Інстытут журналістыкі БДУ сумесна з Беларускім саюзам журналістаў і газетай «Рэспублiка» 18 лютага правёў канферэнцыю «Міжнародная журналістыка-2016: турбулентнасць міждзяржаўных адносін і медыя”.
У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі вышэйшай школы Расіі, Украіны, Казахстана, Малдовы. Разам з беларускімі калегамі яны абмеркавалі асаблівасці асвятлення інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. У цэнтры ўвагі таксама былі спецыфіка медыйнага забеспячэння беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, інфармацыйныя падставы міжнародных канфліктаў, досвед і навацыі замежнай журналістыкі, міжнародная журналістыка ў кантэксце глабальнага і рэгіянальнага інфармацыйнага абмену.
Вынікамі сваіх даследаванняў падзяліліся і навукоўцы з Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі, дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце РФ, Інстытута эканомікі НАН Беларусі, універсітэтаў Масквы, Кіева, Астаны, Днепрапятроўска, Запарожжа, Караганды, Казані, Уладзівастока, Чэлябінска, Ціраспаля, а таксама айчынных ВНУ. У дыскусіі ўдзельнічалі і маладыя даследчыкі: аспіранты, суіскальнікі, магістранты, студэнты.
Вялікі інтарэс у замежных гасцей, выкладчыкаў БДУ і асабліва ў студэнтаў журфака выклікала выступленне і адказы на шматлікія пытанні начальніка упраўлення інфармацыі – прэс-сакратара міністэрства замежных спраў Беларусі Д. Л. Мірончыка. Гэтаму спрыяла яго глыбокае па змесце і нефармальнае па форме выступленне, а таксама цікавыя прыклады з практыкі СМІ ў міждзяржаўных адносінах. Д.Л. Мірончык таксама пазнаёміў удзельнікаў канферэнцыі з некаторымі вынікамі дзейнасці МЗС і задачамі на перспектыву. Будучыя журналісты-міжнароднікі пачулі меркаванне аўтарытэтнага дыпламата не толькі пра мэты знешняй палітыкі дзяржавы, але і пра публікацыі ў беларускіх СМІ на міжнародную тэму. А таксама пра ўменне журналістаў аператыўна і глыбока аналізаваць важныя падзеі ў свеце, узважана суадносіць тое, што адбываецца за мяжой з нацыянальнымі інтарэсамі нашай краіны.
Леанід ЛАХМАНЕНКА