«А вы куды з сумкамі?» Менавіта такую фразу мог пачуць кожны, хто стаяў сонечнай раніцай каля шостага інтэрната. 12 красавіка самыя актыўныя, творчыя і яркія студэнты Студэнцкага гарадка БДУ «адправіліся ў космас», бо тэмай новай «школы актыву» стаў «Космас»: кожны орган студэнцкага самакіравання паўстаў у выглядзе планеты. Давайце ўспомнім, як гэта было, і, як сказаў Юрый Гагарын: «Паехалі!»
#выбары спадарожніка
Выязны семінар-практыкум «Школа студэнцкага актыву» Студэнцкага гарадка БДУ па традыцыі пачаўся з урачыстага адкрыцця і клятвы старшыняў студэнцкіх саветаў.
Настроіцца на добрую працу дапамог трэнінг на камандаўтварэнне «Шоу Рум».
Вяршыня палёту першага дня – выбары новага старшыні каардынацыйнага савета Студэнцкага гарадка БДУ. Цэлы дзень удзельнікі «школы актыву» маглі бачыць плакаты з надпісам «З Зубок усё будзе ОК!», чуць бясконцае «Галасуй за Гаморыну!» і трымаць у руках паперку «Будзь коцікам, галасуй за нашу Таню!». І гэта не проста так, бо на пасаду новага старшыні каардынацыйнага савета намінаваліся тры выдатныя лэдзі: Ганна Гаморына, старшыня студсавета інтэрната № 4, Алеся Зубок, старшыня савета па прафілактыцы, і Таццяна Лавіцкая, сябра студсавета інтэрната № 2. Пасля прадстаўлення праграм дэлегатаў на пасаду старшыні каардынацыйнага савета і прэс-канферэнцыі было адкрыта галасаванне, упэўненую перамогу ў якім атрымала Ганна Гаморына (65 % галасоў).
Вераніка Луд з наказам перадала свае паўнамоцтвы новай старшыні, а Ганна падзялілася першымі думкамі: «Шчыра спадзяюся, што ў нас атрымаецца і складзецца праца з каардынацыйным саветам, а таксама з іншымі арганізацыямі. Усё будзе проста супер!»
#парад планет
Раніца другога дня пачалася з энергічнай зарадкі, пасля якой студэнты адправіліся адкрываць для сябе «яркія зоркі». Наведванне адукацыйных трэнінгаў дапамагло студэнтам набыць новыя веды і ўдасканаліць наяўныя. Як рэагаваць на негатыў у свой бок і кантраляваць эмоцыі? «Спакой, толькі спакой!» – падказвае нам псіхалагічная служба БДУ.
Яўгенія Кашлей на форуме-тэатры «Увага – ключ да разумення» вучыла студэнтаў весці перамовы і шукаць выйсце з канфліктных сітуацый. Самае галоўнае: падчас гэтага трэнінгу кожны мог сам паспрабаваць знайсці патрэбныя словы і вырашыць праблемную сітуацыю.
Вольга Зуеўская на трэнінгу па прамоўніцкім мастацтве раскрыла таямніцы пераканаўчага маўлення і падзялілася сакрэтам паводзін лідара на сцэне, а пры дапамозе Яўгена Харука на трэнінгу «Матывацыя» студэнты навучыліся ставіць мэты і матываваць навакольных.
У гэты дзень адбылася сустрэча з рэктарам Сяргеем Абламейкам. Сяргей Уладзіміравіч займальна распавёў пра космас і першы палёт Юрыя Гагарына, адказаў на ўсе пытанні, а затым падчас круглага стала пагутарыў з лідарамі органаў самакіравання студгарадка. «Ужо, напэўна, у пяты раз за гэты навучальны год я прыязджаю ў «Брыганціну» на сустрэчу з рознымі органамі студэнцкага самакіравання БДУ. У рэктара заўсёды шмат клопатаў, але, калі гутарыш з вамі, разумееш, што гэта вельмі прыемныя і добрыя моманты майго жыцця. Сёння ў нас былі такія фармальныя і нефармальныя зносіны, такая навуковая касмічная тэма – я вельмі рады і ганаруся вамі, студэнтамі».
Крэатыўнасць і арыгінальнасць студэнты змаглі выявіць у конкурсе «Відэаагучка» і ў творчых нумарах, якія праходзілі ў рамках конкурсу «Каманда мары». Да прэзентацыі сваёй планеты кожная каманда падышла творча. Напрыклад, «Тройка» паўстала перад гледачамі ў выглядзе загадкавых жыхароў планеты «Акйёрт», «двойка» прыляцела з планеты Хорару, удзельнікі з «чацвёркі» з планеты «Kepler 452» зачыталі рэп і сабралі ўдзельнікаў «школы актыву» на сцэне, «Людзі будучыні» (інтэрнат № 10) прадставілі светлавое шоу.
Напрыканцы вельмі насычанага і яркага дня ўсе планеты сабраліся на падвядзенні вынікаў года. Самыя годныя прадстаўнікі органаў студэнцкага самакіравання былі ўзнагароджаны дыпломамі і партрэтамі.
#планета мары
Раз-два-тры-чатыры, рукі вышэй – ногі шырэй! І па традыцыі: ранішняя зарадка. Спартыўны пачатак дня плаўна перацякаў у не менш спартыўнае мерапрыемства – эстафету, перамогу ў якой атрымаў інтэрнат № 2.
Не толькі спорт, але і інтэлектуальная гульня чакала студэнтаў у трэці дзень. Пераможцам гульні стаў інтэрнат № 4.
На працягу трох касмічных дзён студсаветы інтэрнатаў змагаліся за ганаровае званне «Каманда мары». Ці існуе яна наогул? Пасля ўсіх выпрабаванняў і конкурсаў намеснік прарэктара Міхаіл Чарапеннікаў упэўнена змог сказаць: «Так!» І ў гэты раз ёй стаў студсавет інтэрната № 4.
На 72 гадзіны студэнты БДУ стварылі свой маленькі дружны касмічны свет, напоўнены эмоцыямі і шчасцем. Зараз на пытанне: «А вы куды з сумкамі?» – можна смела адказваць: «У месца, якое аб’ядноўвае…»
Лізавета ДАЙНЕКА