Існуе меркаванне, што журналістыка – вельмі простая праца: можна пісаць усё, што ўздумаецца, і пры гэтым камунікаваць са знакамітасцямі, быць знакамітым самому і атрымліваць вялікія грошы. Але ці так гэта насамрэч? Для газеты “Універсітэт” мы задалі пытанні пра распаўсюджаныя міфы пяці журналістам-практыкам, якія дапамогуць разабрацца, што за прафесія ўсё ж журналістыка.
— Ці праўда тое, што журналіст – вядомая прафесія.
Дзмітрый Умпіровіч, газета “СБ”, стаж працы ў журналістыцы больш за 5 гадоў.
— Не. Журналістаў-“друкароў” практычна не пазнаюць, у тым ліку ў грамадскіх месцах. А вось журналістаў-“тэлевізійшчыкаў”, якіх можна ўбачыць на экране, могуць. Вось асабіста мяне пазналі ўсяго двойчы, у першы раз, калі аднойчы я ў адным з працоўных званкоў стаў дыктаваць сваё прозвішча, а мне з іншага канца провада адказалі, што ведаюць мяне. Іншы выпадак, калі я падаваў скаргу, але не як журналіст “СБ”. Тады той, з кім я вырашаў праблему сказаў, што не памятае мяне сярод выпускнікоў журфака. На скаргу гэта ніяк не паўплывала, але потым я ўспомніў, што гэты чалавек мог мець нейкія сувязі з Інстытутам журналістыкі.
-Журналіст плануе працоўны графік, як яму хочацца.
— Калі працадаўца, запрашаючы да сябе, кажа, што графік вольны, гэта азначае толькі адно: ты будзеш працаваць больш за адведзеных восем гадзін у дзень, – падзяляецца досведам Андрэй Гамыляеў, стаж працы больш чым 10 гадоў, апошнія чатыры гады з’яўляецца штатным супрацоўнікам найбуйнейшага беларускага інфармацыйнага партала “Анлайнер”. — У нас, напрыклад, галоўнае, каб матэрыял выйшаў своечасова. Тым не менш нашы журналісты прыходзяць на працу па штатным раскладзе. Вось у мяне, дарэчы, ненармаваны працоўны дзень, які парой складаецца з і начных рэйдаў, і камандзіровак у выхадныя дні. У тэорыі, пасля кожнай такой паездкі я магу ўзяць адгул, вось толькі ад працы мяне гэта не вызваляе. Матэрыял павінен з’явіцца на сайце аператыўна і ў патрэбны тэрмін.
Вераніка Шупенька, малады спецыяліст газеты “Бярэзінская панарама”
— Журналіст піша толькі тое, што яму хочацца.
— Безумоўна, не, бо існуе заданне рэдакцыі. Можна сказаць, тэксты, якія нам даводзіцца падаваць у газету, прыкаваны да календара падзей, якія нам як СМІ даводзіцца асвятляць, бо па канстытуцыі мы абавязаны асвятляць падзеі, якія здараюцца ў грамадстве. У выніку прыкладна 65 % ад выкананай працы – заданне рэдакцыі, а 35 % — напісанне матэрыялаў, якія прыдумляеш сам.
Алена Цярэшка, стаж працы ў журналістыцы 5 гадоў, ад раённых да рэспубліканскіх выданняў. Сышла з прафесіі.
— З боку можа здацца, што журналісты нядрэнна ўладкаваліся: нічога не робяць, толькі брудзяць паперу і атрымліваюць за гэта грошы. Але ўсё нашмат складаней. Зарплата журналіста складаецца з акладу і ганарараў. Аклады, як правіла, мінімальныя, а памер ганарару залежыць ад рэдакцыі: ад мізэрнага да невялікага. Каб атрымаць сярэднюю зарплату па краіне, даводзіцца шмат працаваць, часам у выхадныя ці ўвечар. Да таго ж у нашай краіне ў гуманітарных галінах, дзе галоўным чынам працуюць жанчыны, плацяць мала.
Тарас Шчыры, спецыяльны карэспандэнт газеты “Звязда”.
— Журналісты галоўным чынам камунікуюць са знакамітасцямі.
— Я так не думаю. Многае вызначае скіраванасць працы журналіста. Бо хтосьці вядзе свецкую хроніку, а хтосьці асвятляе сацыяльную тэматыку, ездзіць па глыбінцы, піша пра медыцыну, міліцыю і выратавальнікаў, эканоміку і прамысловасць… Так, мне даводзілася гутарыць са знакамітасцямі, але залішняга гонару сам факт зносін з імі выклікаць не павінен. Гэта праца. І я не думаю, што многія журналісты будуць доўга хадзіць і фарсіць тым, што зрабілі матэрыял з якім-небудзь вядомым чалавекам. Але за калегаў заўсёды прыемна, калі ім удаецца сапраўды разгаварыць таго, хто журналістаў увагай да гэтага ніколі не мілаваў. Гэта вялікі поспех.
Журналістыка – складаная прафесія, якая патрабуе каласальнага прыкладання сіл, але студэнты могуць быць спакойныя: за іх падрыхтоўку ад БДУ адказваюць прафесіяналы Інстытута журналістыкі. Дарэчы чарговы выпуск журфака налічвае 177 чалавек: 37 спецыяльнасці перыядычнага друку, 43 – аўдыявізуальная журналістыка, 43 – вэб-журналістыка, 20 чалавек – менеджмент СМІ і міжнародная журналістыка, 11 выпускнікоў інстытута – замежнікі, 16 чалавек – літаратурная праца (рэдагаванне) і 7 чалавек – літаратурная праца (творчасць). Усе гэтыя людзі здадуць дыпломныя праекты ў чэрвені і пасля размеркавання змогуць знайсці сябе на шырокім полі журналістыкі нашай краіны.
Павел САЛАЎЁЎ