Балі выпускнікоў традыцыйна прайшлі ў БДУ 23 і 24 чэрвеня.
23 чэрвеня на святочным вечары студэнтаў – грамадзян замежных дзяржаў 465 маладых спецыялістаў павіншавалі рэктар ВНУ акадэмік Сяргей Абламейка, дэканы факультэтаў, кіраўнікі пасольстваў дзяржаў, грамадзяне якіх навучаліся ў БДУ, а таксама бацькі, многія з якіх адмыслова прыехалі ў БДУ з розных краін. Акрамя ўладальнікаў дыпломаў праграмы вышэйшай адукацыі I ступені, тут таксама ўшаноўвалі замежных магістрантаў і аспірантаў. Так, дыпломы магістраў атрымалі 165 выпускнікоў і 15 аспірантаў.
Адной з галоўных падзей вечара стала ўзнагароджанне 37 выпускнікоў граматамі і значкамі з лагатыпам ВНУ за выдатную вучобу.
У гэты святочны вечар шэрагі ганаровых гасцей папоўнілі прадстаўнікі дыпламатычных місій Азербайджана і Таджыкістана. На працягу знаходжання сваіх суграмадзян у Беларусі дыпламаты ўважліва сачылі за поспехамі сваіх суайчыннікаў.
Статыстыка сярод замежных навучэнцаў БДУ выявіла самыя папулярныя ў замежнікаў факультэты ВНУ. Так, эканамічны факультэт сёлета падрыхтаваў 183 спецыялістаў, філалагічны – 96, факультэт міжнародных адносін – 85, Інстытут журналістыкі – 33, юрыдычны – 25, геаграфічны – 12 і г. д.
Працягнула імпрэзу святочная канцэртна-забаўляльная праграма. Яна ўключала віктарыну і розыгрышы, групавыя сэлфі ў фотазоне і дыскатэку. Кульмінацыяй вечара стала выступленне вядомай эстраднай спявачкі Гюнэш.
У наш час у БДУ навучаецца 2365 замежных студэнтаў з 50 краін.
24 чэрвеня адбылося свята для 600 беларускіх выпускнікоў. Сёлета дыплом БДУ атрымалі звыш 5,5 тыс. маладых людзей. З іх 3 тыс. 850 скончылі дзённае аддзяленне і 1 тыс. 862 – завочнае.
Па добрай традыцыі з вітальным словам выступіў рэктар акадэмік Сяргей Абламейка. Ва ўрачыстай атмасферы самым годным выпускнікам ён уручыў дыпломы і памятныя падарункі за адмысловыя заслугі ў навучальным, навуковым, культурным, спартыўным і грамадскім жыцці ўніверсітэта. У ліку ўзнагароджаных – 26 уладальнікаў звання «Студэнцкі лідар» і 21 – «Найлепшы выпускнік БДУ». Акрамя таго, шэсць пераможцаў конкурсу «Зорка БДУ» атрымалі ганаровыя граматы.
Адмысловы каларыт святу надаў парад дэканаў БДУ ў класічных мантыях і канфедэратках. Эстафету святочнай праграмы прынялі артысты беларускай эстрады. На сцэне актавай залы Ліцэя БДУ выпускнікоў віншавалі вядомыя эстрадныя выканаўцы Улад Чыжыкаў, Дзядзька Ваня, гурты For About From, «Скай тай».
Арганізатарамі мерапрыемстваў выступілі ўпраўленне па справах культуры і ўпраўленне міжнародных сувязяў БДУ.
Алена МАРЦУЛЕВІЧ
Яшчэ больш фота тут:
Відэа: