Навечна ў памяці

6 мая, 2016.

DSC_4018

Набліжаецца знамянальная дата ў гісторыі нашай краіны – 71-я гадавіна Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.

Для нашага народа памяць пра вогненныя ваенныя гады – незабыўнае свята, якое за­хоўваецца для новых пакаленняў, што толькі распачынаюць жыццё. Вайна прынесла на нашу зямлю нечуваныя разбурэнні, гэта каласальная трагедыя для людзей, незагойны боль стратаў амаль у кожнай сям’і. Але для нас падзеі той вайны маюць як трагічнае, так і гераічнае значэнне. Таму памяць пра іх напоўнена смуткам па незваротных людскіх стратах і пачуццём гонару за вялікія подзвігі. Подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне назаўсёды застанецца ў памяці ўсяго чалавецтва, таму што гэта была перамога дабра над злом, чалавечай годнасці над зняволеннем, розуму над цемрашальствам.
Адзначаючы сусветна гістарычнае значэнне Вялікай Перамогі, мы падкрэсліваем важнасць прапаганды славутых баявых і прац­оў­ных традыцый народа, ваенна-патрыятычнай і абаронча-масавай работы. Нашы людзі, і перш за ўсё моладзь, павінны быць гато­вымі да абароны сваёй айчыны. У рэалізацыі гэтай высакароднай задачы значны ўнёсак робяць ветэраны – жывыя сведкі і ўдзельнікі баявых дзеянняў мінулай вайны, непасрэдныя творцы Вялікай Перамогі.
Зараз у БДУ засталося толькі 26 ветэ­ранаў Вялікай Айчыннай вайны. Яны аб’яд­наны ў адпаведных секцыях, створаных на факультэтах, упраўленнях і аддзелах уні­версітэта. Назавём іх пайменна:

Біяфак
1. Гаравец Валянціна Канстанцінаўна (17.09.1922)

Геафак
2. Фешчанка Фёдар Сяргеевіч (25.09.1925)

Гістфак
3. Дударава Таццяна Яфімаўна (15.05.1922)
4. Котаў Альберт Іосіфавіч (28.10.1937)

Інстытут журналістыкі
5. Дубовік Вадзім Іванавіч (28.12.1923)
6. Львова Надзея Барысаўна (19.07.1924)
7. Сачанка Іван Іванавіч (08.11.1938)

ММФ
8. Каванава Таццяна Фёдараўна (08.01.1921)

ФФСН
9. Давідзюк Георгій Пятровіч (05.07.1923)

Фізфак
10. Дабрэга Віктар Пятровіч (09.12.1926)
11. Цегін Леанід Рыгоравіч (11.06.1927)

Хімфак
12. Кніга Маргарыта Вітальеўна (18.09.1920)

Эканамічны факультэт
13. Аляксееў Васіль Герасімавіч (07.06.1927)

Юрфак
14. Драбязка Сцяпан Рыгоравіч (07.08.1922)
15. Дулаў Андрэй Васільевіч (21.10.1924)
16. Пруднічэнка Вольга Львоўна (20.11.1923)
17. Чыгір Васіль Фёдаравіч (08.09.1924)
18. Юркевіч Мікалай Рыгоравіч (18.01.1928)

Кафедра замежных моў
19. Янушкевіч Ганна Вікенцьеўна (11.06.1923)

Упраўленні, службы і студгарадок
20. Гурын Яўген Аляксандравіч (10.02.1935)
21. Іўлеў Яфім Іпалітавіч (23.03.1915)
22. Пермякоў Пётр Іванавіч (12.07.1927)
23. Савейка Зоя Іванаўна (17.01.1938)
24. Трубач Васіль Іосіфавіч (31.07.1927)
25. Шымко Ларыса Аляксандраўна
(13.11.1935)
26. Яцкевіч Кацярына Міхайлаўна (20.01.1930)

IMG_7975
Як бачыце, у шматтысячным універ­сі­тэцкім калектыве ветэраны вайны складаюць менш за долю працэнта ад агульнай колькасці студэнтаў і выкладчыкаў, але па сутнасці яны па-ранейшаму застаюцца важнай і ўплывовай сілай нашай аlma mater. Заслужаным аўтарытэтам у рэктараце і сту­дэнцкіх грамадскіх арганізацыях карыста­юцца: ганаровы старшыня савета ветэранаў Таццяна Яфімаўна Дударава (у час вайны медсястра эвакашпіталя і камсамольскі работнік, пасля вайны дацэнт гістарычнага факультэта) і дзейны старшыня савета ветэранаў БДУ Мікалай Іосіфавіч Юрчук (лаўрэат дзяржаўнай прэміі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі).
Актыўны ўдзел у жыцці сваіх факультэтаў, у дапамозе дэканатам, прафкамам і камі­тэтам БРСМ у падрыхтоўцы і правядзенні ўрачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных дзяржаўным святам, дням факультэтаў, у тэматычных вечарах і ўроках мужнасці прымаюць ветэраны вайны Г. П. Давідзюк, С. Р. Драбязка, В. Ф. Чыгір, М. Р. Юркевіч, І. І. Сачанка і іншыя.
Адным з прыярытэтных напрамкаў дзей­насці ветэранаў з’яўляецца іх удзел у грамадзянска-патрыятычным выхаванні студэнцкай моладзі і перадачы ёй баявых і працоўных традыцый беларускага народа і яго Узброеных Сіл. Ва ўмовах абвастрэння інфармацыйнай і ідэалагічнай барацьбы ветэраны дапамагаюць юнакам і дзяўчатам аб’ектыўна асэнсаваць вопыт старэйшых пакаленняў, і галоўнае – глыбей зразумець асабістую адказнасць кожнага за лёс сваёй Айчыны.
Гэтым самым нашы славутыя ветэраны выконваюць надзвычай адказную місію – спрыяюць фарміраванню пакалення сацыяльна актыўных людзей, якія ўмеюць эфек­тыўна працаваць і быць заўсёды га­товымі да абароны сваёй радзімы. Дадзеная місія не страчвае, а набывае яшчэ большую актуальнасць, калі праблемы гісторыі вайны, яе вынікаў і ўрокаў, вырашальнай ролі савец­кага народа і савецкай арміі ў разгроме фашызму паступова нівеліруюцца, набываюць усё больш фармальнае, энцыклапедычнае аблічча, становяцца здабыткам толькі вузкіх спецыялістаў: гісторыкаў, палітолагаў, жур­налістаў.
Не заціхаюць, а нават усё больш мацней разгараюцца спрэчкі пра тыя альбо іншыя падзеі вайны. У некаторых краінах Заходняй Еўропы, Злучаных Штатах Амерыкі насель­ніцтва чамусьці верыць, што менавіта іх дзяржавы перамаглі фашызм. У іншых краінах, у тым ліку вызваленых савецкімі войскамі ад «карычневай чумы», камунізм прыраўноўваецца да фашызму. Пры такім веданні гісторыі не выклікаюць здзіўлення факты знішчэння помнікаў савецкаму салдату-пераможцу. Прыклады можна прыводзіць бясконца, у тым ліку па Польшчы, Эстоніі, Латвіі, Літве і нават Украіне. І яшчэ больш жахліва, што нават на нашай беларускай зямлі, якая перанесла столькі бядоты і па­кутаў за гады ваеннага ліхалецця, сустракаюцца факты «жарцікаў» асобных прадстаў­нікоў моладзі з фашызмам, безраз­борлівага захаплення нацыяналістычнымі і нацысцкімі ідэямі, нездаровая цікавасць да фашысцкай сімволікі, рамантызацыя воб­разаў гітле­раўскіх паплечнікаў, у прыватнасці гаўляй­тара Вільгельма Кубэ, які выстаў­ляецца ў якасці рупліўца беларускай культуры, аду­кацыі і мовы. Адсюль сустракаюцца навуковападобныя развагі тыпу: а навошта ўвогуле было перамагаць Германію, а можа, лепш каб Германія нас заваявала. Пры гэтым прыводзяцца дагматычна выхапленыя з агульнага кантэнту ходу, вынікаў і ўрокаў вайны аргументы: хто больш страціў людзей у той вайне – мы альбо немцы? Канечне, мы. А хто цяпер жыве лепей? Яны.
На жаль, ва ўмовах глабальнага супрацьстаяння ў свеце, з’яўлення новых відаў вой­наў, такіх як інфармацыйныя, псіхала­гіч­ныя, гібрыдныя, знаходзіцца нямала маладых людзей, недасведчаных, не абцяжараных навуковымі, і ў прыватнасці, гумані­тар­нымі ведамі, якім падаецца, што ў выпадку перамогі немцаў у той вайне мы б мелі сытае і заможнае жыццё, як сёння ў Германіі. Такія «разумнікі», якія здабываюць веды не з аб’­ектыўных крыніц, а галоўным чынам з розных, у тым ліку сумнеўных матэрыялаў з «сусветнага павуціння», спрабуюць са сваёй разумовай «вышыні» паказваць ветэранаў вайны падманутым, страчаным пакаленнем, іранізуюць з самой перамогі: якая ж гэта перамога, калі за дасягненне яе пакладзена столькі мільёнаў чалавечых жыццяў. Таму сёння, на мой погляд, надзвычай важным з’яўляецца далучэнне да праблем ваеннай гісторыі нашай моладзі, падлеткаў, дзяцей на аснове аб’ектыўных навуковых крыніц і дакументаў, сведчанняў саміх удзельнікаў той драматычнай і гераічнай вайны.
Хочацца засяродзіць увагу на напісанні супрацоўнікамі ўніверсітэта адмысловых прац па Вялікай Айчыннай вайне, што можна разглядаць як спецыфічную дзейнасць для БДУ, які з’яўляецца першым і вядучым універсітэтам у краіне, прызнаным цэнтрам вучэбна-навуковай і навукова-даследчай работы. Як чалавек, лёс якога звязаны з універсітэтам ужо больш за паўвека, магу засведчыць: выкладчыкі-ветэраны даска­нала валодалі і валодаюць найноўшымі тэарэтыка-метадалагічнымі метадамі даследавання не толькі пры распрацоўцы ба­завых курсаў па матэматыцы, фізіцы, біялогіі і г. д. Тут варта нагадаць імёны такіх супра­цоўнікаў універсітэта-ўдзельнікаў вайны, як: акадэмік І. М. Ігнаценка, прафесар А. Ц. Караткевіч, прафесар і рэктар БДУ ў 1972-1978 гг. У. М. Сікорскі, прафесар і Герой Савецкага Саюза А. А. Філімонаў, пад рэдакцыяй якіх апублікавана такая фундамен­тальная праца, як «Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков» (Т.1-3, Мн., 1983).
Ветэранамі ўніверсітэта апублікаваны таксама мемуарныя творы пра свой удзел у Вялікай Айчыннай вайне. Сярод іх кніга абаронцы Ленінграда, у 1950–1970-х гг. загадчыка кафедры дыферэнцыяльных ураў­ненняў, Героя Сацыялістычнай Працы Мікалая Паўлавіча Яругіна «О тех, кто выстоял: записки фронтовика» (Мн., 1989), а таксама кніга выпускніка фізіка-матэматычнага факультэта 1941 г., а ў гады вайны – ка­мандзіра групы падрыўнікоў партызанскай брыгады імя С. М. Кірава, Героя Савецкага Саюза – Уладзіміра Аляксеевіча Парахневіча «Огненные вихри: записки партизана» (Мн., 1969). Мемуары меншага фармату нашых выкладчыкаў – былых франтавікоў, парты­занаў і працаўнікоў тылу – былі сабраны і апублікаваны мною ў кнізе памяці ўнівер­сітэта (падрабязней гл.: А. И. Котов «Белгос­университет в годы Великой Отечественной войны (1941-1945 гг.): Книга Памяти». — Мн., 2005, с.120-181).
Яшчэ большы масіў твораў пра трагедыю і гераізм народа ў гады вайны апублікавалі нашы ветэраны-літаратуразнаўцы: паэты Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Якуб Колас; пісьменнікі Алесь Адамовіч, Іван Навуменка, Алесь Якімовіч; журналісты Рыгор Булацкі, Іван Сачанка; этнографы і фалькларысты Васіль Бандарчык, Анатоль Фядосік.
Асабліва трэба сказаць пра творчасць Івана Мележа. У гады вайны ён самаахвярна змагаўся на фронце, а пасля чарговага цяжкага ранення самааддана працаваў выкладчыкам ваеннай падрыхтоўкі на ўсіх факуль­тэтах універсітэта, што функцыянаваў на станцыі Сходня ў Падмаскоўі. Пасля вайны закончыў універсітэт (1945 г.), аспірантуру (1948 г.). Затым працаваў старшым выкладчыкам БДУ і адначасова ў часопісе «Полымя». З яго вялікай літаратурнай спадчыны дастаткова назваць знакамітую трылогію «Палескія хронікі» і раман «Мінскі напрамак», у якім адлюстраваны мужнасць і гераізм пры вызваленні Беларусі воінаў 3-га Беларус­кага фронту на чале з легендарным камандуючым І. Д. Чарняхоўскім.
Працы нашых ветэранаў і сёння перавыдаюцца масавымі тыражамі і карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў самых розных пра­фесійных і ўзроставых катэгорый насель­ніцтва і тым самым служаць справе грамадска-патрыятычнага выхавання моладзі.26-30
Напрыканцы скажу, што свой унёсак у працяг славутых традыцый універсітэта ваенных і пасляваенных гадоў робяць сёння воіны-інтэрнацыяналісты, сярод якіх такія актыўныя выхавальнікі моладзі, як Мікалай Мікалаевіч Сурмач, Віктар Іванавіч Варабей, Уладзімір Іванавіч Панфілаў. А самымі надзейнымі і клапатлівымі памочнікамі ветэранаў вайны з’яўляюцца актывісты ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю (начальнік Аляксей Багамазаў) і камітэта БРСМ БДУ (сакратар Канстанцін Андру­севіч). У нас усіх агульная задача – фар­мі­раванне цэласнай асобы студэнта, які валодае высокімі прафесійнымі ведамі, ідэйнай перакананасцю і жыве не толькі сучасным днём, а дбае пра годную будучыню сваёй сям’і, універсітэта і Беларусі.
дацэнт Альберт КОТАЎ,
старшыня савета ветэранаў гістфака,
кіраўнік інфармацыйна-моладзевай групы камітэта БРСМ БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: