Май. 1976 год. Цудоўнае надвор’е. Па вуліцах Мінска крочыць грамада вясёлых, бадзёрых маладых людзей. Відавочна, што яны захопленыя нейкай сумеснай дзейнасцю, бо на іх тварах ззяюць усмешкі, іх вочы гараць. «А хто там ідзе, а хто там ідзе ў агромністай такой грамадзе?» Студэнты філфака БДУ! Яны збіраюцца ў Вязынку, на радзіму песняра Беларусі – Янкі Купалы, каб ушанаваць яго памяць, а таксама файна правесці час сярод сяброў, надыхацца духмяным паветрам і палюбавацца прыгожымі краявідамі.
Мінула шмат гадоў. Многае змянілася, але і сёння Вязынка – феерыя паэзіі, натхнення, маладосці, і так жа, як і раней, яна прыцягвае ўвагу і філолагаў, і студэнтаў іншых факультэтаў БДУ.
Вязынка штогод збірае вялікую колькасць філфакаўцаў і іх сяброў. Вось і сёлета 21 мая ў вёсачцы пад Маладзечнам стаяў вясёлы гоман. Акрамя студэнтаў філфака, мерапрыемства наведалі навучэнцы гістфака, юрфака, геафака, хімфака, ФМА, ФФСН. Удзельнікамі «Вязынкі – 2016» сталі і іх дэканы. Упершыню ў госці да філолагаў у Вязынку завіталі курсанты ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.
Свята традыцыйна пачалося з выканання студэнтамі гімна Haudeamus. Пасля на імправізаваную сцэну ля хаты Янкі Купалы выйшлі бадзёрыя вядучыя – Вікторыя Міхеенкава і Раман Бабак паведамілі, што сёлетняя Вязынка сімвалічная па многіх прычынах. Па-першае, 2016 год абвешчаны «Годам культуры» ў Беларусі. Па-другое, сёлета адзначаецца 95-годдзе з дня заснавання БДУ. Па-трэцяе, год знамянальны яшчэ і двайным юбілеем самой Вязынкі: першы злёт студэнтаў-філолагаў адбыўся на радзіме песняра ў 1976 годзе, а ў 2006 годзе адроджаная акцыя набыла статус агульнаўніверсітэцкай. Больш за тое, 100 гадоў таму Янка Купала ўзяў шлюб з Уладзіславай Станкевіч, якая стала яго вернай спадарожніцай на ўсё жыццё.
Павіталі ўдзельнікаў мерапрыемства піянеры і ветэраны «вязынкаўскага руху» старшыня міжнароднага фонду імя Янкі Купалы, вядучы купалазнаўца, прафесар Вячаслаў Рагойша і дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ Уладзімір Кароткі. Яны аддалі даніну памяці беларускаму песняру, падкрэслілі значэнне яго дзейнасці для развіцця не толькі нацыянальнай культуры, але і менталітэту беларусаў, а таксама падзяліліся ўласнымі ўспамінамі пра ранейшыя Вязынкі і пажадалі юнакам і дзяўчатам і далей прыязджаць на радзіму Янкі Купалы, каб адпачыць душой і целам.
Павітаў удзельнікаў мерапрыемства прарэктар БДУ па навуковай рабоце Васіль Сафонаў. Дэканы юрыдычнага, гістарычнага факультэтаў, факультэта міжнародных адносін і факультэта філасофіі і сацыяльных навук выказалі захапленне каларытам Вязынкі і зачыталі супольна знакаміты купалаўскі верш «Спадчына».
Распачаўся канцэрт. На сцэну выходзілі студэнты філалагічнага факультэта і прадстаўлялі свае творчыя нумары – вершы, песні. Курсанты Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі ўразілі прысутных сваім баявым мастацтвам. Сапраўдны фурор выклікалі выступленні нашых замежных сяброў. Студэнты з Туркменістана пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры англійскага мовазнаўства Марыяны Груздзіловіч выканалі беларускія народныя песні «Позірк дзявочы» і «Кацілася чорная галка». Навучэнцы з Кітая парадавалі гледачоў пранікнёным выкананнем знакамітага твора ансамбля «Песняры» – «Белавежская пушча», а таксама прадставілі танец «Удзячнае сэрца», прысвечаны Беларусі і БДУ.
Пасля канцэрта ўсе рушылі да помніка Янку Купалу, дзе адбылося ўскладанне кветак. А затым «вязынкаўцы» дружна пакрочылі на «гару Парнас», дзе іх ужо чакала насычаная праграма – турсцяжына, пенальці дэкану, валейбол і іншыя цікавосткі, а таксама смачная «каша ад рэктара».
Удзельнікі свята вярталіся дадому з новымі сіламі, узрушаныя і задаволеныя. Гэта не дзіўна, бо сама атмасфера Вязынкі прасякнута духам паэзіі, абуджае да творчасці. Маляўнічыя краявіды, у якія быў улюбёны Янка Купала, не могуць пакінуць абыякавымі маладых і натхнёных спадчыннікаў пісьменніка. Хто ведае, можа, пасля Вязынкі беларуская літаратурная скарбонка папоўніцца новымі імёнамі?..
Надзея ДЗЯМІДКА
Яшчэ больш фота тут