Скончыць школу, паступіць у ВНУ, знайсці прэстыжнае месца працы, выйсці замуж/ажаніццца і, нарэшце, абзавесціся спадчыннікамі. Такі ідэалістычны ланцужок жыццёвых крокаў разгортваецца ў думках кожнага чалавека. А што, калі пачаць з канца? Так, мама пяцігадовай Даны і нядаўняя выпускніца факультэта журналістыкі Аліна ДЗМІТРОВІЧ на ўласным прыкладзе даказала, што ад перамены складнікаў сума не змяняецца.
-З будучым мужам я пазнаёмілася ў сетцы “Укантакце”. Перапісваліся, сустрэліся. Гісторыя нашага кахання не была прасякнута духам авантурызму, шалёных подзвігаў і г. д. Усё разгортвалася ціха, мірна, але я ні на хвіліну не сумнявалася, што гэта мой чалавек. Кажуць, ёсць каханне з першага погляду, у нас жа гэта звязана з першымі словамі. Праз год мы ажаніліся. Шлюбную сукенку мне пашыла сястра свекрыві. Я не аматар пышных святкаванняў, таму вяселле ладзілі дома, у сямейным коле. А праз колькі месяцаў на свет нарадзілася наша дачушка Дана. У гэты перыяд ішла ўступная кампанія, таму той год адбыўся насычаным на падзеі.
-Я вельмі хвалявалася, як універсітэцкае асяроддзе ўспрыме маё цікавае становішча, а яно было ўспрынята па-рознаму, але ніколі не забуду словы намесніка дэкана журфака Вольгі Самусевіч. Ішоў сёмы месяц цяжарнасці, і я павінна была прынесці ёй бальнічны ліст. Стоячы пад кабінетам, думала, як буду чырванець пад яе неўхваляльным позіркам. А Вольга Міхайлаўна так глянула ў паперку і весела заўважыла: “О, будзе нам яшчэ адна прыгажуня!”.
-Аднагрупнікі першы час пабойваліся мяне, лічылі, што раз я ўжо мама, дык значыць нейкая не такая. Але потым прайшло ўсё гэта, мяне прынялі як сваю, з некаторымі завязаліся цесныя сяброўскія адносіны. Я не з тых маладых мамачак, якія занатоўваюць кожны крок свайго дзіцяці ў сацыяльных сетках, кожную гутарку імкнуцца ўзвесці ў свой бок, таму недахопу ў сябрах у мяне няма.
-Што датычыцца дзіцячых хвароб і неабходнасці часта выходзіць на бальнічны, то тут мне вельмі пашанцавала з нашымі бабулямі. Так супала, што, калі нарадзілася Дана, свякроў выйшла на пенсію. Таму, калі што і здаралася, то ў мяне заўсёды была надзейная падтрымка. Вядома, калі дачушка была зусім маленькая, даводзілася прапускаць заняткі, сядзець каля яе, але дзеці хутка растуць, таму гэты перыяд мы неяк перажылі.
-Я ніколі не лічыла сябе асаблівай на фоне іншых. Падчас заняткаў, залікаў, экзаменаў да апошняга не раскрывала выкладчыкам свой “сакрэт”. Нават калі пыталіся, чаму прапускала заняткі, выдавала агульнае “па сямейных абставінах”. Былі тыя, хто дапытваўся, а па якіх такіх абставінах, тады ўжо прыходзілася расказваць пра дзіцё. Пачуўшы пра наяўнасць дачкі, хтосьці ставіўся больш лаяльна да адказу, хтосьці, наадварот, выказваў сваё “фі”. Я лічу, што наяўнасць дзіцяці не апраўдвае непадрыхтаванасць да заняткаў, таму заўсёды старалася нічым не выяўляць сваё становішча, а вучыцца на роўных.
-Як толькі нарадзілася Дана, муж, тады яшчэ студэнт мехмата, знайшоў часовую падпрацоўку. Браўся за ўсё, каб пракарміць сям’ю. Нейкі час нават працаваў на сталеліцейным заводзе. Універсітэт дапамагаў матэрыяльна, паступала перыядычна сацыяльная дапамога, тыя ж білеты на ёлку давалі пад новы год.
-Мой муж чалавек сціплы, таму каханне сваё выказваў праз рэальныя ўчынкі, а не фанабэрыстыя выступы. Ён не дарыў мне абярэмкі ружаў, не спяваў серэнады, але ён не спалохаўся адказнасці і падтрымаў тады, калі мне было асабліва неабходна. І я ні пра што не шкадую. Так, першы час было складана, фастфуд быў частым госцем на нашым стале, я фізічна не паспявала сачыць за бездакорнай чысцінёй у хаце, але, магчыма, менавіта праз такія церні і вызнаецца сапраўднае каханне. Кожны тыдзень мы даём адзін аднаму “перадышку”. Гэта значыць, што мы можам паасобку правесці пэўны час, я магу сустрэцца са сваімі сяброўкамі, а ён – папіць піва ў сваёй кампаніі. Зараз мы купілі ўласную кватэру (да гэтага жылі то ў мужавых бацькоў, то ў маіх). Я лічу сябе сучаснай, “прасунутай” мамай. У мяне ёсць добрая адукацыя, ёсць праца, муж і дачка, а ўсё астатняе прыкладзецца.
Алёна ЯКАВЕНКА