Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут (МДЭІ) імя А. Д. Сахарава, які ўваходзіць у склад БДУ, адрозніваецца асабліва цесным супрацоўніцтвам са шматлікімі замежнымі ўніверсітэтамі, удзелам у замежных праектах і праграмах.
Свой міжнародны статус інстытут пацвердзіў яшчэ раз, выступаючы ўдзельнікам і каардынатарам праекта Tempus EcoBRU. У дырэктара МДЭІ Сяргея МАСКЕВІЧА мы даведаліся, якія сёння задачы ставіць перад сабой інстытут у пытаннях экалагічнай адукацыі і як рыхтуе студэнтаў да працы па спецыяльнасці.
– Сяргей Аляксандравіч, што такое Теmpus EcoBRU?
– Гэта навуковы праект, асноўная мэта якога заключаецца ў распрацоўцы і рэалізацыі адукацыйных праграм у сферы экалагічнай адукацыі для настаўнікаў і выкладчыкаў ВНУ Беларусі, Расіі і Украіны. З ініцыятывай арганізацыі гэтай праграмы выступілі нямецкія калегі. І вось ужо на працягу трох гадоў мы сустракаемся і абмяркоўваем прапановы па фарміраванні экалагічных кампетэнцый спецыялістаў пасродкам дыстанцыйнага навучання. Праект адзін. Праграмы розныя. На апошняй сустрэчы кожнай краінай былі прадстаўлены распрацаваныя праграмы, Беларусь разам са сваімі партнёрамі – Украінай і Расіяй – прэзентавала сваю.
Наступным крокам праекта EcoBRU стане падтрымка сістэмы мабільнасці выкладчыкаў ВНУ і настаўнікаў школ. Тут важна запусціць механізм сеткавага ўзаемадзеяння ўсіх партнёраў па праекце для эфектыўнай дзейнасці выкладчыкаў у галіне экалагічнай адукацыі.
– У чым жа сутнасць праекта EcoBRU «Экалагічная адукацыя для Беларусі, Расіі і Украіны»?
– Праект вельмі актуальны, тут многа ўдзельнікаў, таму патрабуецца доўгая і напружаная праца. Спачатку трэба было зразумець, на якім узроўні знаходзіцца экалагічная адукацыя педагогаў. Потым распрацаваць праграмы, асноўная мэта якіх – фарміраванне экалагічных кампетэнцый выкладчыкаў. І самае галоўнае – прадумаць, як яе рэалізаваць.
Ажыццяўленне пастаўленых задач магчымае праз сістэму павышэння кваліфікацыі, якая існуе, але ў дыстанцыйнай форме. Вось гэта і складае прадмет праекта, калі навукоўцы-эколагі з розных краін у межах праекта наведваюць ВНУ, знаёмяцца з прапановамі праграм па дыстанцыйным навучанні, спрабуюць зразумець, якія курсы могуць быць самымі лепшымі.
Удзельнікі праекта «Экалагічная адукацыя для Беларусі, Расіі і Украіны» пастаянна сустракаюцца. Толькі за гэты навучальны год яны чатыры разы збіраліся, абменьваліся думкамі, знаёміліся з напрацоўкамі і слухалі даклады. Сустрэчы праходзілі ў Германіі, Украіне, зараз праходзяць у Беларусі.
– Што прапанавалі сахараўскія спецыялісты?
– Для педагогаў мы распрацавалі курсы павышэння кваліфікацыі ў галіне экалагічнай адукацыі. Іх пратэсціравалі, запрасіўшы з Мінска і Мінскай вобласці настаўнікаў і выкладчыў, зацікаўленых у гэтым эксперыменце. Той, хто выкладае адпаведныя прадметы ў школе (напрыклад, біялогію), працуе ў інстытутах развіцця адукацыі, пазнаёміўся з нашымі курсамі, якія распрацавалі канкрэтна прафесары нашага інстытута.
Дарэчы, водгукі былі толькі станоўчыя. Зараз мы актыўна працуем над тым, каб гэтыя курсы дыстанцыйнага навучання сталі часткай праграм павышэння кваліфікацыі, якія праводзяць Акадэмія паслядыпломнай адукацыі і рэгіянальныя цэнтры развіцця адукацыі. Туды будуць перададзены нашы распрацоўкі, якімі яны змогуць карыстацца. І супрацоўнічаць з аўтарамі па ўдасканаленні іх курсаў. Праз гэты механізм, які пачаў працаваць па ўсёй Еўропе, сапраўды можна зрабіць вельмі і вельмі многае ў развіцці экалагічнай адукацыі, у фарміраванні экалагічных кампетэнцый.
– У Сахараўскага інстытута шмат замежных партнёраў. Ці праходзяць выкладчыкі і студэнты стажыроўку за мяжой?
– Так, нашых выкладчыкаў і студэнтаў добра ведаюць за мяжой. Бо партнёраў у нас сапраўды многа. І праграма Теmpus адна са шматлікіх. У рамках дадзенай праграмы ў інстытуце рэалізуецца таксама праект «Бяспека чалавека (ахова навакольнага асяроддзя, кантроль якасці прадуктаў харчавання, ахова здароўя, сацыяльна-прававая абарона) на тэрыторыях, пацярпелых ад радыеактыўнага забруджання». Наладжана супрацоўніцтва з рознымі краінамі: Нарвегія, Германія, ЗША, Італія, Сербія, Балгарыя, Польшча, Іспанія, Арменія, Швецыя, Іран, Індыя, Расія. Толькі што вярнуліся групы студэнтаў з універсітэта Нові Сад (Сербія) і Обнінскага інстытута атамнай энергетыкі (РФ). Зараз наступныя групы студэнтаў накіроўваюцца ў навучальныя ўстановы Балгарыі.
– Калі інстытут міжнародны, значыць, і мовы тут вывучаюцца на павышаным узроўні?
– Безумоўна. Студэнты абавязкова ў межах навучальнага працэсу вывучаюць дзве замежныя мовы: англійскую і яшчэ адну па выбары. Прычым другая мова ідзе не ў рамках нейкага факультатыва, а прапісана ў вучэбным плане. Робіцца ўсё, каб выпускнікі свабодна валодалі замежнымі мовамі.
– «Медыцынская фізіка», «медыцынская экалогія»… Гэтыя спецыяльнасці амаль экзатычныя. Дзе могуць працаваць будучыя прафесіяналы?
– Спецыяльнасць «медыцынская фізіка» ў асноўным арыентавана на працу ў медыцынскіх установах. Па дадзенай спецыяльнасці яшчэ выпуску не было. Гэту прафесію атрымаць пакуль што можна толькі ў нас. І зараз адкрываецца двухгадовая магістратура.
У апошні час вельмі хутка ўдасканальваюцца медыцынскія апараты і тэхналогіі дыягнастычнага і лячэбнага кірункаў. Выкарыстоўваецца сур’ёзная тэхніка, якая патрабуе вельмі прафесійнага абыходжання. І вельмі часта ўзнікае неабходнасць кансультацыі як для інтэрпрэтацыі нейкіх вынікаў, так і для забеспячэння эксплуатацыі ўсіх магчымасцяў сучаснай апаратуры. Для гэтага нашы студэнты вывучаюць фізіку, а таксама прадметы медыцынскага профілю.
Выпускнікі спецыяльнасці «медыцынская экалогія» патрэбны на прадпрыемствах і ва ўстановах аховы здароўя. Гэта праца ў цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі, завадскіх, вытворчых і навукова-даследчых лабараторыях, дзе нашы спецыялісты ў якасці біёлагаў-экспертаў дапамагаюць урачам выконваць біялагічныя даследаванні, займаючыся аналізам біялагічных матэрыялаў, маніторынгам навакольнага асяроддзя.
– А за мяжой такія спецыяльнасці наогул ёсць?
– Медыцынская фізіка з’явілася як спецыяльнасць у Еўропе толькі гадоў 10 таму. Апошнім часам яна атрымала распаўсюджанне і ў Расіі. Можна сказаць, што гэта адна з самых запатрабаваных спецыяльнасцяў сучаснасці і будучыні, якая звязана з вельмі хуткім развіццём тэхналогій аховы здароўя. Паняцце «ядзерная медыцына» шырока выкарыстоўваецца. Цэнтры ядзернай медыцыны ўжо працуюць у розных краінах. Сучасны цэнтр ядзернай медыцыны будуецца ў Мінску, таму ёсць рэальная запатрабаванасць фізікаў у медыцыне. Адсюль і вельмі сур’ёзнае стаўленне да гэтай спецыяльнасці.
– Бачна, што МДЭІ актыўна выступае на міжнароднай сцэне. Чым яшчэ ганарыцца інстытут?
– Нашы спецыялісты і выкладчыкі прымалі самы непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы заканадаўчых актаў і кадраў для аднаўляльнай энергетыкі, звязанай з выкарыстаннем энергіі сонца, ветру, біяэнергетыкі. У тым ліку дзякуючы нашаму інстытуту з’явіліся цэнтры экалагічнай адукацыі.
У нашай навучальнай установе заўсёды працавалі і працуюць спецыялісты, якія прафесійна займаюцца рознымі пытаннямі аховы навакольнага ассяроддзя, фарміруюць адпаведны светапогляд у грамадстве.
Гутарыла
Таццяна МОРАВА
Відэа: