Упершыню БДУ прыняў удзел у Рэспубліканскай універсітэцкай субоце, арганізаванай Міністэрствам адукацыі 14 мая на пляцоўцы мінскага Палаца спорту.
На выставе-прэзентацыі БДУ можна было пазнаёміцца з сучаснымі адукацыйнымі магчымасцямі вядучай ВНУ краіны, атрымаць інфармацыю пра правілы прыёму, пачуць пра дзейнасць кожнага факультэта, яго перавагі, дасягненні і ў жывых зносінах са студэнтамі, выкладчыкамі і супрацоўнікамі БДУ, даведацца пра перспектывы працаўладкавання, а таксама паўдзельнічаць у інтэрактывах і ўбачыць гатовыя праекты студэнтаў.
Не засталася ўбаку і прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БДУ. Моладзевыя актывісты з запалам распавядалі наведнікам пра студэнцкае самакіраванне, пра побыт і вольны час і дапамагалі адчуць сапраўдны дух студэнцтва. Праз свой досвед яны распавядалі будучым абітурыентам, як рознабакова прадстаўлена студэнцкае жыццё ў БДУ і як можна рэалізоўваць свае здольнасці, ідэі і праекты.
Удзельнікі мерапрыемства сталі сведкамі спартыўных выступленняў, конкурсаў, выстаў і майстар-класаў, а таксама гледачамі гала-канцэрта рэспубліканскага фэсту мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі «Арт-вакацыі».
Карысная інфармацыя, навіны, а таксама выдатны настрой, шмат усмешак і пазітыву спадарожнічалі дадзенаму святу.
Гэты дзень запомніўся ўсім яркім і вясёлым!
Дар’я СПЯЦАНАВА
Відэа: