У нейкім царстве жыў-быў цар, і было ў яго… 9 сыноў! Чаму 9 і якое ж такое царства, спытаеце вы? А вам адкажуць, што царства гэта – Студэнцкі гарадок БДУ, а царэвічы, дакладней, супермены – гэта найлепшыя з найлепшых, якія прыйшлі пазмагацца за званне наймацнейшага!
23 сакавіка на сцэне ліцэя БДУ прайшоў фінал маштабнага шоу-конкурсу Студэнцкага гарадка БДУ “Супермен–2016”. У гэтым конкурсе прынялі ўдзел 9 хлопцаў з 9 студэнцкіх інтэрнатаў.
Ужо да пачатку фіналу конкурсу стала ясна: барацьба будзе не абы-якая. Бо ўдзельнікі конкурсу пачалі падрыхтоўку яшчэ ў лютым. За гэты час яны прынялі ўдзел у спартыўнай фотасесіі і фітнэс трэніроўцы; стварылі відэаролікі на тэму “… to be a Hero”; не раз адрэпеціравалі дэфіле (пастаноўкай і рэпетыцыямі займалася мадэльнае агенцтва BJ) і творчыя нумары. Увесь пройдзены суперменамі шлях гледачы змаглі ўбачыць у відэадзённіку, які адкрыў конкурсу.
Але не толькі ўдзельнікі цешылі ў гэты вечар, але і самі гледачы: кожны інтэрнат усімі сіламі падтрымлівала свайго канкурсанта. Былі і шары, і сцягі, і велізарныя фатаграфіі і не меншыя літары. Глядзельная зала бушавала, нібыта мора, кожная хваля ў якім падтрымлівала свайго канкурсанта.
Адкрыла конкурсную праграму дэфіле канкурсантаў. Як выявілася, мужчынскае дэфіле таксама бывае вельмі прыгожым і пачуццёвым. Але на гэтым моманты здзіўленняў і прыемных адкрыццяў, вядома ж, не скончыліся. Далей прэтэндэнтаў чакаў інтэлектуальны конкурс, але ён быў нестандартным. Нашым царэвічам-суперменам прыйшлося за некалькі мінуць напісаць цэлы верш на зададзеныя рыфмы. Зала была прыемна здзіўленая, бо кожны з удзельнікаў валодае яшчэ і літаратурным пачуццём, што прыемна назіраць сярод студэнтаў найлепшай ВНУ краіны.
Пасля гэтага надышла пара традыцыйнай і чаканай усімі часткі конкурсу “Супермен” – творчыя нумары. Усе яны як заўсёды былі непрадказальныя і шыкоўныя.
У гэтым конкурсе спалучалася ўсё: зліваліся разам музыка і танец, лірыка і дынаміка, белае і чорнае, дзёрзкасць і пяшчота, лялькаводства і вольны палёт. Кожны са сваёй творчай групай змог стварыць унікальныя і жывыя нумары, якія будзе прыемна ўспомніць.
Але пасля гэтага конкурсу гледачы нацешыліся і адпачылі яшчэ больш, бо прыйшоў заключны конкурс “Дэфіле ў вобразе”. Гэты год стаў вельмі ўдалым на крэатыўныя ідэі. На сцэну выйшлі рамантычны садоўнік і паляўнічы за прывядзеннямі, кароль эльфаў Легалас і Робі Роўд, Чарлі Чаплін і Сальвадор Далі, маленькі хлопчык Алешка, блазан і сам цар Канстанцін! Дзеці ўвасобілі нечаканыя і адважныя вобразы, а гэта значыць, што цяжкасцяў, як і ўсе сапраўдныя мужчыны, нашы царэвічы не баяцца.
Усе дарогі пройдзены, усе стрэлы выпушчаны, усе выпрабаванні пераадолены. Такім чынам, інтрыга вечара, хто ж стане найлепшым з найлепшых?
У намінацыі “Самы музычны” заслужаную перамогу атрымаў крэатыўны Максім Новік (інтэрнат № 4).
Ганаровае трэцяе месца дасталася абаяльнаму Аляксею Скадорву (інтэрнат № 7).
Званне віцэ “Супермен” і прыз у намінацыі “Спорт” атрымаў харызматычны Антон Слагода (інтэрнат № 2).
Перамогу ў шоу-конкурсе “Супермен”, а таксама перамогі ў адмысловых намінацыях “Супермен анлайн” і “Найлепшае відэа” атрымаў Міхаіл Гарэлышаў, інтэрнат № 6.
Але незалежна ад таго, хто атрымаў перамогу, пра ўсіх удзельнікаў конкурсу можна смела сказаць, што яны сапраўдныя героі. І хай яны заўсёды будуць імі для свайго царства. А вечар конкурсу і яго ўдзельнікі надоўга застануцца ў памяці і сэрцах гледачоў.
Алеся ЗУБОК