У 1941 г. Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту споўнілася 20 гадоў. Усе ўрачыстыя мерапрыемствы былі запланаваны на дваццатыя дні чэрвеня. Партыя і ўрад расцэньвалі гэты юбілей як свята вялікай культурнай перамогі не толькі Беларусі, але і ўсяго Савецкага Саюза.
Разам з перадсвяточнымі падрыхтоўкамі ішла падрыхтоўка да выпускных іспытаў. 22 чэрвеня 1941 г. студэнты і выкладчыкі збіраліся на ўрачыстае адкрыццё Камсамольскага возера. Але замест імпрэзы апоўдні самага доўгага дня ў годзе ўвесь горад слухаў экстранную аб’яву пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны: “Увага! Увага! Слухайце выступленне таварыша Молатава! – “…нахабны разбойніцкі напад Гітлера… вайна без абвяшчэння вайны… фашысты скінулі маску… наша справа справядлівая, перамога будзе за намі!”.
Нягледзячы на нядзельны дзень ва ўніверсітэцкім дворыку сабраліся студэнты і выкладчыкі, якія, не марудзячы ні хвіліны, вырашылі далучыцца да барацьбы з ворагам па меры сіл і магчымасцяў. Не чакаючы позваў, студэнты і выкладчыкі ішлі ў ваенкаматы, партыйныя і камсамольскія камітэты, каб запісацца ў дзейнае войска. Толькі ў першыя дні вайны ў Чырвоную Армію былі мабілізаваны 450 студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта.
Аднымі з першых у войска ўступілі: будучы рэктар БДУ І. С. Чымбрг, загадчык кафедры рускай літаратуры і навуковы сакратар Аддзялення гуманітарных навук АН БССР І. В. Гутараў, загадчык кафедры эканамічнай геаграфіі В. Я. Зудзілін, гісторык І. Ф. Лочмель, біёлаг В. А. Нісневіч, матэматык Н. В. Рыбакоў, філосаф П. В. Саевіч.
На фронт пайшоў практычна ўвесь “вогненны выпуск” 1941 г. Беларускага дзяржаўнага юрыдычнага інстытута (сёння юрыдычны факультэт БДУ).
З паказанняў сведкаў надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па рабаваннях і дазвол універсітэта нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1941–1944 гг.: “23 чэрвеня 1941 г. ля ўваходу ва ўніверсітэт ужо стаялі вартавыя, а на даху былі ўсталяваны зеніткі. Фашысты не перастаючы бамбавалі горад. Рэктар універсітэта Парфен Пятровіч Савіцкм загадаў студэнтам забраць асабістыя рэчы з інтэрната і падрыхтавацца да эвакуацыі. З-за бесперапынных налётаў студэнтаў не выпускалі з бамбасховішчаў, таму толькі а палове першай ночы яны змаглі пакінуць горад”.
“…Першы дзень вайны запомніўся мне (успаміны дацэнта кафедры заалогіі Г. В. Гладкага) як дзень страшнай катастрофы. Я быў тады студэнтам 5 курса біялагічнага факультэта. Першыя бамбёжкі горада заспелі мяне ў старым біялагічным корпусе. Я здаваў апошні дзяржаўны іспыт. Па сігнале паветранай трывогі мы спусціліся ў падвал. Пры кожным налёце варожай авіяцыі добра чуліся стрэлы зеніткі, усталяванай у нас на даху. У перапынках паміж налётамі мы сталі прабірацца на Плошчу Свабоды, дзе быў ваенкамат, і ўпершыню ўбачылі на вуліцах шмат забітых і параненых. Гэта была вельмі страшная карціна…”.
Ужо 24 чэрвеня 1941 г. Мінск уяўляў сабою велізарную паходню. Горад на тры чвэрці быў знішчаны, ацалелі толькі драўляныя ўскраіны, увесь жа цэнтр разбураны.
Фронт імкліва хутка набліжаўся да сталіцы.
Ужо праз пяць дзён пасля пачатку вайны, 27 чэрвеня, на Плошчы Перамогі высадзілася невялікая група нямецкіх салдатаў-аўтаматчыкаў, а з боку Старажоўскай вуліцы ў горад уваходзілі механізаваныя часткі варожых танкавых груп. Асноўныя нямецкія часткі ўвайшлі ў Мінск 28 чэрвеня 1941 г. каля чатырох гадзін дня.
Ужо на наступны дзень немцамі быў цалкам заняты ўніверсітэцкі гарадок!
З-за раптоўнага характару баявых дзеянняў у першыя дні вайны было немагчыма правесці эвакуацыю БДУ. Эвакуявацца паспелі толькі 620 чалавек, у тым ліку і рэктар П. П. Савіцкі.
У горадзе засталося каля 780 выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў універсітэта, многія з ях станавіліся ўдзельнікамі мінскага антыфашысцкага падполля, створанага ў першыя дні акупацыі горада нацыстамі.
Адным з закладнікаў акупаванага Мінска стаў прафесар гістарычнага факультэта, акадэмік, член-карэспандэнт АН БССР Мікалай Мікалаевіч Нікольскі. Раніцай 22 чэрвеня акадэмік пачаў пісаць артыкул, прысвечаны 20-годдзю БДУ, які яму замовіла газета “Праўда”. Якраз за гэтым заняткам яго і заспела страшная вестка пра пачатак вайны. М. М. Нікольскі знаходзіўся ў акупаваным горадзе да жніўня 1943 г. За гэты час ён напісаў манаграфію “Эцюды па гісторыі фінікійскіх супольных і земляробчых культур”, якая была выдадзена ўжо пасля вайны.Сам аўтар пісаў: “…Гэта праца надала мне сілы для таго, каб перанесці першыя, самыя цяжкія, самыя забойныя ў маральным аспекце месяцы вайны…”.
З тых працаўнікоў універсітэта, якія заставаліся, ў ліпені 1941 г. была створана група па ахове маёмасці і каштоўнасцяў універсітэта ў складзе: дацэнта Зубковіча, асістэнта Вязовіч, дацэнта Маркоўкі, дацэнта Жылінскага, асістэнта Зубрыцкага, працаўніка Цітка, Руўдаковіча, Казлова і Сіроціна.
Дадзеная група здолела захаваць нязначную частку бібліятэкі і навучальнага абсталявання, а ўсё каштоўнае, на вялікі жаль, было вывезена немцамі ў Германію.
У будынках універсітэцкага гарадка размясціліся фашысты, тут жа ў скляпах імі была створана турма, а ў двары пастаўлена шыбеніца.
У біялагічным корпусе (сёння будынак геаграфічнага факультэта БДУ) размяшчаўся спачатку штаб войска, а потым – камісар горада і вобласці Кайзер.
Медыцынскі корпус і стары корпус Інстытута народнай гаспадаркі (да сёння не захаваліся) пасля сыходу вайскоўцаў трывала занялі гестапа, СД і іншыя структуры.
У будынку фізіка-матэматычнага корпуса (сёння рэктарат БДУ), з-за добрага, якаснага абсталявання, была размешчана чыгуначная сувязь.
Пасля сыходу з горада ваенных частак улетку 1941 г. ва ўніверсітэце можна было назіраць карціну поўнага разгрому. Усё валялася на падлозе ў стаптаным, у знявечаным стане, запаганеным, пабітым, разарваным.
Але каштоўнага тут ужо нічога не было!
Найлепшыя апараты і прыборы, выпісаныя ў свой час галоўным чынам ад нямецкіх фірмаў (Мас-Калі, Цэйс, Лейц, Гугерсгоф і інш.) былі або па-варварску пераламаны, або вывезены цалкам, сотні мікраскопаў з усіх карпусоў зніклі, ці валяліся адны штатывы ад іх, без аптычных частак.
Акрамя таго, знік вялікі запас (звыш 2500 найменняў) хімічна чыстых рэактываў і шэраг хімічных калекцый. Былі разрабаваны мінералагічны, заалагічны, батанічны і глебава-геалагічны музеі ўніверсітэта, у якіх знаходзілася велізарная колькасць найкаштоўнейшых узораў-экспанатаў, якія маюць агульнарэспубліканскае значэнне.
З прыходам грамадзянскіх акупацыйных улад у верасні 1941 г. з біялагічнага корпуса сякія-такія рэшткі абсталявання былі перакінуты ў хімічны корпус (сёння Інстытут ядзерных праблем пры БДУ). Сюды ж былі звалены рэшткі абсталявання з медыцынскага корпуса і Інстытута народнай гаспадаркі, будынкі якога заняло гестапа.
Хімічны корпус тым часам уяўляў сабою велізарную звалку ўніверсітэцкага гарадка. Такім ён заставаўся з лістапада 1941 г. да вясны 1942 г., калі ён разам з біялагічным корпусам спатрэбіўся пад лазарэты. За тры дні было загадана ачысціць яго. Але наўзамен памяшкання не было прадстаўлена, таму мэблю, хімічныя сталы, шафы звалілі ў двары, пад голым небам, адкуль яны праз некаторы час зусім зніклі (відаць, спалены салдатамі, бо двор быў пад аховай вайскоўцаў і расцягнуць іх не маглі).
Абсталяванне і хімікаты звозілі ў склеп Політэхнічнага інстытута, а адтуль – на Віцебскую вуліцу. Менавіта на гэтай вуліцы ў драўляным хлеве знайшла свой апошні прыстанак маёмасць універсітэцкага гарадка ў выглядзе груды ламачча і хламу.
Фундаментальная і кафедральныя бібліятэкі, абсталяваныя разнастайнай айчыннай і замежнай навуковай літаратурай, таксама былі або разрабаваны, або знішчаны зусім. Бібліятэка завочнага сектара была выкінута з фізіка-матэматычнага корпуса наўпрост на сметнік разам з прыборамі, што і падбіралі выпадковыя мінакі. Усе ацалелыя бібліятэкі горада былі разгромлены пад кіраўніцтвам доктара Рыхеля з Франкфурта-на-Майне, дырэктара Кёнігсбергскай бібліятэкі.
А самі навукоўцы? “Нашто зараз навукоўцы, хіба толькі вуліцы падмятаць!” – так літаральна сказаў аднаму мінскаму навуковаму супрацоўніку нямецкі афіцэр. І гэта ўстаноўка строга праводзілася ў жыццё. Толькі медыцынскія працаўнікі маглі працаваць па спецыяльнасці – урачамі, а іншыя… Яны ўладкоўваліся хто як мог, але многія не хацелі працаваць на ворага …
І гэта было толькі пачатак вайны…
Універсітэт спыніў сваю дзейнасць да 15 мая 1943 г., менавіта тады СНК СССР прыняў пастанову “Пра аднаўленне працы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта”, але не ў горадзе Мінску, тут яшчэ напоўніцу ішла вайна. Новым месцам дзейнасці ўніверсітэта стала станцыя Сходня, якая знаходзілася пад Масквой. Менавіта тут пад кіраўніцтвам ранейшага рэктара БДУ П. П. Савіцкага пачаўся новы этап у гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Дар’я ПРЫГОДЗІЧ