Абнаўленне Дошкі гонару БДУ адбылося 23 лютага каля галоўнага корпуса.
Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка, прадстаўнікі адміністрацыі, факультэтаў, выкладчыкі і студэнты.
Ужо шэсць гадоў на Дошку гонару заносяцца імёны і фатаграфіі супрацоўнікаў і навучэнцаў БДУ. Сёлета ўшанаваны 32 супрацоўнікі і 32 навучэнцы за заслугі і дасягненні ў адукацыйнай, навуковай, метадычнай, інавацыйнай, кіраўніцкай і спартыўнай дзейнасці па выніках 2015 г.
У асноўным, навучэнцы, якія трапляюць на Дошку гонару, – гэта студэнты апошніх (4–5 курсаў). Аднак ёсць і выключэнні.
Напрыклад, Улад Макарэвіч, студэнт 3 курса спецыяльнасці эканамічная інфарматыка з эканамічнага факультэта.
Улад адзначаны за актыўны ўдзел у жыцці і факультэта і ўніверсітэта. Яшчэ ён добра вучыцца: сярэдні бал 9,8.
Ён прызнаецца, што вучоба ў БДУ – гэта цікава. «У цэлым, вучоба ў БДУ мне падабаецца, і я зрабіў правільны выбар, калі паступаў сюды. Яна дае магчымасці як у грамадскай, так і ў навуковай дзейнасці. Разумею, што адкрываю для сябе нешта новае з розных бакоў. Напрыклад, у навуцы я зацікавіўся тэмай інфармацыйнай бяспекі банкаўскіх сістэм. У будучыні быў бы рады працаваць як эканамістам, так і ў сферы ІТ-тэхналогій».
Студэнт таксама падзяліўся сваімі пачуццямі ад навіны.
«Калі ты на Дошцы гонару, то гэта значнае дасягненне. Я памятаю, што калі толькі прыйшоў падаваць дакументы ў БДУ, убачыў Дошку гонару і адразу сказаў маме, што абяцаю з’явіцца на ёй. Цяпер новае становішча мяне абавязвае. Ты робішся прыкладам для пераймання. І для абітурыентаў, якія прыйдуць паступаць і ўбачаць цябе. Даведаюцца, чым ты займаешся, і захочуць таксама, а можа, нават зрабіць больш».
Улад пажадаў усім студэнтам поспехаў у іх пачынаннях.
«Галоўнае, каб вашыя мары спраўджваліся. Бо калі ты сабе паставіў мэту, то трэба ісці да яе. Не азіраючыся ні на якія няўдачы».
Сярод супрацоўнікаў БДУ, якія трапілі ў гэтым годзе на Дошку гонару, ёсць дэканы факультэтаў, загадчыкі кафедраў, старшыя выкладчыкі.
Дзмітрый Ушакоў, дацэнт факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій – таксама ў гэтым шэрагу.
«Вельмі прыемна, што ўніверсітэт шануе не толькі студэнтаў, але і сваіх выкладчыкаў. Гэта цудоўная традыцыя: кожны год на гэтую дошку трапляюць годныя людзі. Я ва ўніверсітэце больш за 20 гадоў. І гэта належная ацэнка маёй дзейнасці».
Таксама Дзмітрый Уладзіміравіч пажадаў любіць сваю працу.
«Трэба працаваць на карысць універсітэта, на карысць краіны і рабіць сваю працу добра. Так, каб табой ганарыліся».
2015 быў адметны для БДУ адкрыццямі ў сферы біятэхналогій. Адзін са студэнтаў, Валянцін Натараў, пяцікурснік хімічнага факультэта, распавёў, што з’явіўся на Дошцы гонару за навучальную, даследчую працу і грамадскую дзейнасць.
«Тэматыка нашай кафедры ў асноўным сканцэнтравана на тэме бія- і нанатэхналогій. Напрыклад, прымяненне магнітных наначасціц для дыягностыкі і лячэння злаякасных пухлін. У прынцыпе, гэта адзін з прыярытэтных напрамкаў даследаванняў у сучасным свеце».
Валянцін распавёў, як успрыняў навіну аб занясенні на Дошку гонару.
«Нашы выкладчыкі, супрацоўнікі кафедры віншуюць мяне. Гэта вялікі гонар, бо, мабыць, толькі аднаму студэнту з усяго факультэта раз у год дастаецца такая ўзнагарода». Валянцін плануе паступіць у магістратуру БДУ і працягваць уласныя даследаванні.
Рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка распавёў пра важнасць мерапрыемства: «Падтрымка бывае розная: маральная і матэрыяльная. Калі мы шэсць гадоў таму адрадзілі Дошку гонару БДУ, людзям гэта вельмі спадабалася. Я ведаю, як факультэты змагаюцца за сваіх супрацоўнікаў і вылучаюць прапановы на Дошку гонару. Людзям вельмі прыемна бачыць свае фатаграфіі цэлы год у дворыку галоўнага корпуса. Іх бачаць усе. Гэта адна з формаў маральнага заахвочвання найлепшых людзей нашага ўніверсітэта. Акрамя таго, ёсць граматы, падзякі. А таксама званне заслужанага работніка БДУ. Добрая сістэма працуе».
Пабачыць усіх ушанаваных асоб можна і на сайце www.bsu.by ва ўкладцы «Імі ганарыцца ўніверсітэт».
Фаіна НАКАНЕЧНАЯ