец. Кожны, хто знаходзіцца зблізку гульца, атрымае порцыю негатыву. Няхай гэта будзе мама, бабуля ці кот, што мірна адпачывае. З крыкамі “гэта ўсё праз цябе!” носішся па ўсёй кватэры, пагаршаючы і без таго складаныя адносіны ў сям’і. Як толькі запал пацішэе, просіш прабачэння. Прабачаць, вядома, але прыемнага ў гэтым мала, а вінаватага знайсці няцяжка – варта толькі зазірнуць у свой камп’ютар.
Вы бачылі хоць аднаго мускулістага геймера з ідэальнай паставай? Выкажам здагадку, што бачылі ці самі такім з’яўляецеся, але ўся ж пераважная большасць да такіх не адносіцца. Няма часу – няма прыгожага цела. Усё проста. Зрабіўшы некалькі нескладаных высноў, можна здагадацца, што такія “хлапчукі” не карыстаюцца аўтарытэтам у жаночай паловы чалавецтва. Хочаце быць такім жа? Наперад!
Арцём БАСАЛЫГА