Загадчык заалагічнага музея БДУ распавёў, адкуль бяруцца самыя незвычайныя экспанаты

4 Apr, 2016.

Зоологический музей БГУ

Ці ведалі вы, што на базе біяфака БДУ працуе найвялікшы музей заалогіі ў краіне? Калі не ведалі, нічога. Бо вы не знойдзеце яго ні на “Рэлаксе”, ні на “Афішы.Тут.бай”, няма ў музея і вялізных банераў у горадзе. Ды і сам ён знаходзіцца па-за межамі кальцавой, на вуліцы Курчатава, 10, побач з ФРКТ. Музей большасць часу выконвае вучэбныя і навукова-даследчыцкія функцыі. У ім займаюцца выкладчыкі і студэнты-біёлагі, а вольныя наведнікі могуць за сімвалічную суму паглядзець калекцыю па серадах і чацвяргах з 9.00 па 17.00.

Экскурсіі таксама магчымыя па дэмакратычных коштах. Для нас, напрыклад, яе правёў загадчык музея энтамолаг Аляксандр Пісаненка, які аддаў музею большую частку жыцця. Разам з ім мы ўваходзім…

Зоологический музей БГУ

Першая часта экспазіцыі — зала гісторыі. Узнагароды і асабістыя рэчы былых супрацоўнікаў пакладзены пад вітрыны 1928 года. Гэта амаль першыя вітрыны музея. Далей пачынаецца непасрэдна выстава — зала бесхрыбтовых. Яе падзяляюць малюскі, каралы, чарвякі, членістаногія. Шмат рознакаляровых матылёў з усіх бакоў свету прывезлі сюды, ёсць велічэзныя з палову кулака жук-галіяф і жук-геркулес.

— Адкуль бяруцца гэтыя істоты?

— Раней была магчымасць набываць. У пасляваенны час арганізоўвалі экспедыцыі. Напрыклад, выпускнік БДУ член-карэспандэнт НАН Беларусі А. П. Астапеня прывозіў з Байкала ракападобных, а таксама малюскаў і рыб з Індыйскага акіяна. У 1971 г. музей папоўніўся рэдкімі прадстаўнікамі антарктычнай фаўны, якія перадаў нам былы студэнт БДУ Ю. Г. Гігіняк. А ў апошні час экспазіцыя музея пашыраецца за кошт падарункаў ад наведнікаў. У заапарках гіне жывёла — мы спрабуем дамовіцца, каб бясплатна яе атрымаць. Але цяпер усё стаіць на камерцыйнай аснове і нават загінулая жывёла ацэньваецца ў 10 % ад першапачатковага кошту.

  • Збіраюць калекцыю з заснавання БДУ ўжо 95 гадоў. Нават не музей, а кабінет пры кафедры заалогіі заснаваны прафесарам А. В. Фядзюшыным. Спачатку ён быў у корпусе сучаснага геафака.

— Як і ў любым музеі, без праблем не абыходзіцца, — пераходзім у наступную залу – рыб, амфібій, рэптылій. — Санстанцыя, напрыклад, забараняе праводзіць работы, звязаныя з трупным матэрыялам, на факультэце.

— Як жа вы з гэтага выходзіце?

— А мы зараз амаль толькі са старым матэрыялам працуем. Або ёсць іншы шлях. Зараз убачым 6-метровы муляж кіта-касаткі ў натуральную велічыню, выраблены нашым супрацоўнікам А. А. Міцяніным з пенапласту і распісаны фарбамі.

Зоологический музей БГУ

  • Макет касаткі важыць каля 300 кілаграмаў. На стэлажы яго зацягвалі самі супрацоўнікі музея з дапамогай немудрагелістага пад’ёмніка.

Пад вітрынай у аддзеле рыб можна пабачыць вялізную (па нашых, беларускіх, мерках) бялугу – у два, а можа і болей, метры даўжынёй. Падыходзім да яе.

— Я неяк звярнуўся да нашага былога рэктара Ф. М. Капуцкага: “Ведаеце, Фёдар Мікалаевіч, у нас рыбы вельмі дрэнна прадстаўлены. Давайце набудзем бялугу. Зараз яе прывезлі ў рэстаран гасцініцы “Турыст” з Каспійскага мора. Яна невялікая, 100 кг усяго”. Ён адказвае: “Ведаеце, у нас харчовая праграма не вырашаная. Грошай няма, таму калі вы яе набудзеце, то павінны прадаць мяса і вярнуць грошы ўніверсітэту”. Гэтак мы туды і паехалі. Заплацілі за галаву і скуру. Каля 20 кілаграмаў вагі. А мяса знялі і пусцілі яго ўжо там, на кухні, “на вуху”. Гэта адзіная такая буйная рыба ў (прыродна-гістарычных музеях) Беларусі дакладна.

  • У музеі з 90-х гадоў працуе штатны мастак-таксідэрміст Аляксандр Міцянін. Аляксандр Дзмітрыевіч кажа, што Міцянін — найлепшы спецыяліст за гісторыю музея, і вельмі шкадуе, што заробак музейнага мастака неадэкватны яго прафесіяналізму і цяжкасці працы. Па меркаванні загадчыка музея, БДУ павінен максімальна выкарыстоўваць магчымасць, пакуль гэты чалавек працуе, каб папоўніць фонд музея якаснымі пудзіламі.Зоологический музей БГУ Александр Митянин

Зала птушак самая вялікая. Ёсць там асаблівая кампазіцыя: два дарослыя пінгвіны кормяць сваіх пухнатых птушанят.

— Гэта біягрупа, — паказвае загадчык музея за пудзіла пінгвінаў. — Іх прывёз калісьці наш выпускнік Юрый Гігіняк. Ён і цяпер ездзіць у Антарктыду. Яму недзе пад 70 гадоў. А ён у свае гады яшчэ апускаецца на марское дно з аквалангам.

— Няўжо ён іх забіў, каб зрабіць пудзіла?

— Канешне, не. Напрыклад, калі пінгвінаў пужаюць, яны бягуць усім натоўпам і душаць сваіх жа птушанят. І ён казаў, што іх (загінулых) была там вялікая колькасць. Юрый сабраў ужо мёртвых.

Зоологический музей БГУ— А напужалі іх, напэўна, людзі?

— Не заўсёды. Часцей гэта марскія драпежнікі. А людзей на навуковых антарктычных станцыях мала.

— А ўвогуле, ці можаце вы забіць жывёлу, каб яна трапіла на паліцу?

— Раней маглі. Цяпер ёсць закон, які ахоўвае раслінны і жывёльны свет. Ніхто не мае права страляць, забіваць без спецыяльнага дазволу. Калі мы паляўнічыя, то мы можам здабыць глушца, цецерука — паляўнічыя віды. Але гэта ўсё ёсць. А тое, што нам трэба, амаль усё ў Чырвонай кнізе. Атрымаць на іх дазвол практычна немагчыма. Давядзецца доўга цягацца па інстанцыях, і ў рэшце рэшт усё роўна адмовяць. Застаюцца толькі заапаркі і нейкія выпадковыя паступленні.

  • За ўвесь час існавання музей пераязджаў разы 4. У 2000-х ён атрымаў новае памяшканне амаль на 1000 м2, дзе і знаходзіцца сёння.

Апошні пераезд музея адбыўся пры рэктары А. У. Казуліну. У работы па аздабленні памяшкання і набыццё новых вітрын адміністрацыя ўклала велізарныя сродкі. Гранітная падлога абышлася вельмі дорага, амаль паўмільёна. Аздабленне і вітрыны — каля трохсот тысяч. Музей закладалі спачатку маленькім, 300 м2 усяго. А потым, калі пачалі праектаваць будынак, я пераканаў архітэктараў пашырыць плошчу за кошт малавыкарыстоўваных памяшканняў. Напрыклад, у нас спачатку была закладзеная сталовая — пра гэта мала хто ведае — на 150 пасадачных месцаў. Плошчу буфета мы скарацілі на 300 м, — смяецца Аляксандр Дзмітрыевіч. — Угаварыў, што нам хопіць маленькай сталовай.

  • Акрамя 6 залаў ды 2 галерэй, у мурах музея закладзена месца для 12 дыярам, з якіх пакуль створаная толькі адна.

— Гэта вялікія адноўленыя кавалкі прыроды з якімі-небудзь сцэнамі з жыцця жывёл, — тлумачыць экскурсавод.

Зоологический музей БГУ

— А чаму не ўсе гатовыя?

— Стварэнне адной каштуе ў сярэднім $25-30 тысяч. Мастак піша палотнішча — гэта ўжо $7-10 тысяч. А бутафорыя, экспанаты? Адзіную дыяраму мы з супрацоўнікамі музея зрабілі самі, каб хоць паказаць, што гэта такое. Бо многія нашы людзі спачатку не ведалі, што ўяўляе з сябе дыярама. Тут кавалачак лесу, хаткі баброў. Мы хацелі зрабіць яшчэ птушыны базар на скале, трапічны лес з малпамі і іншае.

Мінуўшы залу млекакормячых, падымаемся на галерэю з балюстрадай. Вышыня музейнай залы месцамі дасягае 5 метраў. “Гэта каб жырафу ў поўны рост можна было паставіць”, — спадзяецца Аляксандр Дзмітрыевіч.

Зоологический музей БГУ

— Ці былі Вы на выставе “Таямніцы цела”? Як Вы ставіцеся да спробы паказваць чалавека гэтак жа, як Вы тут паказваеце жывёл?

— Не, не быў. Проста не ведаў пра гэту выставу. Мне гэтак падаецца… Ну, жывёл таксама шкада. Але гэта працэс спазнання. Там («Таямніцы цела»), хутчэй за ўсё, шоу. Гэта не працэс спазнання, а нешта накшталт “хлеба і відовішчаў”. Вось відовішча мне трэба. Я пайду ды пазабаўляюся. Не ведаю… Ва ўсялякім разе, наш музей у катэгорыю шоу не ўваходзіць (смяецца).

— Чалавечае пудзіла тут не з’явіцца?

— Не, наўрад ці. Ды дорага гэта вельмі.

— А калі хтосьці ахвяруе?

— Медінстытут часам бярэ. А раней і набыць можна было. Чалавечы шкілет, памятаю, у 70-я гады каля 200 рублёў каштаваў. Але, зразумела, для вучэбных мэтаў толькі.

Наверсе можна пабачыць жывёл з анамаліямі, ці, папросту кажучы, мутантаў — альбіносаў, зародкаў жывёл і нават чалавека, завезеныя ў Беларусь віды.

— Вось, напрыклад, дрэйсена належыць да завезеных відаў, распаўсюдзілася вельмі шырока, нават насяляе Свіслач. Дрэйсены ствараюць абрастанні і перашкаджаюць іншым жывёлам.

Калі дрэйсена жыве ў чыстай вадзе, дык атрымліваецца, што наша Свіслач чыстая?

— Да пэўнага моманту чыстая. Да Палаца спорту сталі сустракацца судак, лешч, шчупак і іншыя рыбы. А ўжо ніжэй… Але ракі ў рацэ ўсё ж ёсць. Гэта ўжо пра штосьці гаворыць, (хімічных) скідаў стала значна меней.

Перадапошняя частка антрэсолі — палеаанталагічная. Там можна пабачыць скамянелыя рэшткі старадаўніх трылабiтаў, ракаскарпiёнаў, аманітаў, каралаў, панцырных рыб, якіх знаходзяць у салігорскіх шахтах, а яшчэ косткі мамантаў, буйвалаў і іншых жывёл.

Зоологический музей БГУ

— Пры будаўніцтве станцыі метро “Уручча” мы знайшлі вялізную колькасць (шкілетаў) жывёл. У тым ліку ляснога слана. Яны яшчэ раней за мамантаў вымерлі. Адзіная знаходка ў Беларусі. Лясны слон дасягаў вагі ў 6 тон, мог быць да 3 з паловай метраў вышыні. Гэтай знаходцы ад 90 да 120 тысяч гадоў. Шкілет слана ляжаў у вадзе, на глыбіні 14 м. Таму захаванасць яго вельмі добрая, зубы нават не патрэскаліся. Біялагічны ўзрост жывёлы склаў каля 40 гадоў. Чаму ён загінуў, невядома. Там быў пажар, або маланка ўдарыла, або яшчэ што. Дрэвы ў вадзе, бачыце, абсмаленыя,побач з косткамі ляжала некалькі абламаных пален.

Дрэвы? Дык колькі ж ім гадоў?

Ну, столькі ж. 90-110 тысяч. Калі я даставаў іх з вады, яны яшчэ мелі пах сасны.

— Як дзейнічае гэты механізм? Працаўнікі на будоўлі знаходзяць нешта і клічуць вас?

— Хіба яны паклічуць?! Працаўнікі знаходзяць фрагменты шкілетаў старажытных жывёл і імкнуцца атрымаць за іх пэўную суму. Мы самі капалі.

Зоологический музей БГУДамаўляліся з кіраўніцтвам. Толькі па выхадных, калі няма тэхнікі. Уявіце: стаць сцяна на глыбіні 14 метраў. А трэба лезці пад гэтую сцяну. Так мы з нашым супрацоўнікам В. Н. Вараб’ёвым, дарэчы, дасталі частку шкілета бізона. Вось, бачыце, тут (костка) разбітая. Гэта трактар араў ды перабіў. Гэта ж цэльны шкілет быў! У вадзе, без доступу кіслароду. Добра захаваўся. І нам не далі яго ўзяць. Прасілі спыніць будоўлю. Нам не дазволілі. Сказалі, што метро важней здаць. А самі мы капаць не можам без дазволу дзяржавы. Але там у раёне вуліцы Русіянава на вялікай глыбіні пад слоем глебы ў вадзе засталіся шкілеты многіх вымерлых жывёл: мамантаў, аленяў, бізонаў. Некалькі тысячагоддзяў таму тут знаходзілася старажытнае рэчышча Свіслачы з азёрамі. Замежныя спецыялісты даведаліся (пра ляснога слана), яны лічаць, што гэта знаходка — рэдкасць вялікая. Апошні раз ляснога слана знаходзілі пад Ла-Маншам, калі будавалі метро. Але (іх рэшткі слана) у дрэнным стане.

За гэтакімі амаль мюнхаўзэнскімі гісторыямі і прайшлі мы ўсе залы музея. Хочаце — верце, хочаце — не, а лепей прыходзьце, ды самі пабачце, чым здзіўляе заалагічны музей БДУ.

  • Кожны сезон заалагічны музей наведвае 7-12 тысяч чалавек. А закрываецца выстава на рэстаўрацыю недзе ўлетку, калі студэнты сыходзяць на канікулы.

Размаўляў Віталь АРЭШКА

Прэзентацыю Заалагічнага музея БДУ пабачце тут:

Зоологический музей БГУ

Зоологический музей БГУ

print

Вам таксама можа спадабацца: