Навуковыя баталіі СТЕНД сабралі прадстаўнікоў 22 ВНУ з Беларусі, Украіны і Расіі (+відэа)

19 Apr, 2016.

СТЕНД–2016 БГУ

З 4 па 8 красавіка ў Мінску на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Акадэміі навук Беларусі прайшоў другі міжнародны Студэнцкі турнір прыродазнаўча-навуковых дысцыплін (СТЕНД–2016). СТЕНД – гэта каманднае спаборніцтва па рашэнні як тэарэтычных, так і практычных праблем у хімічнай, біялагічнай і фізічнай галінах даследаванняў.

Партнёрамі і фундатарамі турніру сёлета выступілі: кампанія “Рэгула”, НПЦ «Хіммедсінтэз», фонд “Навука вакол нас”, кампанія Epam Systems, Інстытут цяпло- і масаабмену імя А. У. Лыкава, савет маладых навукоўцаў НАН Беларусі, хімічны факультэт БДУ, упраўленне выхаваўчай працы з моладдзю БДУ, НПЦ матэрыялазнаўства, Інстытут генетыкі і цыталогіі, Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі, Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі. Студэнцкі турнір прыродазнаўчанавуковых дысцыплін з’яўляецца ўдзельнікам штогадовага конкурсу “Найлепшы моладзевы праект”, які праводзіцца ўпраўленнем выхаваўчай працы з моладдзю БДУ.

З самага свайго заснавання турнір праводзіўся як міжнародны, і гэты год не стаў выключэннем. У Мінск прыехалі 13 найлепшых каманд з 12 гарадоў, 17 універсітэтаў Беларусі, Украіны і Расіі. Сёлета 4 красавіка ў Мінску прайшла першая ў Беларусі Алімпіяда па розных галінах прыродазнаўчых навук без узроставага абмежавання для ўдзельнікаў. Усяго ў рамках турніру і алімпіяды СТЕНД прынялі ўдзел прадстаўнікі 22 ВНУ СНД.

СТЕНД–2016 БГУ

На працягу тыдня каманды прадстаўлялі свае рашэнні задач, над якімі працавалі некалькі месяцаў. Апроч задач ад арганізатараў былі прапанаваны навукова-тэхнічныя праблемы ад фундатараў і партнёраў турніру. Асобныя задачы патрабавалі наяўнасці абавязковага эксперыменту, некаторыя задачы маглі быць вырашаны выключна тэарэтычна. Практычны складнік у такіх турнірах грае даволі значную ролю, таму яшчэ да пачатку турніру невялікую перавагу маюць каманды з найлепшымі і найбольш новымі эксперыментальнымі ўстаноўкамі ва ўніверсітэтах. Неабходнасць пацвярджэння вылучанай тэорыі на практыцы збліжае ўдзел у турніры з рэальнымі даследаваннямі: правядзенне тэарэтычных разлікаў і даследаванняў, параўнанне з практычна атрыманымі вынікамі і выклад дадзеных на публіцы.

Для атрымання высокіх балаў за даклад, удзельнікі журы патрабавалі дэталёвай прапрацоўкі задач, глыбокіх ведаў у разгляданай тэматыцы і арыгінальнасці рашэння. Апроч самога даклада ўдзельнікам неабходна было апаніраваць чужыя рашэнні – прааналізаваць перавагі і недахопы рашэння, прыцягнуць увагу ўдзельнікаў да памылак і недакладнасцяў дакладу і рэцэнзаваць – падводзіць вынік праробленай дакладчыкам і апанентам працы.

У фінальны дзень выступлення прайшла постарная сесія для найлепшых рашэнняў ад кожнай з каманд.

СТЕНД–2016 БГУ

Па выніках навуковых баёў пераможцам СТЕНД–2016 стала зборная каманда, прадстаўленая ўдзельнікамі з Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта (Кіеў, Украіна), Нацыянальнага медыцынскага ўніверсітэта (Кіеў, Украіна) і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (Мінск, Беларусь). Другое месца заняла каманда Уральскага федэральнага ўніверсітэта (Екацярынбург, Расія), а трэцяе месца – каманда Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Масква, Расія).

У кроку ад прызавых месцаў апынуліся каманды “13 том Ландау-Ліфшыца” з Харкаўскага нацыянальнага ўніверсітэта (Харкаў, Украіна), “Квантавая распушчанасць” – зборная Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (Мінск, Беларусь) і Маскоўскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя М. Э. Баўмана (Масква, Расія) і “Грэнадзіна” з Новасібірскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Пераможцаў турніру чакае паездка ў Варшаву, у цэнтр навукі Каперніка, якую падорыць камандзе фонд “Навука вакол нас”.

Па выніках першай міждысцыплінарнай алімпіяды безумоўным пераможцам стала Ірына Запарожац з Харкаўскага нацыянальнага ўніверсітэта (Харкаў, Украіна). Другое месца падзялілі Макарэвіч Міраслаў з СШ №47 (Мінск, Беларусь) і Пятроў Мікалай з Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Масква, Расія). Трэцяе месца падзялілі Каладзяжная Юлія, Осіпава Кацярына (Маскоўскі дзяржаўнага ўніверсітэта (Масква, Расія)) і Нагібін Мікалай з Маскоўскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя М. Э. Баўмана (Масква, Расія).

СТЕНД–2016 БГУ

Турнір – своеасаблівая школа жыцця. Праца ў калектыве ў складаных сітуацыях і ў сціснутыя тэрміны, неабходнасць паглыбленага вывучэння ўсіх прыродазнаўчых навук на вельмі высокім узроўні, валоданне матэрыялам па ўсіх задачах – гэта толькі частка з таго, з чым так ці інакш прыйдзецца сутыкнуцца ўдзельнікам. Рашэнне нестандартных задач развівае творчы падыход да навуковай дзейнасці, публічныя выступленні надаюць упэўненасці ў сваіх сілах, а конкурсная аснова турніру стымулюе да эфектыўнай дзейнасці ва ўмовах вялікіх інтэлектуальных нагрузак. Навыкі, набываныя пры ўдзеле ў турніры, будуць неацэнныя ў далейшым жыцці любога чалавека. Галоўнай узнагародай у гэтым супрацьстаянні заўсёды будзе праўда, якую ўдзельнікі знойдуць у навуковых баталіях.

У наступным годзе арганізатары плануюць пашырыць геаграфію ўдзельнікаў і запрасіць прадстаўнікоў краін Усходняй Еўропы, Балтыі і Сярэдняй Азіі. А гэта значыць, што СТЕНД–2017 стане яшчэ цікавейшым мерапрыемствам, якое мае вялікае значэнне для навукі і прамысловасці.

Алена КАСЦЕНКА

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: