“Дзень кар’еры – вясна 2016”, арганізаваны ўпраўленнем кадраў БДУ, прайшоў на першым паверсе галоўнага корпуса ўніверсітэта. Падзея была масавай і, як і раней, дала шанец настойлівым студэнтам знайсці месца для практыкі, стажыроўкі і працаўладкавання. Было людна, а ў паветры лёталі надзьмутыя геліем шарыкі з назвай кампаній, якія прэзентавалі сябе для разумных і дапытлівых наведнікаў выставы. У мерапрыемстве прынялі ўдзел нават студэнты з іншых ВНУ.
З самага пачатку дыялогу навучэнцаў з прадстаўнікоў кампаній многія студэнты ўжо вызначылі вакансіі, якія іх цікавяць, і запаўнялі адпаведныя лісты для разгляду працадаўцамі. Прысутнічалі, галоўным чынам, студэнты малодшых курсаў, якім трэба было шукаць месца для практыкі, але пакінуць сваё мікрарэзюмэ ў скрыні ўпадабанай кампаніі прапанавалі ўсім, хто патрапіў ва ўніверсітэцкі хол. Газета “Універсітэт” прапануе паўдзельнічаць са студэнтамі ў знаёмстве з кампаніямі, якія прапануюць сябе, а таксама даведацца меркаванне маладых наведнікаў пра праведзенае мерапрыемства.
Наталля Пульяновіч, кампанія Asstra management
На “Дні кар’еры БДУ” наша кампанія ўпершыню. Мы шукаем студэнтаў эканамічных і IT-аддзяленняў. У студэнтах БДУ нас прыцягвае добрае веданне навучэнцамі замежных моў. Ад прэтэндэнтаў, якіх мы возьмем, чакаем перш за ўсё актыўнасці ў засваенні прафесіі. З імі ў нас існуе некалькі відаў супрацоўніцтва – гэта практыка для студэнтаў ад 1 да 4 курсаў, стажыроўка для студэнтаў пяцікурскнікаў і прыём на працу для тых студэнтаў, якія яе пройдуць.
Наталля Бурэц, кампанія Qulix systems
Нам удалося зацікавіць вялікую колькасць студэнтаў. Шмат людзей падыходзілі да нас і цікавіліся не толькі наяўнасцю працоўных месцаў, але і тым, як пачаць шукаць працу. Мы IT-кампанія і цікавімся прадстаўнікамі факультэтаў прыкладной матэматыкі і інфарматыкі механіка-матэматычнага факультэта, а таксама Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій для працы ў адміністраванні і кіраванні персаналам. Прыцягвае, што ва ўніверсітэце профільна рыхтуюць студэнтаў, якія падыходзяць нашай кампаніі, якія добра ведаюць мовы праграмавання. Па статыстыцы, студэнты БДУ самыя запатрабаваныя намі: з усёй колькасці іх у нашай кампаніі 40 %.
Наталля Былінская, “Тэхнабанк”
Да нас падыходзілі студэнты-фізікі, IT- спецыялісты, і вядома ж, эканамісты. Акрамя таго, на дадзены момант нам патрэбныя сакратары, таму адмысловую ўвага мы надавалі гістарычнаму факультэту, дзе іх рыхтуюць ан аддзяленні справаводства. Такія мерапрыемствы дапамагаюць ужо з юных гадоў адбіраць высокапісьменных спецыялістаў, як студэнты БДУ, якім мы гатовыя прапанаваць добрыя ўмовы працы і адпаведную аплату.
А вось што лічаць пра правядзенне дня кар’еры студэнты БДУ:
Марыя, студэнтка 2 курса факультэта фізікі і прыкладной матэматыкі
— Я ўжо працую, а на Дзень кар’еры прыйшла проста з цікаўнасці. Прыемна, усё досыць святочна арганізавана, наведнікам раздаюць цукеркі і шарыкі. Наогул, усе прапановы кампаній заслугоўваюць цікавасці. Мне здаецца, што студэнтам варта чакаць ад супрацоўніцтва з кампаніямі назапашвання досведу для пабудовы кар’еры ў будучыні.
Кацярына, студэнтка 2 курса Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ
— На мерапрыемстве я таму, што шукала месца для практыкі, бо на факультэце нам параілі зрабіць гэта лепш самім. Лічу, што такія выставы карысныя для студэнтаў.
Васіль, 4 курс факультэта радыёфізікі і электронікі
На Дзень кар’еры мяне прывяла аб’ява. Для маёй сферы дзейнасці на выставе бракуе кампаній, з якіх можна выбіраць, хіба што адзіная прыдатная “Атлант тэлеком”. Ад сваёй будучай стажыроўкі ў арганізацыі, куды прыйдзецца размяркуецца, я для сябе чакаю здабыцця досведу, але не чакаю маментальнага працаўладкавання. Наогул, пажадана было б, каб выстава ў далейшым была прадстаўлена большай колькасцю кампаній і большай іх разнастайнасцю.
На мерапрыемстве ўдалося падслухаць, што ў ФПМІ хапае вакансій для размеркавання студэнтаў і што калі выпускнікі не знаходзяць месца для размеркавання, яго для іх знаходзіць дэкан. А вось пра што кажуць студэнты малодшых курсаў – ніжэй:
Аляксандра, 2 курс факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі
— Выставай я задаволена часткова, гэта значыць я абрала для сябе кампанію, у якой можна было б прайсці практыку, але не канечне, што туды атрымаецца ўладкавацца. Наогул, пры належным старанні тут можна знайсці працу. Студэнтам, мне здаецца, варта чакаць ад практыкі назапашвання досведу і шанца на працаўладкаванне.
Сяргей, 2 курс факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі
— Знайшоў для сябе адну з кампаній па распрацоўцы IT-праграм. Ад практыкі ў гэтай кампаніі можна набрацца досведу і не разлічваю адразу атрымаць там працу. Наогул, здаецца, што такія выставы карысныя для студэнтаў хоць бы таму, што можна знайсці для сябе месца для старту ў прафесіі.
Увогуле, тыя студэнты, якія не паленаваліся пацікавіцца наяўнасцю вакансій, у любым выпадку займелі для сябе пэўнае разуменне пра патрабаваныя якасці і навыкі, а таксама атрымалі пэўныя арыенціры на рынку працы. Калі ж колькасць такіх матываваных студэнтаў будзе расці, то мерапрыемствам зацікавіцца яшчэ большая колькасць кампаній. Хацелася б, каб гэта заканамернасць пацвердзілася ўжо на наступным Дні кар’еры. Да хуткіх сустрэч!
Павел САЛАЎЁЎ
Яшчэ больш фота тут:
Відэа: