17–18 мая ў Мінску пад такой назвай прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя і Х навукова-тэарэтычны семінар «Інавацыйныя стратэгіі ў сучаснай сацыяльнай філасофіі», арганізатарамі якіх выступілі БДУ, Інстытут філасофіі НАН Беларусі і грамадскае аб’яднанне «Дыялог Еўразія».
Удзельнікі абмеркавалі праблемы і перспектывы кроскультурнага дыялогу народаў Еўразіі ва ўмовах глабальных рызык, геапалітычнай нестабільнасці і сацыяльных трансфармацый.
XXI стагоддзе прынесла чалавецтву значныя пераўтварэнні: змяняецца сацыяльна-культурнае аблічча свету, у стане крызісу апынаецца папулярная ў апошняй траціне ХХ ст. ідэалогія мультыкультуралізму, краіны і народы ад супрацоўніцтва пераходзяць да канфрантацыі, актуалізуюцца праблемы міграцыі, патрабуюць перагляду, здавалася б, устояныя сістэмы каштоўнасцяў, трансфармуюцца гарадскія і прыродныя ландшафты. Шматлікія змены патрабуюць асэнсавання і разгляду ў навуковай супольнасці. Стварэнне дыскусійнай пляцоўкі для абмеркавання актуальных праблем як сацыякультурнага развіцця, так і развіцця сацыяльна-гуманітарных ведаў і стала асноўнай мэтай арганізатараў канферэнцыі. Яе канцэптуальная праграма грунтуецца на найважнейшых даследчых выніках кафедры філасофіі і метадалогіі навукі БДУ, якую на працягу больш як 25 гадоў узначальвае прафесар А. І. Зелянкоў.
Канферэнцыя «Дыялог культур у эпоху глабальных рызык» – найважнейшая падзея ў сферы сацыяльна-гуманітарных навук не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй постсавецкай прасторы. Да яе далучыліся звыш трохсот навукоўцаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі, Малдовы, Турцыі і іншых дзяржаў.
На пленарным пасяджэнні ў Нацыянальнай бібліятэцы РБ з вітальным словам выступілі прарэктар БДУ А. В. Данільчанка, дырэктар Нацбібліятэкі Р. С. Матульскі, дырэктар Інстытута філасофіі НАН Беларусі А. А. Лазаровіч. Аўтар ідэі навуковага семінара «Інавацыйныя стратэгіі ў сучаснай сацыяльнай філасофіі» дацэнт В. В. Анохіна выступіла з гістарычным экскурсам. Дакладчыкі з Беларусі, Расіі, Украіны і іншых краін распавялі пра праблемы развіцця культуры ва ўмовах глабальных рызык, узаемасувязь філасофскай і экалагічнай праблематыкі, а таксама пра сітуацыю ў сферы ўніверсітэцкай адукацыі ў сучасным свеце.
17 мая прайшлі форумы «Цывілізацыйныя разломы сучаснасці і перспектывы дыялогу культур», «Геапалітычныя выклікі і дынаміка сучасных міграцыйных працэсаў», «Экалагічныя і сацыяльныя рызыкі ў эпоху глабалізацыі».
18 мая на базе факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ працаваў Х навукова-тэарэтычны семінар «Інавацыйныя стратэгіі ў сучаснай сацыяльнай філасофіі». Ён з 2006 г. штогод праводзіцца кафедрай філасофіі і метадалогіі навукі БДУ і з’яўляецца важнай падзеяй у навуковым жыцці маладых навукоўцаў, аспірантаў і студэнтаў універсітэта. У 2016 г. семінар адзначыў дзесяцігадовы юбілей. Яго тэматыка была звязана з разглядам перспектыў дыялогу культур у інфармацыйным грамадстве, гарызонтаў развіцця сучаснай цывілізацыі, стратэгіі мадэрнізацыі беларускага грамадства, праблем сучаснай навукі, культуры, адукацыі. Акрамя таго, маладыя навукоўцы абмеркавалі праблемы экалагічнай нестабільнасці і перспектывы «зялёнай эканомікі» і падзяліліся сваімі напрацоўкамі ў вывучэнні трансфармацыі інфармацыйна-медыйных ландшафтаў у сучасным свеце. У гэты ж дзень адбыўся круглы стол на тэму «Выклікі глабальнага свету і дыялог культур» і падведзены вынікі канферэнцыі.
Прафесар Анатоль ЗЕЛЯНКОЎ,
загадчык кафедры філасофіі
і метадалогіі навукі