У студзені ў БДУ адбыўся круглы стол «Якім будзе рынак працы Беларусі ў 2016 годзе». Спецыялісты ў галіне рынку працы, прадстаўнікі бізнесу і ўніверсітэта, пагадзіліся з высновай, што сёлета прыйдзецца цяжка нават сталым спецыялістам, не кажучы ўжо пра маладых. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі, што можа зрабіць універсітэт у гэтых абставінах, што рабіць самім студэнтам і што чакае ад сістэмы адукацыі бізнес. Круглы стол стаў часткай адукацыйнага праекта «HR-універсітэт БДУ», мадэратарам якога выступіў Сяргей КАЛЕСНІКАЎ, кансультант па арганізацыйным развіцці і персанале Pro Retail.
«HR-універсітэт БДУ» – адукацыйны курс для кіраўнікоў і ўладальнікаў кампаній на базе Белдзяржуніверсітэта. HR (з англ. Human Resources) – узаемадзеянне з патэнцыйнымі і дзейнымі супрацоўнікамі.
Мы падрыхтавалі падборку найбольш цікавых тэм, якія закраналі на круглым стале.
Аляксей Данільчанка, прарэктар па вучэбнай рабоце: «У 2016 г. сістэма адукацыі прадставіць прыкладна такую ж колькасць выпускнікоў, як і ў 2015. Калі сітуацыя на рынку працы моцна не пагоршыцца, то нашы выпускнікі знойдуць попыт. А вось наступны год, 2017, будзе яшчэ цяжэйшы, таму што ў многіх нашых навучальных установах будзе двайны выпуск праз накладанне 4- і 5-гадовай праграмы навучання. Паўстае пытанне, ці зможа рынак працы змясціць усіх нашых спецыялістаў. Праблема складаная яшчэ і тым, што цяжка прагназаваць рынак працы. І тыя прагнозы, якія робіць і Міністэрства адукацыі, і Міністэрства эканомікі, і іншыя дзяржаўныя органы, як паказвае практыка, не спраўджваюцца. Мы рыхтуем спецыялістаў па накатанай схеме і не ўяўляем тую сітуацыю, якая можа скласціся на рынку працы. Хоць мы і рыхтуем добрых спецыялістаў, працадаўцы не заўсёды задаволены іх якасцю».
Трэнд 2015 года – падзенне вакансій і рост шукальнікаў працы
Святлана Шапорава, дырэктар «Работа.TUT.BY»: «У мінулым годзе мы назіралі падзенне вакансій пры росце рэзюмэ. Гэта гаворыць пра тое, што кампаніі не проста не пашыраліся і не набіралі дадаткова супрацоўнікаў, але і дзесьці памяншалі [колькасць персаналу] і не адкрывалі новыя пазіцыі. А рост рэзюмэ сведчыць, што выплеснулася нейкая колькасць людзей на вуліцу. Значыць, па некаторых пазіцыях, магчыма, пайшлі скарачэнні. Становішча пагаршалася з канца 2014 года да красавіка. У красавіку сітуацыя крыху стабілізавалася, але ў чацвёртым квартале [з кастрычніка] сітуацыя зноў крыху пагоршылася і колькасць рэзюмэ пачала расці, нягледзячы на святы людзі пачалі шукаць працу, хоць гэта і не характэрна для сезона. І колькасць вакансій зноў паменшылася. <…> Калі ў 2014 годзе трэндам была праца з моладдзю, то ў 2015 такой тэндэнцыі мы не назіралі, а ўся работа была накіраваная на ўтрыманне ключавых супрацоўнікаў».
На партале «Работа.TUT.BY» за 2015 год вакансіі ўпалі на 14,9%, а колькасць рэзюмэ павялічылася на 20,6%.
Ірына Шаткоўская, дырэктар кадравага агенцтва «Калекцыя адкрыццяў»: «Калі да нас звярталіся за падборам персаналу, шукалі ў асноўным або спецыялістаў «некалькі ў адным» (каб гэта быў і «тэхнар», і эканаміст, і спецыяліст па камунікацыі), або, наадварот, вельмі вузкіх, унікальных спецыялістаў. Шукаць бухгалтарска-эканамічных спецыялістаў у нас сталі значна меней. Тое самае з інжынерна-тэхнічнымі спецыялістамі і спецыялістамі ў галіне будоўлі..
Па меркаванні Ірыны Шаткоўскай, не страцілі прывабнасць для працадаўцаў у 2015 годзе «айцішнікі», спецыялісты ў галіне продажу, маркетолагі. Стабільным застаўся попыт на лагістаў.
Чаму кіраўнікі не хочуць браць моладзь
Сяргей Прыходзька, дырэктар дэпартамента кіравання персаналам ЗАТ «Альфа-Банк»: «Таму што, узяўшы моладзь, трэба адцягнуцца ад сваёй асноўнай работы і займацца маладымі супрацоўнікамі. Але я адзначу, што тыя кіраўнікі, якія ўзялі моладзь і рэальна ўлілі ў іх і сэрца і душу, потым атрымалі самую вялікую аддачу, якой бы яны ніколі не атрымалі ад наёмнага працаўніка з вопытам і сфарміраваным жыццёвым стылем».
Аляксандр Машко, намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і персанале ЗАТ «Атлант»: «Асноўныя рынкі праселі, унутраны рынак таксама прасеў. Што рабіць? Нам трэба сціскацца. Калі сціскацца, стаўка робіцца на ключавых супрацоўнікаў. І зразумела, што ў гэтых абставінах для студэнтаў застаецца ўсё менш і менш месца».
Па дадзеных намесніка генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і персанале ЗАТ «Атлант», завод скараціў планы прыёму маладых спецыялістаў у два разы.
Чаго не хапае студэнтам
Ірына Шаткоўская: «Выпускнікі ўніверсітэтаў выходзяць з завышанымі чаканнямі. Я, напрыклад, не ведаю, на падставе чаго ў іх складаецца такое адчуванне сваёй каштоўнасці. Да 1000 долараў яны не хочуць разглядаць вакансіі. Я зараз не кажу пра «айцішнікаў». Я не ведаю, як яны вырашаюць гэтую праблему. Нас перыядычна запрашаюць на розныя дні кар’еры, і мы прыводзім розныя прыклады, каб яны рэальна ацэньвалі свой патэнцыял. Для іх больш істотна рабіць кар’еру. Трэба разглядаць, у якую кампанію трапіш. І гэта будзе значна важней, чым узровень заробку».
Аляксандр Машко: «Сённяшнім студэнтам трэба разлічваць на наступныя рэчы: патрабаванні знізіць і ў той жа час быць практычна з першага дня лаяльнымі да новага працадаўцы. Перагрэты рынак працы ў 2012–2013 гадах дазволіў суіскальнікам думаць, што можна прыйсці на працу і нічога не рабіць, і табе ўжо калі не тысячу, то пяцьсот долараў абавязкова дадуць. І гэта сітуацыя спрацавала супраць працадаўцаў, бо склалася катэгорыя, якая бегала ад працадаўцы да працадаўцы, не ўяўляючы асаблівай каштоўнасці».
Ірына Шаткоўская: «Ім трэба быць іншымі. Малады спецыяліст павінен разумець, што ён прапануе рынку. Адукацыя – гэта толькі асновы. У большасці нашых студэнтаў не хапае асабовых якасцяў. Дайце агонь у вачах, дайце адказнасць. Не трэба без пяці хвілін шэсць бегчы з працы. Куды, калі ты толькі прыйшоў працаваць?! Рабі больш, пакажы, што ты лаяльны. Не трэба ныць у цяжкія часіны, лепей прапаноўваць сябе. Я проста не ведаю, як на гэта паўздзейнічаць».
Што прапанавалі сістэме адукацыі
Сяргей Прыходзька: «Мы зараз усё болей спаборнічаем з «айцішнікамі». Электронныя банкі, анлайн-плацяжы, інтэрнэт-банкінг. Хто ўсё ж павінен у банку гэта рабіць: ІТ-спецыялісты з эканамічнай адукацыяй або эканамічныя спецыялісты з глыбокімі ведамі ІТ? Тут паўстае пытанне да традыцыйнай сістэмы адукацыі. Яна пабудаваная наступным чынам. Да нас звяртаюцца: «А адкажыце, калі ласка, якая колькасць якіх спецыялістаў вам спатрэбіцца ў 2020 годзе?». Мяне гэтае пытанне заўсёды ставіць у ступар. У маім разуменні павінна быць, як у медыкаў. На працягу першых трох гадоў павінна давацца наймацнейшая аснова. А ўжо за год да выпуску можна запрасіць, бо ўжо больш зразумелая тэндэнцыя, якая будзе на рынку. Чалавек сам абярэ спецыялізацыю».
Айнарс Абеле, дырэктар па персанале ЗТАА «ДанонБел»: «Гэта больш мой асабісты вопыт, але тыя людзі, у якіх ёсць пэўная матэматычная адукацыя, сябе знаходзяць, бо іх можна навучыць шмат чаму: HR, лагістыцы, маркетынгу. Мы чакаем ад універсітэта фундаментальных ведаў. Таму што матэматыка ва ўсе часы была аднолькавая. Два плюс два, як правіла, чатыры. Мне падабаецца адно выслоўе, па-мойму, японскае: універсітэт павінен вучыць вучыцца. Вучыць думаць, адстойваць сваё меркаванне, прадаваць свой праект, бо любая арганізацыя бярэ чалавека і ўсё адно вучыць такой дзейнасці, якая прынятая ў гэтай арганізацыі».
Хутка будуць бакалаўры і магістры. Як адрэагуюцьна гэта працадаўцы?
Аляксандр Машко: «Па маім меркаванні, калі ступень бакалаўра дазваляе закласці поўнасцю асновы, пра якія казаў Абеле, і працадаўца разумее, што прыйшоў чалавек, які гатовы і ўмее вучыцца, то такога студэнта прымуць. Дапускаю, што аплата працы будзе троху ніжэйшая. А вось другая ступень павінна быць шчыльна звязаная з патэнцыйным працадаўцам. То бок магістр павінен разумець, дзе ён будзе рабіць і што, калі выйдзе з універсітэта».
Сяргей Прыходзька абверг стэрэатып, што банкі не бяруць на кіраўнічыя пасады супрацоўнікаў з дыпломам спецыяліста.
Вольныя дыпломы: праўда або лухта
Наталля Няпеўная, начальнік упраўлення кадраў БДУ: «У нас ёсць абавязковае размеркаванне. І, паверце, у тых еўрапейскіх краінах, дзе мы бываем, калі мы кажам, што ў нас ёсць працэдура размеркавання, усе дзівяцца: «Якія вы малайцы!» – бо для іх даць працоўныя месцы – вельмі вострая праблема. Раней усе вельмі крытычна рэагавалі на размеркаванне, зараз усе разумеюць, што гэта сацыяльная льгота, гарантыя першага працоўнага месца. Пытанні, каму як пашанцуе і хто як уладкуецца, зарплата, кар’ерны рост – гэта ўжо іншыя моманты. І мы разумеем праблему 2017 года. Безумоўна, мы будзем рабіць усё, каб размеркаваць максімальна. У выпадку, калі хтосьці з выпускнікоў застанецца без першага працоўнага месца, заканадаўства сёння дае магчымасць самастойнага працаўладкавання».
У 2015 годзе размеркаванне па сваёй спецыяльнасці атрымалі 98% студэнтаў бюджэтнай формы навучання.
Журналістка газеты «Рэспубліка»: «Але бывае і іншая сітуацыя. Я не адзін раз чула, праўда, не ад студэнтаў БДУ, што тым выпускнікам, якім належыць размеркаванне, але ўніверсітэт не можа нічога прапанаваць, ставяць умову: або вы самі шукаеце месца, або плаціце грошы за навучанне».
Наталля Няпеўная: «Гэта няправільна. ВНУ не забараняюць выпускнікам самастойна шукаць месца ўладкавання. Калі вы прынесяце заяўку, яна будзе разгледжаная. Калі размова ідзе пра студэнта, які навучаецца за кошт бюджэтных сродкаў і яго не забяспечылі месцам, пакрыццю выдаткаў такі выпускнік не падлягае».
Акрамя вышэйзгаданых, у дыскусіі бралі ўдзел начальнік цэнтра бесперапыннай прафесійнай адукацыі РІВШ Вольга Олекс, дырэктар па персанале ТАА «Прыборторг» Людміла Лявонава, кіраўнічы партнёр трэнінгавага партала «Аспект» Вірынея Сташынская.
Віталь АРЭШКА