За апошні год у пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДУ з’явіліся свае традыцыі святкавання прафесійнага свята студэнтаў. Гэты дзень звязаны з зімовымі відамі спорту, розыгрышамі падарункаў і неспадзеўкамі. Адсвяткаваць Таццянін дзень 2016 пярвічка запрасіла студэнтаў, выкладчыкаў і працаўнікоў БДУ ў горналыжны спартыўна-аздараўленчы комплекс “Лагойск”.
Усіх прысутных павіншаваў прарэктар па навучальна-выхаваўчай працы і сацыяльных пытаннях БДУ Уладзімір Сувораў. Павіншаваў студэнтаў з заканчэннем сесіі, пажадаў выдатных вакацый і лёгкай вучобы ў хуткім годзе протадыякан Максім Логвінаў, кіраўнік аддзела па працы з моладдзю Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы.
Свята сыходзіць каранямі ў далёкае мінулае. Паводле падання, у III ст. н. э. ігумення хрысціянскага храма Таццяна падверглася ганенням за хрысціянскую веру. Калі яе прымусілі маліцца паганскаму бажку, Таццяна не адмовілася ад сваёй веры і малітва яе Ісусу Хрысту была такая моцная, што паганскі бажок зваліўся з пастамента і разбіўся. Пасля шматлікіх катаванняў Таццяну пакаралі смерцю. З 235 года адзначаецца свята Таццянінага дня, а пакутніца Таццяна далучана да ліку святых.
Асаблівае значэнне свята прымае ў XVIII ст., калі 25 студзеня 1755 г. імператрыца Лізавета Пятроўна падпісала “Указ пра заснаванне Маскоўскага ўніверсітэта”. З тых часоў свята Таццянінага дня, галоўным чынам як дня заснавання ўніверсітэта, стала традыцыйным і любімым усімі, каму пашчасціла вучыцца ў гэтым храме навукі.
Прыкладна ў другой палове XIX ст. склалася традыцыя святкавання ў гэты дзень усёй студэнцкай супольнасці, у тым ліку і ў Беларусі.
“Дзень студэнта заўсёды быў асаблівым і доўгачаканым святам. Менавіта таму пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БДУ вельмі трапятліва паставілася да падрыхтоўкі гэтага мерапрыемства. Нам хацелася зрабіць штосьці асаблівае, таму ўпершыню ўсе разам выехалі на спартыўную базу ў Лагойск. Мы яшчэ раз віншуем усіх са святам! Будзьце шчаслівыя і спаўняйце ўсе мары. А галоўнае – беражыце ў сабе энергію, радасць і маладосць!” – адзначыла старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДУ Вольга Локцева.
Далей пачалася самая відовішчная частка праграмы – эстафета.
Спаборнічалі каманды рэктарата, дэканата, працаўнікоў і студэнтаў БДУ. Нягледзячы на ўзроставыя адрозненні гэта была сапраўдная гонка прафесіяналаў. Падтрымка гледачоў выдатна дапамагала ўсім супернікам і стварала сяброўскую атмасферу. У выніку каманда студэнтаў атрымала перамогу, ім дастаўся запаветны кубак прафкама студэнтаў БДУ па лыжнай эстафеце.
Пераможцы і ўдзельнікі былі ўзнагароджаны прызамі ад спонсараў мерапрыемства – “Талань-М” і Red Bull. Таксама былі ўзнагароджаны самыя актыўныя заўзятары.
Натуральна, усіх дзяўчат з імем Таццяна чакалі падарункі і сувеніры ад пярвічкі.
І, вядома, усе ахвотнікі змаглі пакатацца на лыжах, сноўбордзе і цюбінгах. Разам са студэнтамі скаралі горы Лагойска выкладчыкі і працаўнікі БДУ.
Тыя, хто ўсё-такі не захацеў рызыкаваць, сядзелі ў кавярні, з вокнаў якога адкрываўся выгляд на ўсю імпрэзу. Інфраструктура комплексу дазволіла ўсім знайсці занятак даспадобы!
Паралельна з масавымі катаннямі праходзіла забаўляльная праграма: вясёлыя конкурсы, прыемныя падарункі і бясконцы добры настрой.
А вось як запомнілі свята прысутныя.
Ліза Зэльман, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ:
— Паездкай я вельмі задаволена! Даўно хацела куды-небудзь выбрацца, каб актыўна адпачыць пасля сесіі. Я з задавальненнем каталася на лыжах. А яшчэ была на пад’ёмніку і любавалася выдатным выглядам на зімовую прыроду. Гэта невымоўныя адчуванні, якія трэба адчуць кожнаму.
Ганна Шэўчык, студэнтка 5 курса юрыдычнага факультэта БДУ:
— На свяце было вельмі цудоўна: сяброўская студэнцкая атмасфера не пакідала да самага прыезду ў Мінск! Мне было прыемна назіраць, як заўзятараў пацешыла лыжная эстафета і як дружна яны перажывалі за ўсіх. Там прыгожыя выгляды, на пад’ёмніку ўсе ўсіх віталі, махалі рукамі, нават не ведаючы адзін аднаго.
Анастасія Сяргеева, студэнтка біялагічнага факультэта БДУ:
— Вельмі спадабалася! Мора ўражанняў, а галоўнае – атрымалася сумясціць прыемнае з карысным. Я з задавальненнем пакаталася на лыжах і надзіманых санках. Гэта проста супер!
Словы-віншаванні з вуснаў прадстаўнікоў духавенства і кіраўніцтва ўніверсітэта, актыўны адпачынак, свежае паветра, снежныя ўзгоркі, шмат сустрэч і ўсмешак, конкурсы, розыгрышы, прызы і неспадзеўкі для гасцей – так пачаліся вакацыі студэнтаў БДУ.
Прафкам студэнтаў БДУ
Відэа: