Студэнцкая каманда «Атэізм голуба» факультэта філасофіі і сацыяльных навук стала пераможцам V Міжнароднай міжуніверсітэцкай алімпіяды па асновах псіхалогіі і педагогікі «Асоба і Інавацыі».
Спаборніцтва завяршылася 22 красавіка ў Гомельскім дзяржуніверсітэце імя Францыска Скарыны.
У склад каманды ўвайшлі чацвёртакурснікі, якія навучаюцца па спецыяльнасці «Псіхалогія», Кацярына Барысенка, Канстанцін Каштанаў, Ілья Лемец, Марыя Майсяйчук, Уладзімір Слука і Дзіна Страпко.
Кіраўніком была старшы выкладчык кафедры псіхалогіі БДУ Галіна Фафанава. Сёлета ў алімпіядзе бралі ўдзел 22 каманды ВНУ Беларусі і Расіі, сем з іх – псіхалагічнага профілю.
Наша каманда стала пераможцам у трох турах з чатырох: тэарэтычным (анлайн-тэсціраванне па асновах псіхалогіі і педагогікі), практычным (інавацыйны праект) і творчым (візітоўка каманды). У туры «Крэатыўнае фота каманды» «Атэізм голуба» заняла трэцяе месца па ацэнках журы, але першае па меркаванні карыстальнікаў сацыяльнай сеткі «УКантакце» – каманда перамагла ў намінацыі «Зоркі ў сетцы». Яна таксама стала пераможцам у намінацыях «Псіхалагічнае вынаходства», «Інтэлектуальны гумар», «Псіхажурналістыка» і «Відэарадыус». У індывідуальным заліку Кацярына Барысенка заняла трэцяе месца ў тэарэтычным туры, Уладзімір Слука стаў пераможцам намінацыі «Артыстызм».
У міжнароднай міжуніверсітэцкай алімпіядзе па асновах псіхалогіі і педагогікі студэнты-псіхолагі БДУ пад кіраўніцтвам Галіны Фафанавай удзельнічаюць ужо трэці год. У 2014 г. каманда «Юнгі капітана Юнга» заняла трэцяе месца, у 2015 г. «FROMM Адлер» заваявала першае месца, і ў 2016 г. перамагла каманда «Атэізм голуба». Яна таксама была фіналістам-прызёрам (2 месца) у студэнцкай алімпіядзе па псіхалогіі «Псіалімп–2015», якая арганізуецца кафедрай псіхалогіі БДУ, але іх шлях у студэнцкім алімпіядным руху пачаўся яшчэ ў 2012 г. – на першым курсе студэнты выдатна заявілі пра сябе ў «Псіалімпе–2012».
Каманда «Атэізм голуба» і іх кіраўнік дзякуюць кіраўніцтву факультэта і кафедры псіхалогіі ў арганізацыйнай падтрымцы ўдзелу ў алімпіядзе, кіраўніцтву і калектыву тэлецэнтра Інстытута журналістыкі БДУ за пляцоўку для здымак праекта, а таксама студэнцкай супольнасці нашага ўніверсітэта за галасы, аддадзеныя за каманду ў туры «Крэатыўнае фота каманды».
Таццяна МОРАВА
Ізноў першыя
20 мая, 2016.