У жыцці чалавека, які займаецца навукай, мастацтвам ці рамяством, заўсёды надыходзіць момант, калі неабходна выйсці з сваёй майстэрні, каб прадэманстраваць вынік сваёй працы і даведацца, наколькі і ў якой якасці жыццё прыме яго. Для навукоўца такім этапам можа быць эксперымент ці шырокае абмеркаванне яго вынікаў, для чалавека мастацтва — спектакль, выстава, канцэрт ці выступ перад якім-небудзь асаблівым для яго чалавекам. У спартсменаў такоюпадзеяй у жыцці становіцца ўдзел у спаборніцкай практыцы. Першы бой заўсёды цяжкі — як для спартсмена, нацэленага на вышэйшыя дасягненні, так і для тых, хто спасцігае баявое мастацтва для нейкіх іншых мэтаў. І гэта натуральна, бо менавіта першы раз выходзячы на рынг або татамі ў якасці байца, спартсмен перастае быць «тэарэтыкам» і ператвараецца ў «практыка» сваёй школы, атрымлівае першы баявы вопыт. Такое ператварэнне прайшлі і маладыя спартсмены клуба «Фудасін».
10 красавіка на базе спарткомплексу «Алімпійскі» адбыліся спаборніцтвы па каратэ сётакан «Кубак Накаяма», арганізаваныя «Беларускай федэрацыяй каратэ сётакан» (БФКС), ММГА «Федэрацыі Ніхон сётокан каратэ-да» (NSKF Belarus), установай«Каратэ сётакан» (JKA / WF Belarus Kawasoe Group). Стваральнік стылю сётакан, майстар каратэ, уладальнік 10-га дана Масатосі Накаяма, у гонар якога названы турнір, сцвярджаў, што канчатковай мэтай каратэ-до з’яўляецца не перамога над іншымі, а перамога над сабой: «Пакуль не пераадолеем сябе, як можам мы спадзявацца пераадолець іншых?». Гэта тыя словы, да якіх прыслухаўся кожны ўдзельнік турніру — як дасведчаны, так і «першапраходца». Карэспандэнт нашай газеты далучыўся да групы студэнтаў з тым, каб даведацца, як гэта — выступаць не толькі ў раздзеле дэманстрацыі фармальных комплексаў, але і непасрэдна ў паядынках.
Каб каманда магла годна выступіць на спаборніцтвах, кожную трэніроўку з вучнямі праводзілася няпростая і шматпланавая праца. Кароткая, але вельмі насычаная размінка, падчас якой студэнты паспяваюць папрацаваць на сілу, спрыт, хуткасць, каардынацыю, а таксама “расцягнуцца” — і адразу кіхон, то бок напрацоўка тэхнікі. Кожны спартсмен, незалежна ад свайго ўзроўню падрыхтоўкі, прарабляе элементы разам з усімі: старэйшыя паясы ўмацоўваюць «базу», пачаткоўцы – напрацоўваюць яе, спрабуючы засвоіць і новыя рухі. Адпачынак — і адпрацоўка ката розных узроўняў складанасці, часам у спаборніцкай форме. Яшчэ адзін перапынак, каб перавесці дух — і адпрацоўка баявых элементаў і тактыкі вядзення паядынку. Пасля тыя, у каго яшчэ засталіся сілы, «дазакачваюцца», працуюць на сілу і гнуткасць. Структура заняткаў магла вар’іравацца ў залежнасці ад агульнага графіка, але нязменным было адно: кожны спартсмен, зыходзячы з свайго самаадчування, павінен быў папрацаваць на ўласны максімум на кожнай трэніроўцы. За студэнтамі сачылі адразу некалькі трэнераў, таму кожны каратыст атрымліваў і дапамогу, і параду, і напамін аб адказным мерапрыемстве, што неўзабаве мае адбыцца.
І вось нарэшце настаў дзень спаборніцтваў. І мне, і астатнім членамкаманды загадзя прыйшлося асвоіць дадатковыя элементы: падрабязна даведацца аб правілах спаборніцтваў, патрабаваннях да знешняга выгляду ў ката і экіпіроўкі ў кумітэ, навучыцца варыць капу — і многае іншае. Бо спаборніцтвы — гэта не толькі тое, як ты ўнутрана ацэніш сябе, гэта яшчэ і тое, як цябе ацэняць вопытныя суддзі, і ці будзеш ты наогул дапушчаны да выступлення.
Першы раздзел, у якім выступалі студэнты — ката. Выступленне ўката не было новым для каманды — верагодна, не ў апошнюю чаргу таму і ў дзяўчат, і ў юнакоў далёка не адразу вызначыліся яўныя лідэры. Спартсмены, што толькі нядаўна пачалі свой шлях ў каратэ, зрабілі ўпор на пачатковыя ката, уклаўшы ў іх максімум хуткасці, выразнасці і сілы. Больш вопытныя спартсмены вар’іравалі тактыку, паказваючы і пачатковыя, і больш складаныя фармальныя комплексы. На размінцы перад выступамі браты Сяргей і Антон Шамяковы пагадзіліся трохі папазіраваць для газеты. Менавіта з імі паводле жараб’ёўкі давялося змагацца мне.
Удзел у раздзеле «Ката» ўзбагаціў скарбонку клуба новымі медалямі. Сярод юнакоў 1 месца заняў Шамякоў Сяргей (ФПМІ, 2 курс), 2 месца — Шамякоў Антон (ФПМІ, 2 курс), 3 месца — Прыстаўка Іван (гістфак, 4 курс). Сярод дзяўчат 2 месца ўзяла Філонава Анастасія (Інстытут журналістыкі, 5 курс), 3 месца падзялілі Курыліна Елізавета (біяфак, 3 курс) і Варковіч Вольга (біяфак, 1 курс).
Далей — раздзел «Кумітэ». Спаборніцтвы «Кубак Накаяма» праходзілі па правілах JKA / WF у рэдакцыі Беларускай федэрацыі каратэ сётакан. Дадзеныя правілы рэгламентуюць раздзел кумітэ некалькі інакш, чым, напрыклад, правілы WKF (World Karate Federation): іншы час паядынку, іншыя ўмовы перамогі (неабходна на 2 ачкі апярэдзіць суперніка), больш жорсткая ступень кантакту.
Пасля некалькіх паядынкаў прыйшоў час выходзіць змагацца і мне. Маім супернікам, згодна з жараб’ёўкай, стаў Шамякоў Антон. Некалькі секунд «прамацвання», затым — актыўныя дзеянні з абодвух бакоў. Практычна адразу мне прыйшлося зразумець, што абараняецца мой апанент вельмі ўмела: серыя удараў скончылася паспяховай контратакай з боку Антона. Развод, залічванне балу — і «абмен ветлівасцямі» працягваецца. У нейкі момант атакуючы апынуўся ад мяне на вельмі блізкай дыстанцыі. Ад нечаканасці і страху ўдар вылецеў сам сабою. Атрымалася трапна, але нетэхнічна і з перавышэннем кантакту. Натуральна, за гэткі выбрык суддзі мяне не пахвалілі. Нешта падказвала мне, што зараз усе ўбачаць, што апанент спрактыкаваны не толькі ў абароне, але і ў нападзе. Так, уласна, і выйшла.
Цікавым быў момант і пасля паядынку, а менавіта — парады трэнера. Лішні раз пераканаўся ў тым, наколькі з боку бывае лепш відаць — тым больш калі ацэньвае прафесіянал. Трэнер звярнуў увагу на многія тыповыя памылкі, уласцівыя пачаткоўцам. Але і ласкавым словам мяне не абдзялілі: «Малайчына, добра так паганяў Шамякова!». Ды і самому было прыемна пасля заканчэння спаборніцтваў ведаць, што хоць і знянацку, але пацэліў у чэмпіёна.
На мой суб’ектыўны погляд, спаборніцтвы ў юнакоў прайшлі ў пэўным сэнсе размерана. Пачаткоўцы рэалізавалі напрацаваныя ўменні, але ніякіх нечаканасцяў не адбылося. Лідэры вызначыліся досыць хутка, і асноўная інтрыга была ў тым, як размяркуюцца месцы сярод моцных спартсменаў. Выйшла наступным чынам: 1 месца — Шамякоў Антон (ФПМІ, 2 курс), 2 месца — Шамякоў Сяргей (ФПМІ, 2 курс), 3 месца — Шчурык Валерый (ФПМІ, 1 курс) і Прыстаўка Іван (гістфак, 4 курс).
Але што рабілася ў гэты ж час у кумітэ ў дзяўчат! На ўзнагароджанні суддзі асобна адзначылі напружанасць барацьбы — і не выпадкова: кожны бой быў непадобны на іншы. Прадбачыць пераможцу ні загадзя, ні падчас паядынкаў не было ніякай магчымасці: што дасведчаныя спартсменкі, што новенькія змагаліся адчайна, укладаючыся ў кожны свой рух.
У кожнай сутычцы былі свае нечаканасці. Спартсменка, што яшчэ некалькі секунд таму ўпэўнена вядзе ў рахунку, на імгненне замінаецца — і тут жа напорваецца на магутную і хуткую серыю нападаў, з якіх апошняя аказваецца вырашальнай. Доўгая валтузня на адным месцы раптам ператвараецца ў імклівыя перамяшчэнні па ўсім татамі, прымушаючы суддзю ледзь не скачкамі паспяваць за каратысткамі. Множныя ўдары рукамі, што вымушаюць дзяўчыну прыкрываць галаву, абарочваюцца ўдарам нагой у корпус — але не ад атакуючай, а ад той, што яшчэ секунду назад стрымлівала шквал нападаў, вылічваючы момант для контратакі. Я не ведаю, што магло прымусіць дзяўчат спаборнічаць настолькі самааддана, акрамя вялікай любові да каратэ … Потым я вельмі пашкадаваў аб тым, што не папрасіў дазволу здымаць відэа.
Самым насычаным апынуўся, безумоўна, фінальны паядынак, што прыцягнуў да сябе ўвагу ўсіх удзельнікаў. Студэнтка 5 курса Інстытута журналістыкі Анастасія ФІЛОНАВА, якая выступала ў фінале, парадавала гледачоў эфектным кідком. На жаль, з прычыны некалькіх тэхнічных момантаў суддзі не надалі бал за праведзены прыём. Але дзякуючы наступнай удалай атацы Анастасіі ўдалося вырваць у суперніцы перамогу. Я не мог не пагутарыць з пераможцай пасля заканчэння турніру.
-Анастасія, скажыце, з чаго складалася Ваша падрыхтоўка да спаборніцтваў? Гэта была толькі праца ў зале, або Вы таксама працавалі самастойна?
-У асноўным я займалася разам з усімі ў зале, 3 разы на тыдзень, а таксама самастойна па суботах, для чаго прыходзіла ў залу на гадзіну раней, чым пачыналася трэніроўка. Мяркуючы па ўсім, гэта была добрая праца.
-Ды гэта было відаць: Вы ж суперніц адну за адной раскідвалі. Але скажыце, як гэта было — кожны раз выходзіць на татамі як упершыню? Вы жа стамляецеся ў працэсе. Ці прытрымліваецеся Вы пэўнай тактыкі ў гэтым плане?
-Вядома, размеркаванне сіл — гэта частка тактыкі. Напрыклад, калі я выступаю ў ката і бачу, што спартсмен роўны мне па ўзроўні ці ніжэй, то я раблю ката прасцей. Калі ж бачу, што выходзіць моцны супернік — ката, натуральна, будзе узроўнем вышэй.
-А як у кумітэ?
-У кумітэ … шчыра кажучы, сённяшняе кумітэ было для мяне першым па-сапраўднаму сур’ёзным. Раней у мяне, вядома ж, была такая практыка. Але часта трапляліся такія суперніцы, з якім, як той казаў, хвіліну паскакаў — і ўсё. Сёння было не так. І асабліва жорсткім быў апошні бой, бо суперніца — Сахно Уладзіслава, студэнтка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта, — была даволі моцнай. Так што гэта першы такі вопыт для мяне, першы раз такая перамога.
-Было відаць, як выдатна Вы спраўляліся. Але быў такі момант, калі Вам удалося перакуліць саперніцу, але суддзі не залічылі гэтага. Што Вы адчувалі?
-Так, мне не залічылі кідок. І я разумею, чаму не залічылі — таму што не было дабівання. Суперніца правяла ўдар нагой, які я не змагла блакаваць, — і вось зразумелы вынік. Вядома, трошкі крыўдна, хацелася, каб было залічана, каб былі балы. Але нічога страшнага, бо з другога боку гэтая сітуацыя — нагода, каб ўдасканальвацца.
-Сёння некаторыя нашыя спартсмены выходзілі ў кумітэ ўпершыню. Як Вы ацэньваеце працу пачаткоўцаў, — калі, вядома, быў час паназіраць за імі?
-Наколькі я ведаю, усе, хто сёння выходзіў на татамі, ужо маюць вопыт выступлення ў ката. То бок, гэта мінімум другі вопыт спаборніцтваў для ўсіх. Але ў кумітэ — так, сёння некаторыя выступалі ўпершыню. На мой погляд, ім яшчэ многаму трэба вучыцца. Але ў чым яны малайцы — дык гэта ў тым, што выходзілі смела — бо на тое, каб выйсці ў кумітэ, сапраўды патрэбна адвага. Вось тая ж Іра Івашка — яна змагалася супраць той жа дзяўчыны, якая выступала са мною ў фінале.
-Скажыце, як заняткі каратэ дапамагаюць Вам у жыцці?
-На самай справе, адказаць на гэта пытанне мне няпроста. Хоць я і не прафесійны спартсмен, але каратэ стала неад’емнай часткай майго жыцця. Больш за тое, можа, таму мне і няпроста адказваць, бо заняткі — гэта нібы асобнае жыццё. Дзякуючы каратэ я знайшла новых сяброў, пашырыла круг знаёмстваў. Атрымліваю новыя эмоцыі і вопыт. Раблюся фізічна мацней, цягавіцей, хутчэй становіцца рэакцыя. Але акрамя таго, заняткі ўплываюць і на мой ўнутраы стан. Я раблюся смялей, пачуваюся значна больш упэўнена ў паўсядзённым жыцці, развіваю ў сабе зацятасць і веру ў сябе і свае сілы. Можа быць, каратэ таксама прыносіць у маё жыццё гармонію, бо ўсходняя філасофія ўплывае на мяне досыць моцна.
Сюрпрызы ўдзельнікам і гледачам прынесла не толькі спаборніцтва, але і ўзнагароджанне пераможцаў. 1 месца, як ужо было адзначана, узяла Анастасія. А вось на 3 месцы, акрамя вопытнай спартсменкі Елізаветы Курылінай (біяфак, 3 курс), апынулася таксама Віялета НІКІЦІК (ФФСН, 2 курс), што пачала займацца толькі нядаўна. Спартсменка паспяхова змагалася ў паядынках, але трохі саступіла суперніцы на заключным этапе. Таму тое, што суддзі прысудзілі спартсменцы заслужанае прызавое месца, тым не менш, стала асабліва радаснай навіной як для Віялеты, так і для ўсёй каманды.
-Віялета, бачу, для Вас навіну аб перамозе стала такой жа нечаканай. Вы ледзь паспелі разуцца, каб стаць на п’едэстал. — Пытаюся, гледзячы ў ззяючыя ўсмешкай вочы.
-Так, гэта вельмі нечакана для мяне.
-Што адчуваеце зараз?
-Шок… Я не ведаю, што гэта. Ну, гэта… выпадкова выйшла, наогул…
-Ды ну! У такім спорце — і выпадковасці такога плану?
-Так. Таму што я прайграла пераможцы.
-А, так хацелася першае месца?
-Ну … увогуле, вось так. Мабыць, гэта выпадкова.
-Вы абралі заняткі каратэ. Скажыце, Вас нехта натхніў на гэта?
-Не, я з дзяцінства хацела.
-А чаму толькі зараз рэалізаваліся?
-Таму што маці мяне не пускала. Я ў дзяцінстве шмат білася. А маці казала, што ў мяне слабое здароўе — і таму не пускала мяне, не адводзіла на секцыю, а сама я таксама яе не знаходзіла. А потым, калі пачала ўжо жыць без бацькоў, тады і занялася.
-Ці плануеце далей развівацца ў гэтым кірунку?
-Не. Хачу займацца проста для душы. Мне ў гэтым плане не толькі каратэ падабаецца.
-А што яшчэ?
-Я захапляюся вулічным тэатрам.
-Скажыце, ці няма ў Вас зараз пачуццяпэўнай зайздрасці? — правакую дзяўчыну, што перажывала за Віялету больш за ўсіх.
-Зайздрасці? Ніколькі. Наадварот, прыемна. А як жа? Для мяне перамога сяброўкі стала прыемнай нечаканасцю. Я балела, я вельмі хацела, каб яна перамагла.
-А Вы самі са свету адзінаборстваў?
-Не, я са свету проста дарослых працуючых людзей. Спецыфіка маёй дзейнасці не звязаная са спортам.
-А калі б Вы займаліся, дзе б Вы выступалі?
-У кумітэ. Толькі ў кумітэ.
-Чаму?
-Складана сказаць, але мне здаецца, што гэта атрымалася б у мяне лепш.
Кожныя спаборніцтвы — гэта новы этап на шляху спартсмена, новая прыступка ў яго прафесійным росце. Па вопыце заняткаў з камандай БДУ магу смела сказаць, што і тыя, хто бачаць сябе спартсменам, і тыя, хто займаецца для сябе, працуюць на вынік. «Кубак Накаяма» стаў для членаў клуба не толькі рэалізацыяй навыкаў і ўменняў. З’явілася яшчэ і добрая нагода перагледзець свае моцныя і слабыя бакі, старанна папрацаваўшы над апошнімі. Мой жа аматарскі вопыт бачыцца мне дастаткова ўнікальным: не кожны дзень змагаешся з пераможцамі, якія да таго ж браты-блізняты.
Наступныя спаборніцтвы, у якіх каманда БДУ па каратэ прымае ўдзел — пяты этап Мінскай гарадской лігі каратэ, які адбудзецца 24 красавіка на базе СК «Сэнкё». Вельмі спадзяюся, што камандзе за невялікі прамежак часу ўдасца перавесці дух, правесці работу над памылкамі — і затым паспяхова выступіць на новым турніры.
Юнакі:
Багамазаў Раман (РФіКТ, 3 курс)
Маеўскі Сяргей (філфак, аспірант 1-га г.н.)
Пасанен Дзяніс (біяфак, 1 курс)
Прыстаўка Іван (гістфак, 4 курс)
Шамякоў Антон (ФПМІ, 2 курс)
Шамякоў Сяргей (ФПМІ, 2 курс)
Шчурык Валерый (ФПМІ, 1 курс)
Дзяўчаты:
Варковіч Вольга (біяфак, 1 курс)
Іванова Алеся (геофак, 3 курс)
Івашка Ірына (Інстытут журталістыкі, 1 курс)
Курыліна Елізавета (біяфак, 3 курс)
Нікіцік Віялета (ФФСН, 2 курс)
Філонава Анастасія (Інстытут журналістыкі, 5 курс)
Шахно Вікторыя (Інстытут журналістыкі, 1 курс)
Кісель Ганна (геафак, 4 курс)
Сяргей МАЕЎСКІ