Двухколавы сябра, або Ці лёгка жыць веласіпедысту?

5 Feb, 2016.

 велосипедГэтым летам здзейснілася адна з маіх самых запаветных мар: на дзень нараджэння мне падарылі новага сябра — веласіпед. Мне здавалася, што цяпер усе дарогі для мяне адкрытыя, а на маім шляху на працу ўжо не сустрэнецца ніякіх перешкод… Але ж быць веласіпедыстам у сталіцы не так лёгка, як падаецца на першы погляд. Мне давялося пазнаёміцца з многімі цяжкасцямі пасля таго, як я накіравала свайго “двухколавага каня” на найбліжэйшую веладарожку. І ў першы ж вечар я пачала вучыць правілы дарожнага руху.

 Насамрэч, менавіта гэта – першае, што павінен зрабіць кожны веласіпедыст, які паважае сябе і шануе свайго двухколавага сябра. Але, на жаль, нават калі вы дасканала вывучылі і ведаеце кожны пункт правілаў, якія датычацца менавіта руху на веласіпедзе, гэта не азначае, што і астатнія іх прытрымліваюцца. Першая і, хутчэй за ўсё, адна з самых галоўных праблем – нелюбоў паміж веласіпедыстамі і пешаходамі. Так, у свядомасці гараджан веласіпедная дарожка часта асацыюецца з пешаходнай, і таму на велатрасе можна сустрэць мам з каляскамі, бегуноў і проста людзей, якія няспешна шпацыруюць, цалкам пагружаныя ў свае думкі, ды яшчэ і ў навушніках. З аднаго боку, я іх разумею: гладкае, роўнае пакрыццё — так зручна, але вось праблема: веласіпедысты таксама любяць такое пакрыццё, больш за тое —маюць на яго поўнае права.Чым і карыстаюцца, развіваючы рыстойную хуткасць на роўных участках шляху. А гэта, як вы разумееце, багата на сумныя наступствы… Так што пешаходам варта добра падумаць, перш чым выходзіць на шпацыр па веладарожцы.велосипедист

Але, грамадзяне-веласіпедысты, чытаем уважліва пункт 4.5.1 правілаў дарожнага руху: “Веласіпедная дарожка. Дазваляецца рух толькі на веласіпедах, а пры адсутнасці тратуара або пешаходнай дарожкі — і рух пешаходаў, пры гэтым пешаходы не павінны ствараць перашкод для руху веласіпедыстаў. На знак можа быць дадаткова нанесены сілуэт пешахода”. Так што варта прыгледзецца да знака, які пазначае веласіпедную дарожку, —ці няма на ім маленькага «чалавечка», які тым не менш патрабуе паважлівага стаўлення. Калі ёсць, супакойваемся, узмацняем увагу і кантралюем хуткасць. Мабыць, гэта праблема можа быць вырашана шляхам выразнага размежавання веласіпедных і пешаходных дарожак. А пакуль яны будуць аддзеленыя адзін ад аднаго толькі белай лініяй, намаляванай на тратуары, канфлікт інтарэсаў непазбежны. Так што будзьце вельмі ўважлівыя!

Асвойваючы ўсе тонкасці веласіпеднай навукі, хутчэй за ўсё вы сутыкняцеся з такой праблемай: бардзюры на скрыжаванні веладарожак з праезнай часткай бываюць вельмі высокімі, што стварае пэўныя цяжкасці ў іх пераадоленні. Каб пазбегнуць траўманебяспечных сітуацый, раім спешвацца перад пешаходным пераходам. Асабліва калі вы зусім нядаўна сталі шчаслівым уладальнікам уласнага «жалезнага каня» альбо проста з сябрам вырашылі ўзяць веласіпеды на пракат.

Часта веладарожка заканчваецца ў месцы скрыжавання з праезнай часткай або, горш за тое, упіраецца ў прыпынак грамадскага транспарту або газон. Таму варта быць асцярожным, выязджаючы на незнаёмую трасу, асабліва калі вы папярэдне не знайшлі водгукаў пра яе больш вопытных калег.

На магістральнай веладарожцы ёсць некалькі арачных мастоў праз Свіслач, якія выклікаюць неадназначнае стаўленне. Аматары трукаў ад іх у захапленні, а пачаткоўцы веласіпедысты і прыхільнікі спакойнай фітнэс-язды вымушаныя праходзіць гэтыя ўчасткі пешшу, бо круты ўздым і такі ж спуск для іх сумнеўнае задавальненне.

І велапаркоўкі. Вядома, іх колькасць павялічылася ў апошнія гады, але ўсё ж гэтага недастаткова. Таму, перш чым выязджаць у пункт прызначэння, удакладніце наяўнасць велапаркоўкі побач. І не забывайцеся пра несумленнасць некаторых людзей – веласіпедны замок вы можаце набыць у любой краме, дзе прадаюць веласіпеды і запчасткі да іх. На гэтым неад’емным атрыбуце не рэкамендую эканоміць, а лепей купіць два: адным прышпіліць колы да рамы, другім – раму да нерухомага аб’екта. Убачыўшы некалькі замкоў на вашым ровары, рабаўнік наўрад ці зоймецца вашым роварам і пройдзе міма.

Надзея КАЧАЕВА

велосипед

print

Вам таксама можа спадабацца: