Дачка суседзяў не паступіла ва ўніверсітэт — не хапіла балаў. Сядзяць цяпер усёй сям’ёй кожны вечар і… не, не будуюць планы, куды маладой здаровай дзяўчыне ўладкавацца працаваць ці якую прафесію атрымаць, — гаруюць. Лічаць сямейны бюджэт, рыхтуюцца эканоміць, бацька, выкладчык каледжа, успамінае студэнцкае мінулае і падумвае, ці не пайсці куды грузчыкам падпрацоўваць… Бо вырашылі, што гэты год іхняя Ганначка пасядзіць дома, рыхтуючыся да чарговага штурму факультэта міжнародных адносін (і ніякага іншага!), а калі раптам зноў не атрымаецца, дык за год ужо збяруцца грошы, каб забяспечыць ёй навучанне хаця б на платным аддзяленні таго жаданага факультэта. Бо нікім іншым як дыпламатам Ганна сябе не бачыць, а бацькі ж не будуць таптаць мару адзінай любімай дачушкі.
Ганна актыўна «рыхтуецца». Спіць да абеду, з’ядае сняданак, які маці, сыходзячы на работу, ставіць пад дзве падушкі, каб не астыў, садзіцца за камп’ютар, за якім і праводзіць увесь астатні дзень. Увечары, гадзін у дзевяць, мы з ёй часта сустракаемся — я вяртаюся з работы, а яна якраз выходзіць са сваёй кватэры: каля пад’езда ўжо чакае кампанія моладзі. Яны будуць «галівудзіць» недзе да ночы, а раніцай бацькі будуць хадзіць на пальчыках і размаўляць шэптам, каб іхняя стомленая прынцэса выспалася. Увечары маці, прыйшоўшы з работы, перамые гару нямытага посуду, які «прынцэса» назбірала за дзень, будзе варыць на заўтра абед, пыласосіць кватэру. Бацька пасля работы згайсае на лецішча, прывязе «прынцэсе» сумкі вітамінаў. Яны, наіўныя, шчыра вераць, што калісьці іх Анюта, вывучыўшыся іх стараннямі і зрабіўшы ашаламляльную кар’еру, забяспечыць ім бесклапотную сытую старасць…
І мая маладзенькая суседка — зусім не адзінкавы прыклад. Як расказала нядаўна яе маці, у ганнінай кампаніі толькі пару чалавек паступілі вучыцца або пайшлі працаваць (напрыклад, падвучыўшыся, касірамі ў супермаркет насупраць — там пастаянна нехта «патрабуецца»). «Ну, гэта тыя, у каго бацькі мала зарабляюць, у іх іншага выйсця няма», — паблажліва разважала суседка.
Большасць жа няспраўджаных студэнтаў малітвамі і намаганнямі бацькоў «рыхтуюцца паступаць на наступны год».
Што з гэтага атрымаецца пасля? Канешне, хтосьці сапраўды здзейсніць сваю мару, будзе старанна вучыцца, атрымае жаданую прафесію, добра ўладкуецца ў жыцці на радасць бацькам. Гэта ў ідэале. А больш верагодна будзе так: платнае навучанне (якое ні да чога не абавязвае: цябе не пазбавяць стыпендыі за дрэнныя адзнакі), свабодны дыплом (які дае не толькі шырокія магчымасці працаўладкавання, але і выдатнае тлумачэнне, калі работа раптам «не знаходзіцца»). У выніку — дваццаціпяцігадовае «дзіця» сядзіць дома (шукае работу —«падыходзячы варыянт»), гуляе да раніцы, спіць да абеду, ранкам бацькі ходзяць на пальчыках, а пад дзвюма падушкамі томіцца сняданак (каб не астыў). Нічога новага. Усе ўжо прывыклі, пэўна, так яно і трэба.
Я ведаю аднаго такога «Ілью Мурамца», вельмі неблагога хлопца. Паступіў на платны факультэт, на праграміста. Грошай у бацькоў, каб заплаціць за вучобу, не было, і бацька паехаў на заробкі ў Расію, ажно на Чукотку. Так і ездзіў, пакуль сын вучыўся. Ездзіць і дагэтуль, хоць нашчадак тры гады як закончыў універсітэт. Бо дыпламаваны праграміст не можа знайсці работу: там не яго профіль, там — патрэбен стаж работы, там — мала плацяць, там — не так на яго паглядзелі. А навошта хвалявацца і напружвацца: дах над галавой ёсць, паесці клапатлівая маці наварыць. Спатрэбяцца новыя джынсы — злепіць каму праграму на заказ — купіць (галава ж варыць нядрэнна). Тры з паловай тысячы сярэдняя зарплата ў сферы ІТ? Ён па-за гэтай статыстыкай. Яму столькі не трэба. А падатак на ўтрыманства заплаціць бацька, прыехаўшы з чарговай камандзіроўкі…
Нядаўна з вуснаў кіраўніка дзяржавы прагучала: не зарабляць у краіне можа толькі лянівы. Але праблема ў тым, што сёння бацькоўская апека і неблагі дабрабыт нярэдка гэтых самых лянівых і культывуюць. І ніякія меры ні на якім узроўні не дапамогуць. Пакуль самі сабе не прызнаемся, што, аберагаючы дзяцей ад фізічнай працы, не цікавячыся не толькі кім яны хочуць быць, а тым — наколькі яны здольныя быць тымі, кім хочуць, мы гадуем тых самых патэнцыяльных гультаёў. Якія не будуць зарабляць ні для краіны, ні нават для саміх сябе. І тут справа не ў наяўнасці або адсутнасці сістэмы прафарыентацыі ў той жа школе. Штосьці незаўважна «перашчоўкнула» ў сістэме выхавання менавіта ў сям’і. Нікога не здзіўляе, што дарослыя дзеткі сядзяць на шыі ў бацькоў «у пошуку сябе», нідзе не працуючы, або праз пень-калоду вучацца на платных аддзяленнях, не робячы ні кроку, ні паўкроку, каб перавесціся на бюджэт, не кажучы ўжо пра тое, каб паспрабаваць зарабіць якую капейчыну, — гэта лічыцца нармальным. І ніяк не караецца нават фінансава — у гэтых дзетак і адзежа, і гаджэты ледзь не апошніх мадэляў — бацькі са скуры гатовыя вылузнуцца, каб было не горш чым у людзей. Не разумеючы, што тым самым штурхаюць тых, дзеля каго гатовы і жыццё аддаць, у балота гультайства і бяздзеяння, якое зацягвае нават самых лепшых.
Выбрацца з гэтай дрыгвы цяжка, патрэбны сіла волі і мэта, а адкуль і тое, і другое возьмуцца, калі тата з мамай нават не далі пакаштаваць, што гэта такое…
Учора Ганна бацькам заявіла: маўляў, можа, дыпламатыя — гэта не маё. Пайду я лепш у актрысы. Раззлаваны бацька прапанаваў ёй адточваць майстэрства ўжо зараз — паспрабаваць сябе ў ролі дворніка. Скандал у суседзяў быў яшчэ той. Суседка пасля да мяне прыходзіла: цікавілася, можа, яшчэ ў якія каледжы прыём не скончыўся. Здаецца, ужо нідзе набору няма. Позна спахапіліся. Хаця… Можа, сама што ні ёсць своечасова.
Алена ЛЯЎКОВІЧ, “Звязда”