У НДІ ядзерных праблем БДУ працуе шмат навукоўцаў з сусветным аўтарытэтам. Адна з іх кандыдат фіз.-мат. навук Паліна КУЖЫР, загадчык лабараторыі нанаэлектрамагнетызму. Яна распавяла нам пра поспехі і перспектывы лабараторыі, як сумяшчаць навуку і асабістае жыццё і чаму яна вырашыла прысвяціць сябе менавіта фізіцы.
– Паліна Паўлаўна, па дадзеных Google Scholar, Вы з’яўляецеся адным з самых цытуемых навукоўцаў БДУ, як дамагліся такога статусу ?
– Насамрэч, ёсць вялікая розніца паміж персанальным рэйтынгам і рэйтынгам навукоўца, калі ён задзейнічаны ў якой-небудзь буйной навуковай калабарацыі. Мой рэйтынг фарміруецца з двух такіх складнікаў. Паколькі я доўгі час працавала ў галіне фізікі часціц і высокіх энергій, была ўдзельнікам калабарацыі ATLAS у еўрапейскай арганізацыі ядзерных даследаванняў CERN, то значная частка гэтых паказчыкаў таксама паўплывала на рэйтынг. Таму прыпісаць асабіста сабе ўсе дасягненні я не магу, яны ў значнай ступені сфарміраваны працай у камандзе.
– А чым можа ганарыцца лабараторыя нанаэлектрамагнетызму?
– У канцы 2014 г. калектыў нашай лабараторыі ўвайшоў у мегапраект Graphene Flagship – адзін з двух найбуйнейшых еўрапейскіх праектаў з бюджэтам 1 мільярд еўра, у якім будзем працаваць да 2020 г. Мы адзіная каманда на абшарах былога СССР, у якой гэта атрымалася.
Акрамя таго, у нашай лабараторыі ёсць прыкметныя сусветнай навуковай супольнасці вынікі і без удзелу ў калабарацыях. Не так шмат навукоўцаў, якія могуць пахваліцца тым, што схемы з іх навуковых артыкулаў трапілі на вокладку знакамітых часопісаў. А мы дамагліся гэтага. Вось зараз выйдзе артыкул супрацоўнікаў нашай лабараторыі. Сярод іх малады навуковец Дзмітрый Бычанок. Рэдакцыя часопіса Applied Physics Letters (адзін з самых паважаных у галіне фізікі) не толькі апублікуе матэрыял, але яшчэ і разрэкламуе яго праз знакаміты навукова-папулярны партал science daily. А ў студзені 2015 г. два нашы малюнкі з’явіліся на вокладцы Carbon – аўтарытэтнага часопіса ў галіне вугляроду.
– Ваша лабараторыя супрацоўнічае са студэнтамі?
– Мы вельмі зацікаўлены ў моладзі. Кожны год бяром па адным-два студэнты, большасць у нас застаецца потым працаваць. І хоць НДІ ЯП не вельмі моцна сябе рэкламуе на фізфаку, але лабараторыя так доўга супрацоўнічае з факультэтам, што выпускнікі і так нас добра ведаюць. Сярод маіх калегаў маладыя аспіранты і магістранты.
– Ці цяжка Вам было вызначыцца з прафесіяй?
– Мне здаецца, што проста выбіраць шлях чалавеку, у якога абсалютныя і адназначныя да чагосьці здольнасці і таленты. Мне якраз няпроста было абраць, куды паступаць. Вагалася паміж біялогіяй і фізікай.
Магчыма, сёння я б паступіла на біялагічны факультэт, гэта навука, безумоўна, сучаснасці і будучыні. Але амаль 30 гадоў назад фізіка была на піку папулярнасці. І не дзіўна, што я спынілася менавіта на ёй. На той момант гэта была адзіная спецыяльнасць і спецыялізацыя (фізіка высокіх энергій), якая дазваляла міжнароднае супрацоўніцтва. А мне вельмі хацелася вывучаць сапраўды цікавыя рэчы, займацца навукай, працаваць у калабарацыях.
– Ці складана сумяшчаць у сабе навукоўца і гаспадыню ў сям’і?
– Усё залежыць ад таго, дзе працуеш. Калі дзіця маленькае, хочацца больш увагі надаваць думкам пра дом, а менш – пра працу (а ўсё-такі фізіка – вельмі сур’ёзная навука). У гэтым сэнсе служба, пасля якой спакойна адпраўляешся дадому, падыходзіць больш.
Цяпер сыну амаль 16, ён маёй пільнай увагі ўжо не патрабуе. Увогуле, я лічу, што дзеці любяць і паважаюць бацькоў тады, калі бацькі любяць і паважаюць сябе. Таму азвярэла мясіць катлеты, замест таго каб пайсці і хутка штосьці купіць, я не буду, гэта не самае галоўнае.
У НДІ ЯП, з аднаго боку, думкі ўвесь час круцяцца вакол даследаванняў, вопытаў. І, бывае, працуеш з раніцы да ночы. Да прыкладу, мы пачалі супрацоўнічаць з біяфізікамі, калі ідзе эксперымент з жывой клеткай і ты не можаш гэта адкласці. Можна прыйсці ў 6 раніцы і сысці ў 12 ночы. Але з іншага боку – калі працуеш у навуковым інстытуце, ты вольны вырашаць, калі камфортней штосьці рабіць. Калі зручней пісаць навуковы артыкул ці справаздачу, калі прыйсці пазней ці сысці крыху раней, каб заняцца надзённымі справамі.
– Дык як жа ўсё паспяваць і падтрымліваць узровень? Ёсць рэцэпт?
– Я не ведаю ніводнага чалавека, якому ўдавалася б сапраўды паспяхова ўсё сумясціць. Сёння ад навукоўцаў патрабуюцца не толькі высілкі ўласна па навуцы, сёння трэба быць мабільным і паваротлівым, прыкладваць старанні, каб знайсці спонсараў на чарговы праект. Таму часу на родных і блізкіх застаецца значна менш, чым было б варта. Але сям’я з разуменнем да гэтага ставіцца.
– Якія найбліжэйшыя перспектывы ў лабараторыі нанаэлектрамагнетызму?
– Дагэтуль мы займаліся ўзаемадзеяннем электрамагнітнага выпраменьвання з нанаматэрыяламі. Цяпер мы ўжо самі навучыліся іх сінтэзаваць, прычым дзякуючы таму, што не варымся ва ўласным соку, а супрацоўнічаем з камандамі па ўсім свеце. Гэта вельмі паважаныя навуковыя калектывы, кожны ў сваім кірунку з’яўляецца піянерам. Да прыкладу, каманда Кавалёвай з Новасібірскага інстытута каталізу. Яны адзіныя з усёй Расіі рабілі вусны даклад на канферэнцыі вугляроднай нанатрубкі ў 2014 г.
Таксама ў сферы працы па нанатрубках, па сінтэзе супрацоўнічаем і з іх найбліжэйшымі калегамі, з Інстытутам неарганічнай хіміі. Адносна графену працуем з вельмі моцнай камандай з Фінляндыі. Што тычыцца порыстых вугляродных структур, аэрагеляў, пен мы супрацоўнічаем з піянерамі ў гэтай галіне французскай камандай універсітэта Нансі, яны шмат гадоў запар прызнаюцца найлепшай матэрыялазнаўчай лабараторыяй Францыі.
А наступны крок у нашай працы – перайсці ад матэрыялаў да якіх-небудзь невялікіх прылад ці элементаў прылад. Ужо не толькі прапаноўваць і вывучаць прынцыпы прац, але, можа, паспрабаваць штосьці зрабіць і самім, штосьці абсалютна новае.
Гутарыла
Таццяна МОРАВА