Валанцёр – чалавек, які дабрачынна займаецца бескаштоўнай грамадска карыснай дзейнасцю. Каманда валанцёраў геаграфічнага факультэта – гэта суполка студэнтаў з дзевятнаццаці чалавек, якія першымі даведваюцца, дзе і каму патрэбна дапамога, а потым даводзяць гэту інфармацыю да свядомасці ўсіх валанцёраў факультэта. Напэўна, яны – самыя вялікасэрдныя людзі на нашым факультэце.
Валанцёры праводзяць дабрачынныя акцыі, дапамагаюць сталым людзям: як на розных мерапрыемствах, так і дома. Нельга забываць і пра тое, што студэнты-валанцёры ездзяць у СПЦ і дзіцячыя дамы, каб дапамагчы дзеткам, у жыцці якіх склалася цяжкая сітуацыя.
Арганізатарам валанцёрскага руху на факультэце з’яўляецца Валерый Сахно. Ён распавёў нам, як арганізоўваецца гэта дзейнасць на геаграфічным факультэце:
– Калі я прыйшоў у валанцёрства, у складзе каманды было ўсяго 3 чалавекі. Аб’яднаў нас канцэрт “Казкі дзяцінства” разам з дзецьмі з дзіцячага дому №5 і зоркамі краіны – Дзядзькам Ванем, Георгіем Калдуном і гуртам Litesound. Тагачасны кіраўнік – Крысціна Бенедзіктовіч – ўжо пераходзіла на 5 курс. Яна прапанавала мне ўзяць кіраўніцтва ў свае рукі. З таго часу я і пачаў займацца справамі на факультэце – набраў суполку студэнтаў, і мы пачалі актыўную дзейнасць— наведваць дзіцячыя дамы, праводзіць акцыі па збору грошай, адзення і цацак для іх. Варта адзначыць пра нашыя адносіны с дзіцячым хоспісам – 3 гады мы збіралі грошы для іх, удзельнічалі ў акцыях на камп’ютарных спаборніцтвах у Палацы спорту.
Мы папрасілі Валерыя Сахно і Юлію Антух – цяперашнюю старшыню валанцёрскага руху на геафаку – распавесці пра самы цікавы і запамінальны момант у сваім жыцці, які звязаны з валанцёрствам.
– Самы цікавы момант – гэта кожная паездка да дзяцей, – дзеліцца сваімі перажываннямі Валерый. – Калі ты бачыш усмешкі дзяцей з вельмі цяжкім лёсам, якія зрэдку знаходзяцца ў добрым стане – гэта самае добрае пачуццё ў свеце. Гэтыя некалькі гадоў, мабыць, сталі вырашаючымі для майго характару, погляду да жыцця і адносінаў да ўсіх людзей.
– Самым яскравым быў момант, калі Валера патэлефанаваў мне, каб паведаміць, што вырашыў зрабіць мяне старшынёй, – успамінае Юля Антух. – Ён сказаў, што іспыт – гэта тэлефонны званок і дамова аб сустрэчы ў дзіцячым доме. А я рыхтавалася да нечага грандыёзнага! Мяне ўразіла тое, што, калі мы прыязджаем ў дзіцячы дом, дзеткі нас запамінаюць і ўжо на ўваходзе крычаць і бягуць з абдымкамі. Мы бачым не толькі іхнія радасныя усмешкі, але і сум, калі ўжо сыходзім. Таму часам нават і не хочацца заходзіць і бачыць іх сумны погляд пры развітанні. Але яны заўсёды клічуць нас ў госці і чакаюць з нецярпеннем.
Кожны год да валанцёраў прыходзяць новыя людзі, якія хочуць займацца гэтай справай і застаюцца ў гэтай суполцы да апошняга курсу. У кожнага за гэты час з’яўляюцца новыя пачуцці і ўражанні. Валанцёры запрашаюць усіх жадаючых уступіць у іхнія шэрагі.
Цікавілася Вікторыя ГРОМАВА, Экватар