Школа актыву БДУ “Лідар – жыццё навідавоку” пачала сваю працу (+відэа)

3 Mar, 2016.

IMG_1628

25 лютага была адкрыта школа актыву “Лідар – жыццё навідавоку”. Яе першымі вучнямі сталі студэнты малодшых курсаў з велізарным патэнцыялам і жаданнем прымаць актыўны ўдзел у жыцці сваёй alma mater.

Першая сустрэча прайшла ў рэктараце БДУ, дзе таксама адбылося ўзнагароджанне найлепшых студэнтаў БДУ ў рамках конкурсу “Студэнт года”, а да таго ж былі адзначаны праекты, якія атрымалі перамогу ці сталі лаўрэатамі ў іншым конкурсе – “Найлепшы моладзевы праект”. Гэта стала своеасаблівым знакам таго, што старэйшыя студэнты перадаюць свой досвед, спадзяванні і мары малодшым калегам, якіх чакае цікавае і насычанае навучанне, скіраванае на развіццё лідарскіх якасцяў у моладзі, выяўленне патэнцыйных кіраўнікоў з ліку студэнтаў для працы ў сацыяльна значных праграмах, а таксама стварэнне ўмоў рэалізацыі асобасных якасцяў удзельнікаў. Падчас адкрыцця школы таксама прамовы сказалі рэктар Сяргей Уладзіміравіч Абламейка, прарэктар па вучэбна-выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Уладзімір Васільевіч Сувораў і начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Аляксей Пятровіч Багамазаў.

IMG_1627

Для ўдзелу ў праекце “Лідар – жыццё навідавоку” былі адабраны два дзясяткі актыўных і крэатыўных студэнтаў.

Для сваіх падапечных арганізатары праекта падрыхтавалі структураваную праграму навучання. Спачатку студэнты пазнаёмяцца паміж сабой і створаць самі сабе ўмовы для камфортных зносін, затым за кожным будзе замацаваны ментар, які стане для лідараў нібы маяком падчас трохмесячнага навучання, а таксама будуць праводзіцца розныя трэнінгі, майстар-класы з удзелам як унутраных спікераў, так і запрошаных.

Ужо з першага дня працы школы яе навучэнцы прынялі ўдзел у вялікім трэнінгу, які падрыхтавала псіхалагічная служба БДУ. Шматлікія практыкаванні на камандаўтварэнне і абмеркаванні на тэму лідарства дазволілі ўдзельнікам, як яны адзначылі самі, настроіцца на патрэбны лад працы, а таксама пазнаёміцца са сваімі аднадумцамі. Кожны, хто прайшоў першы трэнінг, падрыхтаваны арганізатарамі, адзначаюць таксама той факт, што яны адкрылі для сябе шмат новага і ўжо прыдумалі новыя мэты, якія плануюць скарыць на працягу трох месяцаў навучання ці пасля школы.

Як відаць з назвы школы актыву БДУ, жыццё яе вучняў падчас навучальнага працэсу таксама будзе даступнае для кожнага, хто жадае за ім назіраць. Усе фотасправаздачы, відэаролікі і інтэрв’ю будуць публікавацца ў групе школы актыву БДУ “Укантакце”: http://vk.com/leaderbsu

Сачыце за абнаўленнямі, і вы, дарагія сябры, станеце сведкамі таго, як навучэнцы школы актыву БДУ “Лідар – жыццё навідавоку” становяцца лепшымі з кожнымі заняткамі!

 Махры ЯГШЫЕВА

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: