4 верасня Мінск святкаваў свой 949 дзень нараджэння. Па ўсёй сталіцы адбываліся святкаванні і гулянні. Не застаўся безуважным і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
У парку імя М. Паўлава ў рамках Дня горада правялі мерапрыемства “Квітней, мой Мінск, мая сталіца!”, якое наведала больш за 7 тысяч чалавек. У ім прынялі ўдзел студэнты і супрацоўнікі БДУ. Гасцей у парку віталі мімы творчай студыі “МIM-BSU”. Яны прапанавалі намаляваць усім ахвотнікам фэйс-арт. На вачах усмешлівых бацькоў маленькія хлопчыкі і дзяўчаты станавіліся мышкамі і ліскамі, каткамі і сабачкамі, ваўкамі і мядзведзямі. Дзякуючы студэнтам, ніводны ахвотнік не застаўся без яркага малюнка.
Псіхалагічная служба БДУ ветліва сустракала гасцей і прапанавала ім прайсці тэсты для вызначэння характару. Яна дапамагала разабрацца ў тыпе тэмпераменту і асобы. А таксама дапамагла зразумець, якія прафесіі ім падыдуць у будучыні.
Сапраўдную міні-лабараторыю разгарнулі ў парку імя Паўлава студэнты фізічнага факультэта. З дапамогай адмысловых прыбораў яны тлумачылі і паказвалі, як дзейнічаюць законы фізікі ў рэальным жыцці. А іскрынкай іх праграмы была падрыхтоўка марожанага проста на вачах у гледачоў.
З дапамогай звычайных прадуктаў харчавання і вадкага азоту (а магчыма і кроплі магіі) студэнты ў лічаныя хвіліны прыгатавалі марожанае і пачаставалі ім гасцей свята. Юных мінчукоў вельмі ўразілі эксперыменты ад студэнтаў. Яны актыўна распытвалі пра вучобу ва ўніверсітэце і цікавіліся прахаднымі баламі на фізічны факультэт.
Самымі цікаўнымі і актыўнымі ўдзельнікамі свята былі дзеці і падлеткі. Магчыма, праз шмат гадоў хтосьці з гэтых дзяцей сам стане студэнтам БДУ – найлепшага ўніверсітэта краіны.
Дар’я КОЎЗА
Відэа: