Цёплы красавіцкі ранак. Я спяшаюся на Плошчу Незалежнасці, дзе паціху збіраюцца людзі. Што будзе тут адбывацца? Пакуль не ведаю.
Вядома толькі тое, што ў 10.00 ў суботу сюды збіраюцца цікаўныя да экскурсій. Усё больш і больш людзей. Дзядулі, бабулі, маладыя сем’і, дзеці, студэнты БДУ (адна з іх я) – усе вырашылі правесці раніцу разам з “Клубам экскурсаводаў” Інстытута турызма БДУФК. І паслухаць пра “Плошчу незалежнасці ў пяці дзеяннях”.
22-24 красавіка ўсе жадаючыя змаглі трапіць на “Фэст экскурсаводаў – 2016”.
Гэта больш за сотню бясплатных экскурсій па ўсёй Беларусі на розныя тэмы. Госці маглі патрапіць на пешыя і веласіпедныя экскурсіі па горадзе, у храмы Мінска, творчыя майстэрні, музеі і галерэі; наведаць некаторыя прадпрыемствы сталіцы. Таксама адбылося некалькі экскурсій, падрыхтаваных для дзяцей. Замежныя госці маглі наведаць экскурсіі на замежных мовах.
Але зараз вярнемся да экскурсіі, на якую трапіла я. Плошча Незалежнасці, а, больш дакладна, месца каля гасцініцы “Мінск” хутка запоўнілася людзьмі.
— Добрай вам раніцы! Дзякуй, што прачнуліся,– звярнулася валанцёрка Марына.
А прачнулася дзесьці чалавек 40. Акурат столькі прайшлі анлайн-рэгістрацыю на гэтую экскурсію.
— Гэтае мерапрыемства бясплатнае. Праходзіць ўжо сёмы раз ва ўсёй Беларусі. На гэты раз прыўрочана да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцінаў, – расказвае слухачам Марына.
І вось ўжо першы экскурсавод – Хрысціна Васілевіч – вядзе групу па Плошчы.
— Мы з вамі знаходзімся перад домам Гайдукевіча. Ён быў пабудаваны ў 1912-1914 гады. Яго таксама называюць домам Кастравіцкай Ядвігі…– пачынае Хрысціна.
Першая частка пра “даходныя дамы” прайшла вельмі хутка. І я запытала: “А дзе ж тут абяцаныя ўсім незвычайнасці?”
Калі я з натоўпам людзей падыходзілі да Чырвонага Касцёлу, звярнула ўвагу на незвычайную на выгляд дзяўчыну. Яна трымала ў руках старую камеру, здымала ўсіх мінакоў. Сваім выглядам нагадвала мастачку з 50-тых гадоў мінулага веку: серае паліто, нібы знятае з дзядулінай шыі, карычневата-крэмавы шалік і чорны берэт.
— О, масоўка. Не жадаеце паўдзельнічаць ў фільме? – запытала нас дзяўчына.
— Які фільм? У нас тут экскурсія! – адказала ёй Хрысціна.
— Хто ж лепш раскажа пра Касцёл? Той, хто працуё ў ім, – звярнулася да яе дзяўчына.
Яна пачала гісторыю пра Касцёл Святых Сымона і Алены.
— У савецкі час замест Касцёла тут размяшчалася кінастудыя, дзе былі знятыя класіка савецкага кіно: “Часы остановились в полночь”, “Девочка ищет отца”. У 50-тыя гады над Касцёлам з’явілася пагроза знікнення. Быў распрацаваны план, згодна з якім на месцы Касцёлу хацелі пабудаваць самы вялікі кінатэатр Мінску. Аднак месная інтэлігентыя не дазволіла гэтага зрабіць. І зараз вы бачыце гэты будынак ў сапраўдным выглядзе. А ведаеце, што Касцёлу была падаравана плашчаніца Хрыста? Лічыцца, што копія, якая знаходзіцца тут, адна з самых дакладных. БДУ правёў даследванні і вызначыў, што плашчаніца зараджана станоўчай энергіяй.
Тады і энергія нашых позіркаў накіравалася да Галоўнага корпусу БДУ.
Праз дарогу ад будынку, каля Дзяржаўнага педагагічнагауніверсітэта стаяў “мужчына”. З белымі, нават, лепш сказаць, колеру попела валасамі, белымі вусамі, серым у клетку паліто. Яго задуменны погляд быў накіраваны на Галоўны корпус БДУ.
— Прывітанне. Я Альберт Эйнштэйн. Аўтар дзвюх тэорыя адноснасці мог калісьці выкладаць тут. Мяне запрасілі на пасаду выкладчыка матэматыкі ў БДУ. Я падаў прашэнне аб пераездзе ў Беларусь. Але гэтага не атрымалася. Зараз я раскажу вам пра Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, бо я вывучаў яго і знаю больш за ўсіх.
І Эйнштэйн, сапраўды, расказаў калі не ўсё, то шмат чаго пра БДУ.
Потым экскурсія накіравался да “Галоўпаштамта”, каля будынка Галоўнага корпусу БДУ. Пра “Галоўпаштамт” расказала Хрысціна:
— Гадзіннік, які устаноўлены на будынку, у 70-тыя пеў песню “Радзіма мая дарагая”. Але ў 80-тыя выйшаў указ аб цішыні ў горадзе. І гадзіннік перастаў пець…
А тым часам праз дарогу ад “Галоўпаштамта” стаіць гасцініца “Мінск”. Туды мы і пайшлі далей.
Каля раняшняга места збору стаяла дзяўчына. Яна выглядала як афіцыянтка: сабраныя валасы, чорны касцюм, чырвоная сурвэтка на руцэ.
— Добры дзень. Вас вітае Аіша. А раней мяне звалі Наталляй Аліевай. Я была студэнткай БДУФК. Практыку праходзіла тут ў гасцініцы “Мінск”. Аднойчы ў сюды завітаў наследны прынц Дубая. Які абраў мяне сваёй жонкай. І зараз мы жывем разам ў Дубаі.
Я раней не ведала гэтых фактаў. Словы падзейнічалі: усе слухалі гісторыю пра гасцініцу “Мінск”. Там, дзе пачалася экскурсія пра Плошчу Незалежнасці ў пяці дзеях, яна і скончылася.
Людзі разыходзіліся з прыемным настроем. Студэнткі БДУ, якія слухалі экскурсію са мной, падзяліліся, што пабягуць праз гадзіну на другую. А я “вылавіла” валантэрку Каралёву Марыну, былую студэнтку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і спытала больш пра “Фэст экскурсаводаў”.
У гэтым годзе фэст зрабіў электронную рэгістрацыю на ўсе экскурсіі. Яна дазваляе, у першую чаргу, абмежаваць колькасць ўдзельнікаў, тым самым зрабіць камфорт і для экскурсаводаў.
Не ўсе нашы экскурсаводы маюць гукаўзмацняльнікі. А у мінулыя годы прыходзіла і сто, і дзвесце слухачоў… Таксама гэта звязана з мэтай фэсту. Гэта зроблена, каб людзі ўдумліва адносіліся да экскурсій.
Пра экскурсію “Плоўча Незалежнасці ў пяці дзеяннях” распавяла куратарка экскурсаводаў Алена Худніцкая:
— Васілевіч Крысціна, Бабок Юлія, Юцкевіч Анастасія і Домніч Уладлена прадставілі на фестывалі гэтага года абноўленую і перапрацаваную экскурсію «Плошча Незалежнасці ў пяці дзеяннях». Іх экскурсія з элементамі тэатралізацыі была цёпла прынята ў мінулым годзе, і натхніла дзяўчат на развіццё тэмы. Суботняй раніцай гісторыю плошчы распавядалі новыя персанажы. Такая падача дазваляе візуалізаваць гісторыю, даць сухім фактах вобраз. Дзякуючы намаганням пачаткоўцаў-экскурсаводаў можна было ўбачыць «асобы» Чырвонага касцёла, галоўнага корпуса БДУ, гасцініцы Мінск, а таксама акунуцца ў самыя цікавыя моманты гісторыі плошчы.
У гэтым годзе да фэсту падключыліся: арганізацыя «Беларускі камітэт ICOMOS» пры падтрымцы ГА «Беларуская асацыяцыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў» Нацыянальнага агенцтва па турызме і рэсурсу «Guides.by — гіды і экскурсіі па Беларусі».
Застаецца верыць, што добрая традыцыя “Фэсту экскурсаводаў” будзе працягвацца. Прывабліваць новых слухачоў, а таксама даваць практыку студэнтам- экскурсаводам.
Фаіна НАКАНЕЧНАЯ