Дні беларускай гісторыі ўпершыню прайшлі 27–28 красавіка ў Дзяржаўным інстытуце кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ.
Усіх гасцей мерапрыемства віталі дырэктар ДІКСТ Пётр Брыгадзін і намеснік дэкана гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр Каханоўскі ў строях шляхты ВКЛ. Пасля ўрачыстага адкрыцця Дзён беларускай гісторыі пачалася анімацыйная лекцыя «10 стагоддзяў ваярскай справы на Беларусi». Студэнты, магістранты і выкладчыкі гістарычнага факультэта распавялі пра эвалюцыю ўзбраення і абмундзіравання ваяроў беларускіх земляў з X па XX стагоддзе. З удзелам касцюмаванай анімацыйнай групы, былі прадстаўлены гістарычныя прыклады варагаў, тэўтонаў, рыцараў Вялікага Княства Літоўскага, татараў, шляхты, салдат часоў напалеонаўскіх войнаў, рыштунак перыяду ампір (другая палова 19 ст.), абмундзіраванне часоў Першай сусветнай вайны. З усімі ваярамі можна было сфатаграфавацца, патрымаць у руках зброю, прымерыць элементы ваеннага абмундзіравання.
Працягнулася мерапрыемства каманднымі баталіямі ў інтэлектуальнай гульні «Гістарычная азбука». Каманды, сфарміраваныя з 10 студэнтаў кожнай спецыяльнасці, ваявалі за перамогу адчайна і самааддана. Студэнты часам так хутка адказвалі на пытанні, што вядучы нават не паспяваў
да канца зачытаць заданне. У гэтым баі не было пераможаных. Кожны ўдзельнік атрымаў у падарунак кнігу з памятным надпісам
ад гістарычнага факультэта БДУ.
Атмасферу свята дапоўніла выступленне музычнай групы «Літы талер». Размясціўшыся ва ўнутраным дворыку інстытута, музыкі ў нацыянальнай вопратцы не толькі ігралі сярэднявечную музыку на гістарычных музычных інструментах, але і далі майстар-клас па традыцыйных танцах. Гэта было вельмі займальна.
На наступны дзень у дворыку інстытута адбылася лекцыя пра тэхнікі фехтавання, тактыкі наступальнага і абарончага бою. Сябры клуба гістарычнай рэканструкцыі правялі паказальныя рыцарскія баі.
Гледачы змаглі замацаваць атрыманыя веды, пазмагаўшыся з каскадзёрамі на мяккіх мячах. Вельмі спрытна і адважна праявілі сябе дзяўчаты.
Не менш весела і цікава прайшоў майстар-клас па сярэднявечных танцах пад жывое гучанне беларускай дуды, гусляў, ірландскай базукі і іншых гістарычных інструментаў.
Усе ахвотнікі з задавальненнем прынялі ўдзел у сярэднявечных забавах, выявіўшы сваю сілу, спрыт і кемлівасць у гульні «Серсо» (кіданне кольцаў на меч) і ва ўтрыманні мяча на выцягнутай руцэ. Самыя адважныя рызыкнулі пагуляць у «Млын», дзе ўдзельнікам неабходна было зняць шапку з вядучага, які раскручвае мяшок, прывязаны за вяроўку. А завяршылася мерапрыемства канцэртам сярэднявечнай музыкі групы Hardwood.
Апроч асноўных мерапрыемстваў, удзельнікі Дзён беларускай гісторыі зладзілі дзве займальныя экскурсіі. Яны наведалі Верхні горад і плошчу Свабоды, а таксама Ракаўскае прадмесце і Петрапаўлаўскую царкву.
Наталля УСЦЮШЭНКА,
старшы выкладчык
Фота Арцём ТАРАСЕВІЧ