“Навука на пальцах”, або Як у БДУ распавялі пра гармату Гаўса і іншыя незвычайныя навуковыя вынаходствы (+відэа)

15 Apr, 2016.

Наука на пальцах БГУ

На гадзінніку 15.20. Я сяджу ў аўдыторыі факультэта міжнародных адносін БДУ і слухаю пра агітацыйныя плакаты Першай і Другой Сусветных войнаў. Бо 7 красавіка студэнты БДУ і іншых універсітэтаў прыйшлі на III міжнародную сустрэчу “Навука на пальцах”.

Гэта праект студэнцкага савета па якасці адукацыі БДУ, дзе студэнты тлумачаць складаныя навуковыя тэмы простай і даступнай мовай.

Асноўная яго мэта – пашырэнне кругагляду беларускай моладзі, а таксама прыцягненне ўвагі да навуковай дзейнасці.

Першае, што ўбачыла, калі зайшла ў аўдыторыю 701: шмат студэнтаў, якія прыйшлі не толькі паўдзельнічаць, а паслухаць і “пахварэць” за сваіх сябраў.

У гэтым навучальным семестры распавялі пра свой навуковы досвед студэнты гуманітарных і тэхнічных спецыяльнасцяў не толькі БДУ і іншых ВНУ Беларусі, але і студэнты з Украіны і Расіі.

Былі таксама і дзяўчаты са студэнцкага тэлебачання. Яны стаялі каля аўдыторыі з камерай і мікрафонамі. Калі я рэгістравалася, дзяўчаты падышлі да мяне і ўгаварылі на невялічкае інтэрв’ю.

  • Чаму вы вырашылі ўдзельнічаць у “Навуцы на пальцах”? – спытала адна з журналістак.
  • Таму што гэта для мяне цікава. Я студэнтка апошняга курса, таму максімальна жадаю паўдзельнічаць у студэнцкіх мерапрыемствах, – пераадольваючы збянтэжанасць ад нечаканасці, растлумачыла я.

Арганізатары “Навукі на пальцах” – Коваль Ганна, Лабацэвіч Павел, Дыба Яна, Руткоўская Кацярына, Валчкова Крысціна – таксама задавалі гэтае пытанне ўсім удзельнікам.

Наука на пальцах БГУ

  • Мне хочацца прыняць удзел у праекце, таму што меркаванне пра навуковую дзейнасць гуманітарыяў даволі дзіўнае. Гуманітарныя навукі часта лічаць непрактычнымі, пазбаўленымі навуковай базы. Я ж вучуся на чыста практычнай спецыяльнасці “спецыяліст па сувязях з грамадскасцю”. І мне хочацца расказаць пра тое, як пісьменна складзеная прапанова можа прымусіць нас здзяйсняць зусім неабдуманыя ўчынкі. І як навучыцца бачыць усе пасткі прапаганды і агітацыі, самых “брудных” спосабаў сувязі з грамадскасцю, – распавяла студэнтка 2 курса Інстытута журналістыкі БДУ Таісія Ганчарук.

Яе працу “Агітацыйныя плакаты Першай і Другой Сусветных войнаў” я слухала напачатку навуковай сустрэчы.

У праграме мерапрыемства наступным значыўся студэнт механіка-матэматычнага факультэта БДУ. Кудравец Сяргей пажадаў расказаць пра прынцып працы гарматы Гаўса.

  • Гармата Гаўса – даволі цікавае і вясёлае вынаходства. Ёсць пра што расказаць. Напрыклад, пра зваротна-хадавыя пераўтваральнікі напругі і магнітныя хвалі, – звяртаўся студэнт да ўдзельнікаў і цікаўных.

Першае, што прыйшло мне ў думкі: “Што гэта такое?”, а другое: “Як пра гэта можна распавесці ўсім?”

Але і на першае і на другое пытанне Сяргей адказаў сваім дакладам і прыкладам працы. Ён сканструяваў гармату Гаўса і нават правёў невялічкі вопыт яе працы.

Наука на пальцах БГУ

Шмат іншых прац, якія на слых спярша здаваліся зусім незразумелымі, студэнты вельмі папросту патлумачылі на “Навуцы на пальцах”.

Траім з 13 пашчасціла больш за ўсіх: яны атрымалі, акрамя дыпломаў удзельнікаў і фірмовых маек, яшчэ і прызы за найлепшыя даклады.

Гэта: студэнт Інстытута журналістыкі БДУ Шкленскі Максім з працай “Падмануць мозг: як выкарыстоўваць дасягненні нейраэканомікі і прымаць правільныя рашэнні”; студэнт з Інстытута хіміі СПбДУ Каранаў Аляксандр, які расказаў пра “Выкарыстанне малых цыклаў у арганічным сінтэзе”.

А таксама адным з самых лепшым было прызнана “Даследаванне сацыяльнай інжынерыі ў галіне інфармацыйнай бяспекі” студэнта эканамічнага факультэта БДУ Макарэвіча Улада.

Наука на пальцах БГУ

Пасля заканчэння мерапрыемства вельмі захацела спытаць, як прыйшла ідэя “Навукі на пальцах” у арганізатараў.

  • Ідэя стварэння праекта з’явілася ў размове з начальнікам аддзела моладзевых праграм і праектаў Наталляй Капацэвіч. Яна аднойчы завяла размову са спадарожніцай у цягніку, тая апынулася прадстаўніцай універсітэта і распавяла Наталлі пра такое выдатнае мерапрыемстве, дзе студэнты прадстаўляюць свае навуковыя працы на вельмі зразумелай мове. Вось тады ўзнікла ідэя, а чаму б не паспрабаваць гэта рэалізаваць у БДУ? Пераасэнсаваўшы гэта за нейкі перыяд часу, я прыйшла да Наталлі і сказала: “Ну што, паспрабуем?” – адказала на пытанне газеты “Універсітэт” кіраўнік праекта Ганна Каваль.

Адна з арганізатараў праекта студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ Кацярына Руткоўская расказала, як весці мерапрыемства:

  • Арганізаваць мерапрыемства – гэта, канечне, не самая простая справа. Пад кантроль трэба ўзяць абсалютна ўсё: стварэнне фірмовага стылю; разам з ім афіш, бэйджаў, дыпломаў; прасоўванне з дапамогай сацыяльных сетак і СМІ БДУ; прыём заявак ад удзельнікаў. Пазней – прыём тэзісаў; набыццё прызоў; браніраванне аўдыторыі; наяўнасць неабходнай тэхнікі ў выглядзе наўтбука, праектара, калонак; арганізацыя кава-брэйку; далейшае асвятленне праекта і гэтак далей.

Працэс арганізацыі “Навукі на пальцах” вельмі шматгранны і цікавы. Кожны заняты сваёй справай і разумее, што ён павінен зрабіць.

Было часам цяжка, страшна. Асабліва баяліся, калі першую “навуку” рабілі: “а раптам ніхто не падасць заяўку?”, “а раптам, ніхто не прыйдзе?”. Але падавалі, прыходзілі, і ўсім было цікава. Інтарэс – вось да чаго мы імкнёмся, арганізуючы гэтае мерапрыемства.

Наука на пальцах БГУ

Першая “Навука на пальцах” прайшла 29 красавіка 2015 года. Усяго атрымалася тры “навукі” за 2015/2016 год. За такі невялічкі час з’явіліся і тыя студэнты, якія ўдзельнічаюць не першы раз і прадстаўляюць шмат незвычайных навуковых прац.

  • Усе даклады незвычайныя ў сваёй ступені, бо расказаць складаную тэму са сферы хіміі – ужо подзвіг. Кожны даклад мае сваю адметнасць. Але сярод іх запомніліся: даклад пра жыццё бактэрый, дзе спікер прадставіў нам бактэрыі як паўнавартаснае грамадства; даклад, дзе распавядалі пра прыроду гуку і нават паказалі гук. Яшчэ быў незвычайны даклад, як антычнасць паўплывала на фарміраванне знакаў задыяку. І таксама даклад, які ўздымаў тэму таго, як пры расследаваннях злачынстваў кіруюцца паказаннямі “экстрасэнсаў”, – падзялілася Кацярына Руткоўская.

Арганізатары плануюць апублікаваць зборнік навуковых прац, але так, каб было цікава чытаць, бо некаторыя працы немагчыма напісаць навуковай мовай.

Для таго, каб паўдзельнічаць у новых сустрэчах, а таксама даведацца шмат цікавага пра навуку можна з афіцыйнай старонкі “Навукі на пальцах” ва “УКантакце”: https://vk.com/napssko.

Фаіна НАКАНЕЧНАЯ

Відэа тут:

Наука на пальцах БГУ

print

Вам таксама можа спадабацца: