«… Мне лянота было пісаць сачыненне і я проста яго зарыфмавала »

8 Feb, 2016.

Катерина Ровдо "Водар Белага наліву" БГУ21 студзеня ў чытальнай зале Фундаментальнай бібліятэкі БДУ прайшла прэзентацыя кнігі «Водар Белага наліву» маладой паэткі Кацярыны Роўды.

На прэзентацыю кнігі «Водар Белага наліву», назва якога крыецца ў адным з вершаў Кацярыны, прыйшло шмат людзей – тыя, з кім яна звязаная па сваёй рабочай дзейнасці і тыя, хто проста знаёмы з ёю.

Нарадзілася яна ў в. Савічы Валожынскага раёна. Праз 6 гадоў, перад пачаткам школы пераехала з бацькамі ў в. Адамова. Скончыўшы школу, паступіла ў Маладэчанскі прафесійна-тэхнічны ліцэй. Пасля яго заканчэння пайшла вучыцца ў Беларускі дзяржаўны універсітэт і ўжо на другім курсе, уладкаваўшыся на працу бібліятэкарам, здабыла своеасаблівую сям’ю ў калектыве Фундаментальнай бібліятэкі БДУ.

Пасля невялікага вуснага прадстаўлення віноўніцы імпрэзы, дзе было расказана аб асабістых дасягненнях маладой аўтаркі, перад прысутнымі выступіла Кацярына Роўда. Сярод запрошаных гасцей быў і пісьменнік Анатоль Мікалаевіч Зэкаў, які чытаў практычна самыя першыя вершы маладой пісьменніцы, і назіраў тую творчую іскарку, якая зараджалася ў дзяўчыне яшчэ шмат гадоў таму. Сваёй падтрымкай, парадамі, даў своеасаблівы штуршок будучаму аўтару яшчэ больш развівацца ў сваёй творчасці. У далейшым пасадзейнічаў згуртаванню аматараў мастацкага слова, якое неўзабаве стала папулярным клубам творчых людзей з сімвалічнай назвай «КЛУмБа».

Катерина Ровдо "Водар Белага наліву" БГУ

Як прызнаецца Кацярына, спачатку яна да канца не ўсведамляла, што піша вершы: «Не раз, калі мне даводзілася доўга ісці пешшу, я нешта напявала, прыдумляла, складала некалькі радкоў, якія ў далейшым магла наспяваць на музыку ўжо вядомых аўтараў. І, мабыць, першае мой ўсвядомлены верш, гэта калі нам у школе задалі на тэму шчасця напісаць сачыненне і мне лянота было яго пісаць, — смяецца Кацярына. — Таму я проста яго зарыфмавала. А калі мяне яшчэ і пахвалілі за яго, то падумала, што магчыма ў мяне нядрэнна атрымліваецца і варта паспрабаваць складаць новыя радкі, але падыходзіць да гэтага ўжо больш сур’ёзна ». Аднак істотную ролю ў развіцці творчасці юнай Каці адыграла яе бабуля Рэня, якая верыла ў яе, падтрымлівала і пераконвала сваю ўнучку, што трэба пісаць, што ўсё абавязкова атрымаецца. У гонар яе і прагучалі цудоўныя аўтарскія радкі Кацярыны, верш, які, на мой погляд, больш за ўсё закрануў сэрцы прысутных. Прывяду некалькі радкоў:

«… Прости меня за всё, моя родная!

Себя я не пытаюсь оправдать.

Ведь жизнь, она короткая такая.

А я могла и чаще приезжать…

 

Ты часть себя в меня, бабуль, вложила.

От детства и до самых взрослых лет

Вскормила, воспитала, научила

Быть честной, независимо от бед …»

На працягу ўсяго творчага мерапрыемства ў адрас маладой і таленавітай паэткі гучалі не толькі словы віншаванняў, падзякі і ўдзячнасці за гэты асабісты творчы ўклад, але і песня на словы Кацярыны ў выкананні блізкай сяброўкі Аліны Карпіцкай, таксама студэнткі філалагічнага факультэта.

Людзі, розныя па службоваму становішчу, працягласці зносін з Кацярынай асабліва падкрэслівалі ў сваіх словах яе чалавечыя якасці. На першае месца ставілі добразычлівасць, адкрытасць, спагадлівасць і прастату.

У вершах маладой паэткі прасочваецца і пейзажная лірыка – любоў да родных мясцін, і любоў да сваёй сям’і, родных, а таксама асабістыя перажыванні аўтара. Як расказвае Кацярына, сваё натхненне яна чэрпае з паўсядзённых дробязяў: «Бывае, я прыходжу дадому вельмі стомленай, але калі бачу зіхатлівыя вочы сваіх дзяцей, мужа, дык радуюся разам з імі. Галоўнае натхненне для мяне — гэта шчасце маіх родных і блізкіх».

Прэзентацыя зборніка вершаў Кацярыны Роўда «Водар Белага наліву» была завершана аўтограф-сесіяй.

Марына МІКЛАШЭВІЧ

Фота аўтара

Катерина Ровдо "Водар Белага наліву" БГУ

print

Вам таксама можа спадабацца: