Канферэнцыя працоўнага калектыву работнікаў БДУ адбылася 15 чэрвеня. Падчас яе была аднагалосна прынята Калектыўная дамова на 2016–2019 гг. – асноўны дакумент, які рэгулюе ва ўніверсітэце стасункі паміж наймальнікам і работнікам і скіраваны на паляпшэнне ўмоў працы, абарону сацыяльных правоў і інтарэсаў нашых супрацоўнікаў. 20 чэрвеня новая калектыўная дамова падпісана рэктарам БДУ і пачала дзейнічаць. Якія змены нас чакаюць, хто і як бароніць нашы інтарэсы – гутарым са старшынёй прафсаюзнага камітэта БДУ Ігарам ВЯРЭНЧЫКАВЫМ.
– Ігар Раманавіч, што ў агульных рысах змянілася ў параўнанні з папярэднімі калектыўнымі дамовамі?
– Карэнным чынам нічога не змянілася, бо існуе пэўная стабільнасць у нашым сацыяльным партнёрстве. Яно наладжана ва ўніверсітэце даўно. Упершыню займаўся гэтым дакументам – калектыўнай дамовай, знайшоў і прагледзеў дадзеныя пагадненні ажно з 1998 года. У адпаведным артыкуле Працоўнага кодэкса вызначана, чым ёсць калектыўная дамова – гэта лакальны прававы акт, які рэгулюе сацыяльна-эканамічныя пытанні паміж работнікам і наймальнікам. Сама КД не павінна ані на ёту пагаршаць умовы працы работніка, якія вызначаны Працоўным кодэксам. Палепшыць штосьці мы можам, а пагоршыць – не. Канечне, у параўнанні з Працоўным кодэксам мы даём нашым работнікам трохі большыя, трохі шырэйшыя правы. Былі ўнесены пэўныя змены агульнага роду – напрыклад, у сувязі з павышэннем пенсійнага ўзросту давялося ўвесці фразы накшталт «за тры гады да дасягнення пенсійнага ўзросту» там, дзе раней мы проста называлі ўзрост.
Матчын дзень
Раней жанчыне, якая мае адно ці некалькі непаўналетніх дзяцей, даваўся адзін дзень у месяц з захаваннем заробку – цяпер наймальнік не мае эканамічнай магчымасці аплачваць гэты «матчын дзень», таму цяпер ён даецца жанчыне, але за свой кошт. Зноў жа, калі параўнаць з Працоўным кодэксам, то атрымліваецца, што мы ўдвая палепшылі ўмовы: для тых, хто мае трох і болей дзетак або дзяцей-інвалідаў, паводле закона даецца ледзь не дзень штотыдня (глядзі артыкул 265 ПК); для тых, хто выхоўвае двух дзяцей узростам да 16 гадоў, па кодэксе належыць гэты дзень… Мы ж вырашылі, што такі дзень можа сабе ўзяць супрацоўніца, нават калі ў яе ёсць толькі адно дзіця.
Ажаніліся? Нараджайце!
Яшчэ адзін крок наперад – адносна матэрыяльнай дапамогі супрацоўнікам у сувязі са шлюбам і нараджэннем дзіцяці. Раней мы давалі 10 базавых велічынь пры заключэнні шлюбу і столькі ж – пры нараджэнні дзіцяці. Камісія гэта абмяркоўвала, гаварылася пра тое, што матэрыяльная дапамога пры заключэнні шлюбу не зусім мэтазгодная – найчасцей гэта грошы, перапрашаю, на гулянку. А вось нараджэнне дзіцяці – зусім іншая справа, падгузнікі патрэбныя незалежна ні ад чаго… І вось як атрымалася: нараджэнне першага дзіцяці – 15 базавых велічынь, другога – 20, а трэцяга і наступных дзяцей – па 30! Да таго ж, была такая юрыдычная сітуацыя: чалавек, здараецца, і трэці раз шлюб бярэ – хіба нам шторазу даваць па 10 базавых велічынь? Ці патрабаваць даведку, што вось гэтая маладая прыгожая дзяўчына, якая да мяне прыйшла, сапраўды першы раз замуж выходзіць… Мы ад гэтага сышлі. А вось прыйдзе маці з даведкай пра нараджэнне малечы, ці тата, або і тата і мама – калі абое ў нас працуюць, мы ж абаім акажам матэрыяльную дапамогу! Так, мы больш не даём грошы на заключэнне шлюбу – але калі вы ўтварылі сям’ю, то ў вас з’явіцца дзіця, гэта ж адна ідэя, людзі для таго, і бяруць шлюб, як мне здаецца.Знаходзяцца ахвотныя пакрытыкаваць, не падумаўшы. Але нават калі на пальцах падлічыць: прыбралі 10 базавых велічынь – а дадалі 35 (калі маем на ўвазе трох дзяцей)! То бок, не пагоршылі, а палепшылі ўмовы працы.
– Але ж трэба і папраца-ваць – дзетак нарадзіць…
– Так, дзяцей трэба нараджаць, і мы будзем гэтаму ўсяляк спрыяць. Тут адно за другое чапляецца: матэрыяльнае стымуляванне нараджальнасці станоўча ўплывае на дэмаграфічную бяспеку краіны.
Вызваліць ад беганіны
Яшчэ адзін момант: была матэрыяльная дапамога ў выпадку смерці супрацоўніка 20 базавых велічынь – мы павялічылі да 30, але прыбралі пункт пра тое, што супрацоўніку па магчымасці вылучаецца аўтатранспарт і рытуальныя паслугі, бо гэта складана і фінансава, і арганізацыйна, трэба браць гарантыйны ліст, рахункі-фактуры на труну і вянок, бегаць аплачваць, і ўсё гэта ў час жалобы, калі думкі ў людзей зусім не пра тое, калі трэба над нябожчыкам паплакаць…
– Пэўную заклапочанасць супрацоўнікаў выклікала пытанне адносна бальнічных лістоў, аплата якіх нібыта планавалася толькі ад 30 дзён захворвання?
– Раней быў 21 дзень. Потым камісія прыняла рашэнне, магчыма, павялічыць да 30 дзён захворвання. Але падчас абмеркавання праекта Калектыўнай дамовы гэта пазіцыя была знята. Пагаджальная камісія правяла 7 пасяджэнняў, па 6 чалавек ад наймальніка і ад супрацоўнікаў. Гэтыя 12 чалавек празасядалі сем разоў, кожны пункт Калектыўнай дамовы быў агучаны, абмеркаваны. Напрыклад, частку, якая датычыць аховы працы, мы ў поўным аб’ёме, патрабаваным законам, выконваем.
Таксама цалкам захавалі палажэнне пра матэрыяльную дапамогу супрацоўнікам, чые дзеці атрымліваюць першую вышэйшую або сярэднеспецыяльную адукацыю. Калі штосьці было і ёсць і працуе, і на гэта ёсць грошы – пагаджаемся, пакідаем. У адваротным выпадку разглядаем, як што змяняць, прапаноўваюцца нейкія новыя пазіцыі.
Адзінадушна «за»
13 мая 2016 г. на дошцы абвестак Інтранет і на сайце прафсаюзнага камітэта БДУ быў размешчаны праект Калектыўнай дамовы. Больш за месяц ён знаходзіўся ў агульным доступе. За гэты час у прафкам звярнулася 11 структурных падраздзяленняў, не кажучы пра неафіцыйныя звароты. Фундаментальная бібліятэка, ФПМІ, хімфак, гістфак, юркаледж, студгарадок і многія іншыя звярнуліся з прапановамі ўнясення змен і дапаўненняў у праект.
З кожным прадстаўніком калектыву я асабіста сустракаўся, тлумачыў да кропачкі, па пунктах, што дзе і на якім заканадаўчым узроўні замацавана. Збіраў прапановы з абгрунтаваннямі, потым запрашаў старшыняў прафбюро, якія далей вялі абмеркаванне ў сваіх калектывах, потым усе слушныя прапановы выносіліся на камісію. Па выніках 7 чэрвеня быў вывешаны ў агульны доступ праект Калектыўнай дамовы са зменамі і дапаўненнямі. Адпраўлялі нашу Калектыўную дамову на экспертызу ў ЦК галіновага прафсаюза (Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі). Там кожны раздзел глядзеў свой спецыяліст, мне дасылалі заўвагі і ўдакладненні. Сама канферэнцыя прайшла дастаткова хутка, арганізавана, не было ніякіх пытанняў – таму што папярэдне была праведзена каласальная работа. Гэта як Алімпійскія гульні, калі Антон Кушнір (алімпійскі чэмпіён Сочы–2014 па фрыстайле. – Заўв. рэд.) робіць скачок і – гоп! – чэмпіён. Хіба ж ён за паўтары хвіліны выступу стаў алімпійскім чэмпіёнам? Гэта катаржная праца некалькіх гадоў, а то й дзесяцігоддзяў. Вось і мы папрацавалі, спярша над праектам Калектыўнай дамовы, потым над зменамі і дапаўненнямі. Абмяркоўвалі і на калідоры, і ва ўніверсітэцкім дворыку, ды я ў метро даваў кансультацыі па Калектыўнай дамове! Бывала, едзем разам з працы, пытаюцца, слухай, а як там тое ці сёе… Месяц гэта ўсё абмяркоўвалі, мазалі сабе на языках нацёрлі – таму і канферэнцыя працоўнага калектыву прайшла арганізавана, бо калектыў «жалезна» адчуў клопат з боку наймальніка, пабачыў, што яна дакументальна аформлена, усё ўсім растлумачана – таму ўсе адзінадушна прагаласавалі «за». Канечне, ёсць частка людзей незадаволеных – але яны, здаецца, нічым ніколі не будуць задаволены, бываюць такія…
Штодзённы клопат
– Цяпер, калі дамова падпісана і асновы работы на найбліжэйшыя тры гады закладзены, можна адпачыць?
– Катэгарычна не. Паводле закона мы павінны перыядычна заслухоўваць наймальніка, вытворчую камісію пра выкананне калектыўнай дамовы, высвятляць, як працуе тая ці іншая пазіцыя на практыцы. Усялякія надбаўкі, прэміі, матэрыяльная дапамога павінны ўзгадняцца з калектывам, а ад імя калектыву выступае прафкам. І калектыў у нас будзь здароў які, кожны дзень да мяне прыходзяць. Хтосьці падпісвае матэрыяльную дапамогу, на жаль, на пахаванне, а хтосьці, да радасці, на нараджэнне. Адзін, на бяду, доўга прахварэў, а іншы, на шчасце, паступіў вучыцца, усім трэба дапамагчы. Вось летні сямейны адпачынак у «Брыганціне» – гэта разавая акцыя. Зрабілі загад, праінфармавалі супрацоўнікаў, размеркавалі пуцёўкі, людзі ў жніўні адпачнуць, зробім падлікі (колькі прафсаюз аплаціць, колькі наймальнік) – і да наступнага красавіка гэты кірунак адкладзём. А Калектыўная дамова дзень пры дні працуе.
– Штодзень трэба камусьці дапамагчы, аздаравіць, дом пабудаваць… Якое Ваша бачанне ролі прафсаюза ва ўніверсітэце?
– У прафсаюза шмат кірункаў дзейнасці, і я, як старшыня, магу толькі хваліць і хваліць сваю арганізацыю. Адзначу толькі, што далёка за 80% супрацоўнікаў універсітэта з’яўляюцца чальцамі прафсаюза. Па комплексе БДУ гэта больш за 6 тысяч чалавек. Па ўсёй краіне прафсаюзы – самая масавая грамадская арганізацыя. Прэзідэнт падтрымлівае прафсаюзы, сустракаецца са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусi Міхаілам Ордам, у СМІ дадзеная тэма часта асвятляецца. Прафсаюз – гэта сіла падтрымкі народа, дзяржавы.
Нітка да ніткі – беднаму світка
– Бадай, многае засталося ў спадчыну ад савецкай эпохі? Ці не мае тут месца пэўная фармальнасць: уступаеш у прафсаюз, атрымліваеш білет – і забываешся, куды і нашто ўступіў?
– Не. Вось вы прыйшлі на работу ва ўніверсітэт, напісалі заяву – прашу лічыць мяне чальцом прафсаюза і ўтрымліваць з майго заробку 1%. І больш вы да нас не прыходзіце. Але гэта не значыць, што вы не ўдзельнічаеце. Пад кожнай капейчынай прафсаюза ёсць прозвішча чалавека, які зрабіў унёсак. Вось, да прыкладу, у гэтым годзе датацыі на адпачынак у «Брыганціне» складаюць 886 тыс. Калі б вы і ваша непаўналетняе дзіця захацелі паехаць, то мы вам даём 1 млн 772 тысячы. Па нашых звестках, сярэдні заробак па комплексе БДУ складае 7 млн, адпаведна сярэдні ўнёсак – 840 тыс на год. Ці вось дзеткам з «сацыяльных» сем’яў вылучаем матэрыяльную дапамогу, калі яны ідуць у першы клас. А яшчэ дзіцячы падарунак даём, арганізоўваем ранішнікі. Гэта ўсё далёка за межамі тых грошай, якія чалавек плаціць. І дапаўняе розніцу ваш калега – той чалавек, які з году ў год спраўна плаціць прафсаюзныя ўнёскі і нейкі час не бярэ. Дарэчы, вось ніколі не задумваўся, а ў мяне ж былі добрыя заробкі, працаваў дырэктарам юрыдычнага каледжа 15 гадоў, і ўсё плаціў унёскі… А цяпер пабачыў канкрэтных людзей, якім і мая капейчына прыдалася – так цудоўна!
Вось мы арганізавалі практычны семінар мамолага-гінеколага – запрасілі выбітнага ўрача, доктара навук і прафесара, анколага-мамолага Л. Путырскага, які праверыў больш за 400 жанчын. Трэба было кожную запісаць, сазваніцца, за кожную плацілі 200 тыс., абсталявалі адмысловы кабінет, арганізоўвалі для дактароў каву-гарбату… Было выяўлена 7 анкалагічных захворванняў. Спярша я спакойна да гэтага паставіўся, а потым у прафкам завітала адна кабета, у дзвярах пакланілася і дзякуй сказала. Як мне спецыялісты патлумачылі, у гэтай галіне ранняе выяўленне такіх захворванняў азначае амаль стопрацэнтнае выздараўленне. Тады прыйшло ўсведамленне, што мы камусьці жыццё выратавалі. Ат! Нашто мне далей нейкія справаздачы рабіць?
Дык вось, калі хто ўступіў у прафсаюз, але не мае часу ўдзельнічаць у сходах, сачыць за дзейнасцю арганізацыі – гэта не значыць, што такі чалавек «фармальны». Кожны дапамагае.
Гутарыла
Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ
Калектыўную дамову на 2016–2019 гг. глядзіце тут