“Купалле пад навуковым кантролем” (+відэа)

18 Jul, 2016.

Купалье в Ботаническом саду

У наша тэхналагічнае стагоддзе, дзе ўсё пралічана і прадбачана з верагоднасцю да адной тысячнай, так часам хочацца адцягнуцца ад мітусні і пагрузіцца ў старажытныя часы, дзе чалавек і прырода існавалі як адзінае цэлае, а магія праходзіла чырвонай ніткай праз кожнае імгненне жыцця. Балазе для гэтага захаваліся дзясяткі традыцый і святаў, адным з якіх з’яўляецца ўсім вядомае Купалле, святкаванне якога прайшло ў месцы, дзе пра зліццё з прыродай ведаюць не па чутках – у Цэнтральным батанічным садзе.

Свята пачыналася павольна і ляніва: людзі, якія ўжо прывыклі да хмурнага неба, з неахвотай далучаліся да мерапрыемства, не верачы, што іх чакае нешта добрае. Але намаганнямі арганізатараў і вядучых была склікана публіка, і вось ужо з’явіўся першы карагод, які адкрыў шэраг весялосці і радасці.

Купалье в Ботаническом саду

За карагодамі ішлі конкурсы, удзел у якіх з вялікім азартам прымалі не толькі дзеці, але і дарослыя. У асноўным конкурсы былі звязаны з традыцыямі на свята Іваны Купалы: тут і варажба на нарачонага/ую, і выгнанне нячыстай сілы, і пошукі галоўнага сімвала свята – папараць-кветкі, спецыяльна «выведзенай» супрацоўнікамі Батанічнага саду да дадзенай падзеі.

Купалье в Ботаническом саду

Музычнае суправаджэнне свята забяспечвалі як ансамблі, якія выконваюць беларускую народную музыку, так і калектывы больш сучасныя і нават замежныя госці, якія разрадзілі сітуацыю заморскімі матывамі.

Купалье в Ботаническом садуДля тых, хто быў далёкі ад свята, былі арганізаваны спецыяльныя майстар-класы, дзе пад чулым кіраўніцтвам прафесіяналаў любы мог навучыцца плесці купальскі вянок, рабіць ахоўную ляльку і вывучыць магічныя ўласцівасці зёлак, адправіўшыся для гэтага на невялікую экскурсію па садзе. Для маленькіх наведнікаў быў арганізаваны спецыяльны куток, дзе яны маглі сваімі рукамі зрабіць карціну з каляровага пяску і шматлікія вырабы з паперы.

Завяршылася свята Івана Купалы традыцыйным спускам адмысловага святочнага вянка і ачышчальным купальскім вогнішчам.

Ксенія АТРАШКЕВІЧ

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: