Калектыў прадэманстраваў перад замежным гледачом 10 танцавальных нумароў. На працягу двух месяцаў хлопцы і дзяўчаты старанна рыхтаваліся да паездкі. Турне доўжылася два тыдні. Сваімі ўражаннямі падзяліліся ўдзельнікі калектыву Вераніка КАЛАЎР і Іван КАЎЧЭНКА.
-Які ў вас быў распарадак дня?
Іван: Зранку арганізатары аб’яўляюць праграму на дзень. Потым ідзе падрыхтоўка рэквізіту. У хлопцаў было пяць касцюмаў, а ў дзяўчынак — сем. Усё гэта трэба нагладзіць, развесіць і злажыць у аўтобус. Дарога часам займала тры – тры з паловай гадзіны.
Вераніка: У Босніі мы жылі ў трохзоркавым гатэлі, а ў Германіі ў аграсядзібе. Кожная краіна-ўдзельніца размяшчалася асобна ад іншых. У першым і ў другім выпадку нам забяспечвалі трохразовае харчаванне. Для гатавання ежы звычайна браліся класічныя прадукты: курыца, гародніна, рыс.
-Ці былі пэўныя мерапрыемствы для наладжвання камунікацый ?
Вераніка: У Зюсане (Германія) мы праводзілі танцавальны майстар-клас у адным з дзіцячых садкоў. Маленькім выхаванцам мы паказвалі простыя фізічныя практыкаванні, а яны з радасцю за намі паўтаралі іх.
Іван: У Германіі арганізатары адвялі адзін дзень для наладжвання сяброўскіх адносінаў паміж удзельнікамі фестывалю. Так, для нас зладзілі міні-алімпіяду, у якой, дарэчы, беларусы ўзялі першынства. А вечарам мы пяклі на вогнішчы сасіскі з хлебам. Гэта гастранамічная адметнасць немцаў, спажываць хлеб, нашпігаваны духмянымі прыправамі. Смачнааа…
-Як вас сустракалі гледачы?
Вераніка: І ў Германіі, і ў Босніі заўсёды былі поўныя залы. Да нас падыходзілі беларускія эмігранты, пыталіся пра радзіму, запрашалі ў госці. Пасля кожнага нумара стаяў гул ад апладысментаў, людзі вельмі ўдзячна ставіліся да нас.
Іван: У Германіі, калі мы часам штосьці не паспявалі, арганізатары на асабістых аўтамабілях дастаўлялі нас на аб’ект . Было прыемна такое паважлівае стаўленне.
Іван: У Зюсане (Германія) нам выпала пабываць на Свяце горада. Мы нават паўдзельнічалі ў адным займальным конкурсе, які называўся «Танец пеўня». З усіх танцавальных калектываў выбіраліся дзве пары. Удзельнікі пад музыку паволі рухаюцца па кругу, пакуль вядучы не пакліча адну з іх. Тая пара, якую назваў вядучы, павінна станцаваць вальс. Што адметна, кожная краіна выконвае яго па-свойму. Па сярэдзіне пляцоўкі стаіць слуп, а на ім клетка з пеўнем. Ад слупа адходзіць невялічкае жэрдка, да якога прымацавана прылада з шклянкай вады. Хлопец павінен пад час танца так падняць дзяўчыну, каб яна галавой збіла шклянку, але сама не аблілася. Дарэчы, адлегласць ад зямлі да жэрдкі каля трох метраў. У другім раўндзе наадварот дзяўчына паднімае хлопца. У гэтым конкурсе мы занялі другое месца.
Вераніка: У Мастары (Боснія і Герцагавіна) пад час экскурсіі нам паказвалі старадаўні мост, пабудаваны яшчэ ў трынаццатым стагоддзі. Жудасна было бачыць, як баснійцы кідаліся дзеля забавы ў раку Нерэтву з цэнтра маста. Гэта ж такая адлегласць, каля 30 метраў і вада, як нам сказалі, там вельмі халодная. Бррр…(здрыганулася).
-Ці падтрымліваеце зараз сувязь з новымі знаёмымі?
Вераніка: Так, многія з нас потым сябруюць у Facebook. Языкавога бар’еру няма, карыстаемся англійскай мовай. Наогул, вельмі цікава мець зносіны з рознымі людзьмі, пазнаваць іх погляды і густы.
Алёна ЯКАВЕНКА
Відэа: