Неўзабаве распачнецца фестываль “Студэнцкія гульні БДУ-2016”. Ён пройдзе ў суботу і нядзелю ў Ліцэі БДУ. Сорак каманд зарэгістравалася для ўдзелу. Фестываль адкрыты, таму прымаюцца не толькі каманды БДУ. Арганізатары падрыхтавалі 60 пытанняў “Што? Дзе? Калі?”, гуляцца таксама будзе турнір па эрудыт-квартэце, БДУ-квіз па-беларуску і не толькі. Фестываль праходзіць пад кіраўніцтвам упраўлення па справах культуры і клуба інтэлектуальных гульняў БДУ. Рэдакцыя “Універсітэта” разам з Паўлам Свярдловым, адным з кіраўнікоў клуба, уладальнікам Хрустальнай савы ўкраінскага “Што? Дзе? Калі?”, склалі топ-5 пытанняў, якія не адолелі ўдзельнікі папярэдніх турніраў. Зрабілі мы гэта, каб вы крыху сябе адчулі ў скуры знаўцаў.
Пытанне 1
У 1699 годзе французскія маракі пад кіраўніцтвам капітана П’ера Лемойн Д’Ібервіля выйшлі да берага вялікай ракі. Там яны ўбачылі высокі слуп, упрыгожаны акрываўленымі галовамі і скурамі жывёл і рыб. Палова горада, заснаванага на гэтым месцы, складае 37 квадратных міль. Пра які горад ідзе гаворка?
Адказ: горад Ба́тан-Руж, штат Луізіана
Каментарый: Гэтае пытанне гулялася ў папярэднім годзе. Назва горада Батан-Руж перакладаецца за французскай мовы як “Чырвоная палка”, і пайшло яно ад слупа для ахвярапрынашэнняў, які падзяляў тэрыторыю двух індзейскіх плямёнаў. Існуе і яшчэ адна падказка. Палова горада Батан-Руж — гэта быццам бы паўбатона, а адказ на папярэдняе пытанне быў “бутэлька”. Такім чынам, бутэлька і паўбатона — гэта спасылка на песню групы Чайф “Бутылка кефира и полбатона”. Вось як усё проста. Аўтар пытання Павел Свярдлоў
Калі вы не адказалі, віншуем. Вы сустрэлі, мабыць, першы за сёння “гроб”, або, па-беларуску, “труну”. “Трунамі” аматары “Што? Дзе? Калі?” называюць пытанні, на якія вельмі складана адказваць. Яшчэ ёсць “свечкі”. Пытанні, якія хтосьці “запаліў”, то бок яны ўжо праходзілі недзе раней і адказ на іх вядомы. З “дзіцячымі” пытаннямі справіліся амаль усе. Хай тым, хто не адказаў, будзе сорамна.
Пытанне 2
Ян Непаму́к — чэшскі святы, цела якога пасля смерці скінулі ў раку Влтаву. Згодна з адным даведнікам, дзякуючы безлічным копіям сваёй статуі Ян Непамук атрымаў статус самага вядомага ГЭТКАГА святога. Калі Аляксандра ГЭТКАГА спыталі, хто з рускіх цароў яму бліжэйшы за ўсіх па духу, ён назваў Пятра І, бо ён таксама прарубіў акно ў Еўропу. Што тут заменена словам ГЭТКІ?
Адказ: Маставы
Каментар: Пытанне гулялі ў 2015 годзе. Логіка адказу наступная: калі цела Яна Непамука скідвалі ў раку, трэба падумаць, адкуль зрабіць гэта было зручней. Напэўна, зручней з моста, з Карлавага моста ў Празе, калі быць дакладным. Святы быў кананізаваны ў 1729 годзе і стаў заступнікам у тым ліку і мастоў. Ян Непамук — маставы святы. Другая частка пытання: Футбаліст Аляксандр Маставы, які мае мянушку “Цар”, належыць да першай хвалі расійскіх легіянераў, якія з’ехалі гуляць у Еўропу. Аўтар: Марк Ленівкер (Дортмунд)
Адкуль бяруцца пытанні, растлумачыў Павел Свярдлоў:
— Для трэніровак існуе база пытанняў “Што? Дзе? Калі?”. Туды заносяцца заданні з мінулых гульняў, але для сапраўдных турніраў браць адтуль нічога нельга, бо гэта будуць “свечкі”.
— Таму самы танны спосаб — гэта скласці пытанні самастойна. Ва ўніверсітэцкім “Што? Дзе? Калі?” такі варыянт самы папулярны. Пытанні пішуць Дзмітрый Штукатэр, Ілья Рыпак, Дзмітрый Сыракваш, Павел Свярдлоў.
— Другі шлях — гэты абмяняцца пытаннямі з арганізатарамі іншых ліг і турніраў.
— Нарэшце, можна проста набыць некаторыя пытанні ў аўтараў, якія спецыяльна пішуць для продажу. Можна таксама набыць пытанні, якія ўжо былі разыграны ў іншых лігах і турнірах (нешта сярэдняе паміж другім і трэцім варыянтамі).
Пытанне 3
У Арэнбургу, горадзе, славутым сваімі пуховымі хусткамі, вырабілі самую вялізную хустку памерам 3,6 на 3,6 метра. Што было адлюстравана на гэтай хустцы?
Адказ: герб горада
Каментар: На сапраўды складаныя пытанні не адказаць не сорамна. Але часам трапляюцца і дурныя пытанні. Гэтае, напрыклад, з’явілася ў апошнім туры Лігі БДУ. “Справа ў тым, — тлумачыць Павел, — што нармальная каманда “Што?Дзе? Калі?” не можа адказаць на гэтае пытанне проста “Герб Арэнбурга”. Яна будзе шукаць нейкія падказкі, штосьці, што лагічна вядзе з пытання на адказ. І гэта таксама была труна…”.
Чалавеку з вуліцы складана будзе сесці за стол і адразу пачаць адказваць на пытанні “Што? Дзе? Калі”. У ідэале каманды са сталым складам павінны шмат трэніравацца, каб мець шансы на перамогу. Для стыхійна складзеных каманд больш падходзіць фармат паб-квізаў, або БДУ-квіза, які адбудзецца на фестывалі.
Пытанне 4
Ідэя гэтага пытання з’явілася пасля таго, як аўтар паглядзеў перадачу пра незвычайныя анклавы. 17 чэрвеня 1945 года адзін з нумароў атэля Claridge’s, што знаходзіцца ў Лондане, на адны суткі стаў тэрыторыяй Югаславіі. Прычынай гэтаму сталі ЯНЫ. Назавіце ІХ адным словам.
Адказ: роды
Каментар: Пытанне снежаньскага тура Лігі БДУ 2015 года. Дыпламаты вырашылі зраіць адзін нумар лонданскага атэля тэрыторыяй Югаславіі на адны суткі, бо там збіралася нарадзіць каралева. Жанчына хацела нарадзіць на сваёй зямлі, але вярнуцца ў Югаславію ўжо проста не магла.
І на лігах і на чэмпіянаце інтэрнатў арганізатары абавязкова ўключаюць 2-3 пытанні па-беларуску. А на наступным фестывалі “Студэнцкія гульні БДУ-2016” будзе згуляны БДУ-квіз па-беларуску.
Пытанне 5
Пасля спробы нелегальнага пераходу мяжы СССР ў 1946 годзе джазаваму музыку Эдзі Рознеру давялося ЗРАБІЦЬ ГЭТА 8 гадоў, прычым і ў прамым і ў пераносным сэнсах. Якое слова мы замянілі словамі “ЗРАБІЦЬ ГЭТА”.
Адказ: адтрубіць
Каментар: У пераносным сэнсе Эдзі Рознер “адтрубіў” на Калыме 8 гадоў. А ў прамым начальнік лагера (як выявілася, аматар творчасці Рознера) дазволіў музыку зрабіць з зэкаў аркестр, дзе сам Рознер граў на трубе.
Крыху гісторыі
Афіцыйна інтэлектуальныя гульні ў Беларусі ў гэтым годзе размяняюць трэці дзясятак. 6 чэрвеня 1996 года была заснаваная Беларуская ліга інтэлектуальных каманд. І літаральна праз некалькі гадоў аспіранты гістфака Віктар і Сцяпан Цемушавы арганізавалі лігі ў Ліцэі БДУ і самім БДУ. З часам, калі Сцяпану настаў час абараняць кандыдацкую дысертацыю, ён прапанаваў Паўлу Свярдлову замест яго праводзіць трэніроўкі ў галоўным корпусе БДУ. Такім чынам, ужо каля сямі гадоў Павел з’яўляецца кіраўніком Клуба інтэлектуальных гульняў разам з Дзмітрыем Штукатэрам.
Віталь АРЭШКА